«Безумоўна, найбольш пад калядныя святы папулярнымі становяцца кнігі пра Гары Потэра ці «Валадар пярсцёнкаў». Але ж ёсць і цудоўныя новыя беларускія кнігі», — адазваўся на просьбу Budzma.org параіць чытва ў падарунак на Каляды і Новы год беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.
«З аднаго боку, вечная класіка заўсёды карыстаецца попытам у якасці навагодняга падарунка. Я маю на ўвазе кнігі пра Гары Потэра, трылогію «Валадар пярсцёнкаў» Джона Толкіна, серыю кніг «Вядзьмар» Анджэя Сапкоўскага. На сённяшні дзень гэта самыя папулярныя пазіцыі. І, безумоўна, гэтыя пакупкі звязаныя з каляднымі навагоднімі святамі, — зазначае Андрэй Янушкевіч. — Але за апошнія два месяцы выдалі і яшчэ выдаём даволі шмат навінак, 8 кніг. Гэта цэлы набор на любы ўзрост».
Калі гаварыць пра падарунак дзецям, то «з’явілася цудоўная кніга беларускіх вершаў, менавіта такіх — пад калядны настрой». Гэта кніга «Снежная фея» Юліі Верамей з ілюстрацыямі мастачкі Юліі Астрэйкі: «Кніга атрымалася вельмі такая сакавітая, яскравая, вельмі выразныя малюнкі, якія, безумоўна, спадабаюцца дзецям. Ну і вершы — яны проста ідэальна трапляюць у гэтую святочную атмасферу. Гэта проста той падарунак, які сам просіцца пад ялінку».
Найлепшай навінкай для дарослых Андрэй Янушкевіч называе аргентынскага класіка: «Вось толькі ў мінулыя выходныя мы пачалі продаж двухтомніка Хорхэ Луіса Борхеса, непераўзыдзенага класіка сусветнай літаратуры XX стагоддзя. Гэта шыкоўнае ў афармленні выданне. Я б сказаў, што гэта калекцыйнае выданне, бярэш у рукі і маеш сапраўдны падарунак. Канечне, гэта выданне разлічана на сур’ёзнага чытача. Але я перакананы, што Борхес — гэта той аўтар, якога проста трэба ведаць і чытаць, калі ты хочаш быць знаёмым з найлепшай літаратурай свету».
«Вельмі даўно не выходзіла па-беларуску перакладнога нон-фікшн, не навуковыя працы, а менавіта тое чытво, якое пашырае твае гарызонты, якое дазваляе паглядзець на пэўныя рэчы з іншага ракурсу. І вось гэтая кніжка менавіта такая. Яна напісана лёгка і ў той жа час там вядзецца на сур’ёзныя тэмы. А тэмы такія: як забіць болт, як кінуць справу, калі ты стаміўся, калі ў цябе апускаюцца рукі — і як з-за гэтага не адчуваць віны. Даследчыца складае суб’ектыўны каталог нядзеянняў. Мне падабаецца гэтая кніга тым, што, з аднаго боку, Залеска дэманструе навуковую адказнасць, гэта не ліццё вады, гэта, што называецца, сур’ёзны аналіз. Але ўсё гэта пададзена ў такой форме, такой мовай, што проста зачытваешся, нібыта гартаеш так званую лёгкую літаратуру», — кажа Андрэй Янушкевіч.
Раман маладога чэшскага аўтара Марэка Торчыка «Прэпарацыя памяці» («Rozložíš paměť», 2023) атрымаў дзве прэстыжныя літаратурныя прэміі. Па-беларуску твор выйшаў у перакладзе Сяргея Сматрычэнкі.
«Вельмі цікавы твор, але не буду спойлерыць. Скажу, што гэта раман пра вызваленне чалавека ад тых стэрэатыпаў, забабонаў, якія навязвае яму атачэнне, супольнасць, у якой ён жыве. Думаю, для беларусаў тэма павінна быць актуальнай».
На думку Андрэя Янушкевіча, гэта не самая святочная кніга, але «вартая ўвагі чытача». «Яна ўжо прызнаная найлепшай польскай кнігай года, зараз трыумфуе нямецкі пераклад у Германіі і іншых нямецкамоўных краінах. Гэта раман пра вайну ва Украіне. І гэта, канечне, бомба як у літаратурным плане, так і ў плане рэфлексіўным, гэта нагода задумацца над тым, у якім часе мы жывём, пра тое, што робіцца прама па суседстве. Звычайна Твардах піша на гістарычную тэматыку, а тут звярнуўся да сучаснасці. І шмат хто з польскіх крытыкаў называе «Нуль» ягонай лепшай кнігай пасля «Караля».
Мы ганарымся тым, што хутка адрэагавалі — кніга выйшла ў Польшчы ў лютым гэтага года, а беларускі пераклад з’явіўся ў лістападзе. Нас абагналі толькі немцы. Зараз, ведаю, толькі рыхтуюцца выданні на славацкай, карэйскай, украінскай, італьянскай мовах», — зазначыў выдавец.
А вось беларускіх навінак менш, чым перакладаў. «З апошняга ў падарунак магу параіць кнігу Мікіты Найдзёнава «Праспект Нежалезнасці», вельмі светлая, вельмі мінская кніга з файнымі малюнкамі Лізаветы Лянкевіч».
На думку Андрэя Янушкевіча, трэба звярнуць увагу на двухмоўную кнігу «Рэжу гісторыю сабой» Юліі Цімафеевай, якая спалучае ў сабе калажы і вершы, яна выйшла ў берлінскім выдавецтве «Edition Frölich» у верасні гэтага года.
«У прозе ў нас адразу выбіўся ў беларускія бэстселеры новы раман Макара «Ніці». На пачатку года ён выдаў дэбютную «Апошняе пакаленне», а вось ужо і другая! Нас вельмі радуе, што гэта малады аўтар, бо мы бачым, што апошнім часам кніг ад аўтараў, якім не больш за 25 гадоў, проста не выходзіць у беларускіх выдавецтвах. Зусім няма ў нашай літаратуры зараз такой моладзі. Макар — адзіны такі аўтар пакуль. І гэта вельмі засмучае, бо а як будзе адбывацца змена пакаленняў, калі моладзь не ідзе ў літаратуру, калі яна ёй не цікавая?» — заўважае Андрэй Янушкевіч.
Пры гэтым у Літве, у Польшчы кнігі маладых аўтараў выходзяць з зайдроснай рэгулярнасцю.
«Некаторыя перакладаюцца. Вось у выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшаў беларускі пераклад кнігі «Як я была малалеткай» Віргініі Кульвінскайтэ, гэта ж сапраўдная падзея была для літоўскай літаратуры, калі яна з’явілася.
Ці ў тым жа выдавецтве — раман Катрыны Зіле «Лю́быя косці», літоўскі бэстселер, — кажа Янушкевіч. — Ды і ў Польшчы ўсё някепска з маладымі аўтарамі.

А калі ўзяць такі жанр як моладзевае фэнтэзі, гэты young adult, то тут увогуле бум. Тэксты спачатку публікуюцца на сеткавых платформах, з працягамі, серыямі, а калі ўжо збіраецца дастатковая колькасць прыхільных чытачоў, то надыходзіць час і папяровай кнігі. Вельмі цікавы феномен, які, у прынцыпе, можам назіраць па ўсім свеце — але не на беларускім рынку. Нас гэтыя працэсы абыходзяць бокам».
На думку выдаўца, гэта звязана з тым, што, «па-першае, моладзь не задзейнічаная ў беларускіх працэсах, у беларушчыне, па-другое, чыста эканамічныя тлумачэнні — вельмі цьмяныя перспектывы поспеху».
«Вялікая колькасць чытачоў мусіць пераўтварацца ў вялікія прыбыткі, а калі няма вялікай колькасці беларускіх чытачоў? — гаворыць Андрэй Янушкевіч. — Такое вось рытарычнае пытанне. Грамадская прастора для беларускай кнігі застаецца вельмі вузкай. Маем што маем».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org