
— Разуменне таго, што я беларус, у мяне пайшло з мовы. Спачатку ў мяне была класная кіраўніца, якая выкладала беларускую мову, і гэтая класная мне падабалася. Потым, як высветлілася, некаторыя выкладчыкі марылі выкладаць па-беларуску. Потым я стаў рыхтавацца да тэставання. Тры гады хадзіў, шукаў беларускамоўны асяродак.
Спачатку хацелася нечага асаблівага. Чагосьці, што зробіць мяне не падобным да іншых. І гэтая непадобнасць выказвалася толькі ў тым, што я размаўляў з сябрамі па-беларуску. Я думаў, што адзін такі, што вакол няма нікога, з кім можна так паразмаўляць. І пасля адной з вандровак, калі выязджалі куды-небудзь на электрычцы на выходныя, адна з сябровак з нейкага сходу прынесла мне кантакты Ташы, адзінага чалавека, які размаўляў па-беларуску. Так я трапіў у МГА “Гісторыка”. А пачынаючы з “Гісторыкі” я стаў цікавіцца ўсім, што звязана з Беларуссю. Калі трапіў у студэнцкую суполку “Этна”, мяне сталі цікавіць найперш традыцыі. З імі ўпершыню з’ездзіў на сапраўднае Купалле на возера Чарсцвяты.
Я толькі некалькі разоў выязджаў за межы Беларусі, і заўсёды ўзнікала такое адчуванне, што нечага хочацца. А хацелася назад. Вельмі адчуваецца, што там, за мяжой, усё неяк па-іншаму.
Мне вельмі падабаецца нашая прырода, нашыя азёры. Я вельмі люблю вандраваць. Мне падабаюцца традыцыі, і таму мяне цягне на вёску. У перспектыве я б хацеў там жыць. Быць беларусам для мяне азначае размаўляць па-беларуску, ведаць сваю гісторыю, трымацца традыцыяў.
Мае родныя па сённяшні дзень не вельмі добра ставяцца да маёй беларускай гаворкі. Але, хоць яны і кажуць, каб я размаўляў па-людску, самі гавораць на добрай трасянцы.
Кірыла С., студэнт