Рада еўрапейскіх пісьменнікаў апублікавала сваё даследаванне эканамічнага ўздзеяння пандэміі Covid-19 на працу літаратараў і перакладнікаў ва ўмовах еўрапейскага кніжнага рынку за 2020-2022 гг., прааналізаваўшы дзейнасць 33-х прафесійных арганізацый з 27-мі краін ЕС. Прадмову да даследавання напісаў сябра Камітэту ЕС па культуры і адукацыі, еўрадэпутат Ніклас Нінас (Niklas Nienass).
Дадзеныя за 2020 г. сведчаць пра тое, што ў бліжэйшыя посткрызісныя гады кніжны рынак чакае цяжкая стагнацыя — і гэты несуцяшальны прагноз ужо пачынае пацвярджацца: новыя публікацыі ў Еўропе скараціліся амаль на траціну (-150.000 назваў кніг); адбылося беспрэцэдэнтна радыкальнае скарачэнне літаратурнай разнастайнасці.
Пагоршылася і матэрыяльнае становішча пісьменнікаў і перакладнікаў, якія страцілі свае ганарары з-за адмены жывых выступаў перад чытачамі ў 2020 і 2021 гг.: больш ніякіх чытанняў і лекцый, семінараў і стыпендый у творчых рэзідэнцыях — і гэта ў дадатак да адтэрмінаваных ці цалкам адмененых аўтарскіх плацяжоў і авансаў з-за таго, што публікацыя іх твораў адкладваецца на нявызначаны тэрмін.
Акрамя таго, асабліва цяжкім было тое, што адсутнічае як такая падтрымка літаратараў, якія працуюць самі на сябе: толькі кожная другая з 20 краін, у якіх існуе дзяржаўная падтрымка, змагла выплаціць кампенсацыю за ненаўмысную страту ад 30-ці да 60-ці працэнтаў прыбытку прафесійных літаратараў, якія ў большасці сваёй з’яўляюцца самазанятымі.
Свет лічбавых тэхналогій быў толькі частковым выйсцем: узрастаючы попыт на электронныя кнігі і аўдыёкнігі не кампенсаваў зніжэнне продажаў папяровых кніг. За чытанні ці выступы ў рэжыме анлайн рэдка хто плаціць: у свеце лічбавых тэхналогій дагэтуль няма такой сталай традыцыі, каб гледачы плацілі нейкую суму грошай за прагляд віртуальных мерапрыемстваў.
У агуле крызіс паказаў, што літаратары і перакладчыкі не ў стане ствараць запасы і адкладваць на чорны дзень з-за таго, што часта маюць невыгадныя для іх умовы дамоваў і з-за value-added gap (праблемы з дададзеным коштам) у тых выпадках, калі іх праца выкарыстоўваецца анлайн ці ў адукацыйных установах і лічбавых бібліятэках.
Школьныя матэрыялы і метадычныя дапаможнікі цяпер выкарыстоўваюцца для дыстанцыйнага навучання. Гэта прывяло да таго, што ліцэнзіі на іх выкарыстанне былі працягнутыя, а некаторыя з іх увогуле сталі бясплатнымі — гэта тыя страты, якія панеслі аўтары адукацыйных матэрыялаў. У кантэксце ўсё новых заклікаў да большай колькасці выключэнняў і абмежаванняў, узнікае асабліва вострая праблема для будучыні: адукацыя мае патрэбу ў бюджэтах і прававой абароне тых крыніц, з якіх мы атрымліваем веды, адукацыю і літаратуру.
Сярод пазітыўных момантаў можна адзначыць некаторую ступень дэмакратызацыі літаратуры: творцы, якія раней залежалі ад таго, ці запросяць іх і куды менавіта іх запросяць прэзентаваць свае кнігі, атрымалі магчымасць у рэжыме анлайн дацягнуцца да сваіх чытачоў, не зважаючы на палітычныя межы, і развіваць новыя фарматы гутарак, майстар-класаў і літаратурна-палітычных канферэнцый. Акрамя таго, крызіс заахвоціў некаторых выдаўцоў выйсці на новы ўзровень у справе публікацыі электронных кніг, а прадаўцоў кніг — уступаць у партнёрскія стасункі з мясцовымі прадпрыемствамі малога бізнэсу, каб мець магчымасць даўстаўляць кнігі людзям ва ўмовах строгай ізаляцыі (ці так званага «лакдаўну»).
Ключавыя вынікі даследавання, якое займае 38 старонак:
— 77% ад усіх аўтараў пацярпелі з-за адмены жывых мерапрыемстваў; кампенсацыя за ануляванне імпрэз не была выплачаная ў 90% выпадкаў.
— Толькі палова з 20-ці краін, ахопленых даследаваннем, прапанавала дзяржаўную кампенсацыю ці праграму дапамогі.
— ад 15% да 25% склалі страты сярэдняга прыбытку тых пісьменнікаў і перакладчыкаў, якія працуюць на няпоўную стаўку; ад 30% да 40% — для тых, хто працуе на поўную стаўку.
— 52% рэспандэнтаў ацэньваюць ўздзеянне крызісу як «сур’ёзнае» і «вельмі сур’ёзнае».
— Выдаўцы адклалі публікацыю новых твораў на 8-18 месяцаў ці ўвогуле адмянілі яе. У 2021-2022 гг. рэспандэнты прагназуюць скарачэнне на 30%. Гэта азначае, што будзе на 150.000 менш назваў кніг на еўрапейскім кніжным рынку штогод. Авансы і аўтарскія ганарары значна зменшыліся.
— Выкарыстанне адукацыйных кніжных і тэкставых матэрыялаў для школ, універсітэтаў і г.д. для патрэб дыстанцыйнага навучання павялічылася, але ліцэнзіі на іх выкарыстанне былі працягнутыя ці сталі бясплатнымі. 70% ад усіх арганізацый па кіраванні правамі на калектыўнай аснове (collective management organisations) прагназуюць адмоўныя доўгатэрміновыя наступствы, калі казаць пра прыбыткі аўтараў, якія яны атрымліваюць ад аўтарскіх адлічэнняў.
— Анлайн-чытанні, кніжныя прэзентацыі, анлайн-лекцыі і семінары, віртуальныя канферэнцыі разглядаюцца як пазітыўныя з’явы. Павелічэнне продажаў электронных кніг і аўдыёкніг таксама лічыцца пазітыўным сігналам.
паводле europeanwriterscouncil.eu