Беларускі горад Клімавічы часам называюць усходнебеларускім Эльдарада. Такое жартаўлівае найменне з’явілася з-за адметнага герба горада — залатой пчалы на сінім фоне. Гэты гарадскі сімвал быў нададзены Клімавічам у 1781 годзе, калі ўсходняя частка Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі. Аднак герб палюбіўся гараджанам, нездарма ў Клімавічах штогод праходзіць фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Некаторыя ведаюць Клімавічы па нядрэнных алкагольных напоях, якія робяць на мясцовым лікёра-гарэлачным заводзе. Але ў першую чаргу па гэтым некалі павятовым цэнтры можна пагуляць з цікавасцю, бо ў ім ёсць свае адметныя мясціны і славутасці, а таксама ўласная атмасфера і багатая гісторыя.
Пярліна горада — сядзібны дом Мяшчэрскіх
Знаёмства з Клімавічамі лепш за ўсё пачаць з даволі цікавага будынка для нашай краіны — асабняка князёў Мяшчэрскіх. У самым цэнтры горада можна ўбачыць прыгожы будынак незвычайнай формы, што вылучаецца вытанчанай разьбой. Сядзібны дом князёў Мяшчэрскіх быў пабудаваны ў 1867 годзе ў псеўдарускім стылі і з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя. Размешчаны ён на адной з цэнтральных вуліц Клімавіч, што мае тыповую назву для беларускіх гарадоў — Савецкая.
Драўляны, аднапавярховы, амаль квадратны ў плане будынак з прыбудовай у паўднёва-заходняй частцы. Кампазіцыя галоўнага фасада трохчасткавая. У асабняку да Кастрычніцкай рэвалюцыі жыла з сям’ёй Марыя Мікалаеўна з Мяшчэрскіх — жонка апошняга клімавіцкага павятовага маршалка Мікалая.
Сядзібны дом Мяшчэрскіх, пабудаваны ў 1867 годзе. Крыніца — wikipedia.org
Да нядаўняга часу тут знаходзілася добрая экспазіцыя Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея. Але, на жаль, з-за аварыйнага стану будынак паставілі на кансервацыю, а музейная экспазіцыя часткова пераехала ў суседні аграгарадок Ціманава — у мясцовы дом культуры. Дарэчы, дом Мяшчэрскіх унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Некалькі год таму каля дома-музея з’явілася скульптура княжны Марыі Мяшчэрскай. Зрабіў яе беларускі скульптар і ўраджэнец Клімавіч Леанід Ячнеў. Аўтар выявіў княжну рамантычнай асобай, якая сядзіць на лаўцы і трымае на каленях кнігу. Дарэчы, скульптура міфічнай княжны, фотаздымка якой у рэальнасці нават не захавалася, дужа папулярная ў турыстаў і мясцовых жыхароў. З дамай на лаўцы вельмі часта фатаграфуюцца, актыўна рэкламуючы ў сацыяльных сетках лакацыю побач з музеем.
Скульптура маладой княжны Мяшчэрскай каля архітэктурнага помніка ХІХ стагоддзя. Крыніца — fotobrodilki.by
Паменшаныя копіі статуй з выспы Пасхі і бальшавіцкі ідал
Працягваючы рушыць па вуліцы Савецкай, можна пабачыць традыцыйную скульптуру Леніна. Стаіць яна насупраць будынка з калонамі ў стылі савецкага ампіру — раённага Цэнтра культуры. Адметнасць у тым, што скульптуру паставілі ўжо ў 1990-х гадах. Так сталася таму, што папярэднюю, бронзавую, скралі. Адзначым, што колішні бронзавы Ленін быў работы знакамітага беларускага скульптара яўрэйскага паходжання Заіра Азгура.
Ільіч постсавецкі. Выгляд звычайны, час устаноўкі нетыповы. Крыніца — wikimapia.org
Але не варта засяроджвацца шмат на бальшавіцкім правадыры, бо на рагу вуліц Ленінскай і Савецкай можна ўбачыць тры паменшаныя копіі статуй з вострава Пасхі, што завуцца мааі. Гэтыя скульптуркі вытыркаюцца з зямлі толькі на сантыметраў трыццаць і хаваюцца сярод галінак туй. Выглядае нейкім прыхаваным сімвалізмам размяшчэнне на адной вуліцы бальшавіцкага ідала і статуй, што вельмі нагадваюць мааі з далёкага Рапа-Нуі, якія адлюстроўвалі рэлігійныя погляды насельніцтва далёкай ціхаакеанскай выспы.
Маленькія скульптуркі, падобныя да мааі з вострава Пасхі. Здымак аўтара
Гарадская забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, цэнтральны парк і рэчка
У цэнтры Клімавіч захавалася гарадская забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэта шэраг цагляных будынкаў, пафарбаваных у розныя колеры. Сярод іх вылучаецца гасцінны дом канца ХІХ стагоддзя. Зараз ён пустуе і знаходзіцца ў стане кансервацыі. Яшчэ адносна нядаўна ў ім месціўся раённы ваенкамат.
Будынак колішняга гасціннага дома канца ХІХ стагоддзя з нестандартным фасадам. Крыніца — yandex.ru/maps/org
Бясспрэчнай славутасцю з’яўляецца і будынак Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якім за часамі Расійскай імперыі знаходзілася земская ўправа. Гэты драўляны будынак на цагляным падмурку часта прыцягвае ўвагу турыстаў з-за сваёй адметнай архітэктуры.
Цяперашні выгляд будынка земскай управы канца ХІХ стагоддзя. Крыніца — zviazda.by
Побач знаходзіцца гарадскі парк, тут і праходзіць штогадовы фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». Парк быў закладзены ў другой палове ХІХ стагоддзя, і дагэтуль яшчэ захаваліся некаторыя дрэвы з тых часоў. Некалі гэта быў бульвар, які з цягам часу трансфармаваўся ў парк са стандартнымі савецкімі помнікамі. У ім знаходзіцца помнік воіну-вызваліцелю, пафарбаваны ў бронзавы колер, алея Герояў у памяць аб ваенных падзеях 1941–1945 гадоў, самалёт Су-9 як напамін пра тое, што ў Клімавіцкім раёне размяшчалася эскадрылля 28-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка.
Самалёт Су-9 у гарадскім парку Клімавіч. Крыніца — tuda-suda.by
Між іншым у парку яшчэ да 1960-х гадоў стаяла царква Іаана Прадцечы, якую пасля разбурылі. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ад царквы ішоў падземны ход да месца сённяшняй рэдакцыі раённай газеты «Родная ніва», дзе некалі спачатку быў манастыр, а пасля турма. На месцы царквы цяпер мемарыяльны комплекс.
Акрамя помнікаў у парку можна ўбачыць шмат малых архітэктурных формаў: ліхтары «Ён» і «Яна», арыгінальную драўляную елку, скульптуры жывёл і іншае.
Малая архітэктурная форма ў гарадскім парку горада. Крыніца — fotobel.by
Ад парку варта накіравацца да рэчкі Калініца. Блізка да цэнтра горада знаходзіцца шырокі загачаны ўчастак ракі, дзе можна пагуляць, адпачыць і палюбавацца пейзажамі.
Прыродныя краявіды і від на раку Калініцу ў цэнтры Клімавіч. Крыніца — wikipedia.org
Яўрэйскія могілкі і помнік ахвярам Халакосту
Важным і цікавым месцам для разумення мінуўшчыны Клімавіч з’яўляюцца яўрэйскія могілкі. Яны знаходзяцца ў межах горада ў трохкутніку вуліц Карла Маркса, Пралетарская і Камсамольская.
Цяперашні раённы цэнтр Клімавічы быў некалі яўрэйскім мястэчкам, дзе палова насельніцтва была іўдзеямі. Адпаведна, у горадзе была моцная яўрэйская абшчына з уласнымі ўстановамі адукацыі, крамамі і сінагогамі. Клімавічы былі адным з прыкметных цэнтраў хасідызму, хаця не менш уплывовымі ў горадзе былі і ідэйныя праціўнікі хасідаў — прыхільнікі міснагедаўскага кірунку іўдаізму.
Паводле перапісу 1939 года, у Клімавічах пражывала 1693 яўрэі, агульная ж колькасць жыхароў была 9551. Падчас акупацыі горада войскамі Трэцяга рэйха большая частка яўрэйскага насельніцтва была знішчаная, уратавацца змаглі нямногія.
У 2018 годзе дзякуючы фонду імя Саймана Марка Лазаруса з Вялікабрытаніі на могілках быў усталяваны гранітны манумент у памяць пра ахвяр Халакосту з надпісам на беларускай, англійскай і іўрыце.
Мармуровы помнік ахвярам Халакосту на яўрэйскіх могілках у Клімавічах. Крыніца — club.berkovich-zametki.com
На могілках знаходзяцца амаль чатырыста мацэваў, пятая частка з якіх пашкоджана. Старая частка могілак змяшчае больш за 200 надмагілляў, новая — больш за 150. Шмат захавалася каменных надмагілляў пачатку ХХ ст. Як правіла, усе яны ўяўляюць сабой валуны, на адным з бакоў якіх выбітая кароткая эпітафія — імя нябожчыка, імя бацькі і дата смерці. Адзначым, што надмагіллі ў Клімавічах амаль не маюць арнаменту ці іншых упрыгажэнняў.
Яўрэйскія могілкі ў Клімавічах дзейнічаюць і да сёння.
Надмагільныя помнікі яўрэйскіх могілак. Крыніца — russiantowns.livejournal.com
Дзякуючы намаганням мясцовай яўрэйскай абшчыны ў 2017 годзе гарадскія ўлады Клімавіч паставілі могілкі на ўлік у камунальны аддзел райвыканкама і падтрымліваюць на іх парадак. У 2021 годзе была праведзена каталагізацыя могілак пад кіраўніцтвам Магілёўскай яўрэйскай абшчыны.
Свята-Міхайлаўская царква, старая брама, каменны крыж і каменнае надмагілле
Яшчэ адной славутасцю Клімавіч з’яўляецца Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм, пабудаваны ў 1848 годзе. Знаходзіцца ён у цэнтры горада, на гістарычным Рынку. Помнік архітэктуры позняга класіцызму, хоць некаторыя спецыялісты заўважаюць у ім змяшэнне стыляў — эклектыку. Храм візуальна досыць цяжкавагавы, але ў той жа час мае нестандартнае аблічча. Царква складаецца з крыжовага асноўнага аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам узвышаецца вялікі светлавы васьмігранны барабан з купалам. Бабінец завершаны трох’яруснай вежай-званіцай. Купал і званіца ўвенчаныя галоўкамі. Праваслаўны храм Клімавіч унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Галоўная рэліквія царквы — цудадзейны абраз Іверскай Прасвятой Багародзіцы, напісаны і асвечаны ў 1899 годзе. Раней на сценах храма быў яшчэ і роспіс на біблейскія тэмы.
Свята-Міхайлаўская царква сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў Клімавічах. Крыніца — wikipedia.org
Што цікава, старой з’яўляецца не толькі царква, але і брама, праз якую можна трапіць на храмавую тэрыторыю. Натуральна, калі царква датуецца сярэдзінай ХІХ стагоддзя, то брама таксама можа датавацца прыблізна гэтым часам.
Царкоўная брама ХІХ стагоддзя. Крыніца — globustut.by
На царкоўнай тэрыторыі знаходзяцца масіўны каменны крыж і каменнае надмагілле, якія з’явіліся тут каля дзесяці год таму. Каменны крыж раней ляжаў на Мілаславіцкіх могілках, званых мясцовым насельніцтвам Крастоўскімі (ад пасёлка Крастоўскі). Старажылы кажуць, што некалі ў пасёлку стаялі тры масіўныя крыжы, але да нашых дзён захаваўся толькі адзін. Яго перавезлі да мілаславіцкай царквы, а за савецкім часам прыбралі на ўскраіну могілак, дзе ён доўгія дзесяцігоддзі праляжаў на зямлі. Клімавіцкі святар айцец Інакенцій прапанаваў аднавіць старажытны сімвал веры чалавецтва і арганізаваў дастаўку крыжа ў Клімавічы. Увосень 2011 года яго прывезлі ў дворык Свята-Міхайлаўскага храма. Адначасова сталі шукаць іншыя старадаўнія каменныя выявы ў форме крыжоў або з выявамі царкоўных сімвалаў. Былі знойдзеныя іншыя падобныя камяні. Адзін з іх, які знаходзіўся раней у Судзілах, паставілі на падставу побач з крыжам з вёскі Мілаславічы. На яго паверхні адрозныя выявы хрысціянскага крыжа і мусульманскага паўмесяца. Знаходзяцца два каменныя аб’екты на невялікім узвышшы, што нагадвае курган.
Каменны крыж і каменнае надмагілле на царкоўнай тэрыторыі. Крыніца — wikipedia.org
Дзе пераночыць
Спыніцца на ноч у Клімавічах можна ў гасцініцы «Дружба». У райцэнтрах знайсці нешта камфортнае цяжка, але гэтая сапраўды ўтульная. Гатэль прайшоў рэканструкцыю, і зараз усе нумары займелі новую светлую мэблю і прыгожую абстаноўку. У гатэлі ёсць 17 нумароў на 27 месцаў. Кошты пачынаюцца ад 27 рублёў. У кожным нумары ёсць санвузел, невялікі халадзільнік, тэлефон, радыё, кабельнае тэлебачанне. Гасцініца размяшчаецца побач з домам Мяшчэрскіх. Прычым раней на яе месцы былі княжацкія гаспадарчыя пабудовы.
Дзе паесці
Знайсці, дзе пад’есці, — не праблема. Кафэ «Смак» — адно з найпапулярнейшых месцаў у горадзе. Кубак кавы са смятаннікам будзе каштаваць два рублі. Тут жа можна набыць мясцовыя смачныя піражкі. Зусім побач з аўтастанцыяй ёсць рэстаран і кавярня. Але не трэба забывацца, што ўсе гэтыя ўстановы працуюць строга па раскладзе, некаторыя з перапынкам у дзве гадзіны.
Што прывезці
Сувеніры ў Клімавічах можна набыць у двух месцах. У Доме рамёстваў можна прыдбаць вырабы з дрэва або гліны і нават карціны. Напрыклад, драўляную ружу за пяць рублёў ці гліняную падкову за тры. У мясцовай дзіцячай школе мастацтваў таксама прадаюцца разнастайныя вырабы з саломкі і гліны, якія будуць каштаваць прыкладна 15–20 рублёў.
Дом рамёстваў у Клімавічах. Крыніца — rodniva.by
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org