Кніжны сакавік: навінак мала але шмат анонсаў

31.03.2023

Сакавік здзіўляў надвор’ем, навінамі і кніжнымі на анонсамі на... красавік. Хаця пачаўся месяц аптымістычна: з гучнай абвесткі літаратурнага конкурса ад Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў (да 100-годдзя аб’яднання «Маладняк»). А потым парадаваў звесткай пра вяртанне Літрадыё — адмысловага медыя пра сучасную беларускую літаратуру. Цудоўныя артыкулы, шыкоўны пілотны падкаст — абавязкова дадайце сайт сабе ў закладкі.

12.png



Што яшчэ адбывалася ў беларускім літаратурным працэссе цягам месяца, якімі менавіта кніжнымі навінкамі ды анонсамі парадаваў сакавік, распавядаем у нашым аглядзе.

Беларуская літаратура, аказваецца, страшна небяспечная. Ну а як тут іначай скажаш, калі ў сакавіку адразу некалькі выданняў «прызналі» экстрэмісцкімі — «Апошнюю кнігу пана А.» Бахарэвіча, нумары ад «Архэ» часопіса «Наша гісторыя», «Адысею капiтана БНР» Гатоўчыца і нават каляндар «Не маўчы па-беларуску»?

Са станоўчага — кніжная справа жыве, аўдыякнігі з’яўляюцца, прэзентацыі адбываюцца (нават у фармаце анлайн!). І як прыемны бонус, для так моцна раскіданых па планеце беларусаў, адкрыты доступ да кнігі Ганны Севярынец «Гасцініца Бельгія» і кнігі «Беларускія Нячысцікі: Лясныя». Цудоўная практыка, мне падабаецца.

Што па навінках?


Аўдыякнігі

1. Альгерд Бахарэвіч — «Тэатр шчаслівых дзяцей»

Кнігу агучыў праект «Кніжны воз».

«Беларускае фэнтэзі з элементамі трылеру. Дзіцячая кніга, якую, спадзяецца аўтар, будзе цікава прачытаць і дарослым. Як выбрацца з пасткі, не маючы ні тэлефона, ні зброі, і знайсці зніклых сяброў? Колькі твараў у туману? Што такое гісторыя — і калі канчаецца мінулае? Якую таямніцу хаваюць нашыя бацькі — і ці чуе нас Бог, калі мы маўчым? Гэтымі пытаннямі задаюцца героі кнігі, Лявон, Анцік і Юля, нечакана апынуўшыся ў таямнічым краі, які не знойдзеш ні ў Вікіпедыі, ні на школьных мапах».

Бахарэвіч Тэатр шчаслівых.jpeg


2. «Цудоўнае падарожжа Пыхыча й Шустрыка па Беларусі і яе гісторыі»

Аўдыяварыянт і відэашэраг падрыхтавала аб’яднанне «Беларусы Швецыі». Прэм’ера адбылася ў суботу, 25 сакавіка, на youtube.

«Кніга складаецца з Прадслоўя, 32 главаў і Пасьляслоўя, а пра што яна — вы даведаецеся ў пачатку гэтага відэа. Прыемнага праслухваньня і прагляду!» — напісалі «Беларусы Швецыі».

Паслухаць кнігу можна тут.

Цудоўнае падарожжа Пыхыча й Шустрыка.jpeg


3. Андрэй Федарэнка — «Пра аднаго пісьменніка» і «Ланцуг»

На kamunikat.org з’явіліся дзве аўдыяверсіі твораў Андрэя Федарэнкі — «Пра аднаго пісьменніка» і «Ланцуг».

«Як і заўсёды, проза Андрэя Федарэнкі чытаецца і слухаецца лёгка і прыемна. Але гэта зусім не лёгкае чытво. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі. Творы пісьменніка вызначаюцца любоўю да чалавека, добрым веданнем жыцця, тонкім псіхалагізмам, шчырасцю».

a1.png


4. Ганна Янкута — Кот Шпрот і зніклы котамабіль

«Кніжны воз» агучыў другую кнігу з серыі пра прыгоды ката Шпрота!

«Пасля доўгай зімы кот Шпрот, які любіць часам уцячы ноччу з дому і пагуляць па Мінску, разам з прывідамі Марай і Жан-Жахам выбіраецца на прагулку ў Батанічны сад. І, вядома, там іх чакае таямніца, якую трэба разгадаць. Разам з трыма мышамі-вынаходніцамі і хлопчыкам Алесем кот і прывіды пачынаюць новае расследаванне».

Паслухаць кнігу Ганны Янкуты «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» можна тут.

Кот Шпрот і зніклы мышамабіль.jpeg


5. Томас Стэрнз Эліят — «Падручнік па катах»

У фармаце аўдыякнігі выйшла кніга Томаса Стэрнза Эліята «Падручнік па катах». Падрыхтаваў сайт audiobooks.by.

«Што? Так, гэта «Падручнік па катах, укладзены Старым Апосумам» Т. С. Эліята ў перакладзе Макса Шчура! Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што агучыў яе не актор і нават не аўтар, а спадар-перакладчык — вось такая цікавостка».

Паслухаць можна на «Кніжным возе» па спасылцы.

Эліят - Падручнік па катах.jpeg


6. Артур Конан Дойл — «Эцюд у пунсовым»

Як і першую частку, агучвае «Кніжны воз»:

«Мы не спынімся, пакуль увесь Шэрлак не выйдзе на беларускай мове. Аповесць Артура Конана Дойла «Эцюд у пунсовым» (1887) расказвае пра знаёмства Шэрлака Холмса і доктара Ўотсана і іх першую сумесную справу.

Упершыню беларускі пераклад аповесці, зроблены Кацярынай Маціеўскай, выйшаў у 2017 годзе ў кнізе «Знак чатырох» (выдавецтва «Янушкевіч», Бібліятэка часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum»)».

Чытаюць — Андрэй Мілюхін, Святлана Цімохіна.

Паслухаць можна па спасылцы.

Эцюд у пунсовым.jpeg


Папяровыя выданні

1. Магамед Гаджыеў — «Лісты Магамеда»

Кніга вершаў маладога азербайджанскага паэта ў перакладзе на беларускую мову з’явілася ў выдавецтве «4/4».

«Дзякуй выдавецтву за годную працу! Дзякуй маім дарагім перакладчыкам, прафесійным літаратарам Таццяне Сівец, Юліі Алейчанка, Мікола Адам! А Міколу Шабовічу царства нябеснае!» — напісаў аўтар.

Лісты Магамеда.jpeg


2. Уладзімір Арлоў — «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» і «Імёны Свабоды»

Выдаў кнігі фонд kamunikat.org да 105-х угодкаў БНР.

«Вясну пачынаем дзвюма новымі кнігамі Уладзіміра Арлова! «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча» — гэта працяг вядомай кнігі Арлова, якая выйшла ў Беларусі трыма выданнямі, мела велізарны поспех, а ў 2022 г. уладамі Беларусі прызнаная «экстрэмісцкай». «Імёны Свабоды» — у гэтай кнізе агульным аб’ёмам 900 старонак змешчныя 410 аповедаў пра герояў змагання за свабоду».

Арлоў_Айчына і Імёны.jpeg

3. «Касмалогія» — серыя «Традыцыйны сьветалад беларусаў»

Праца калектыву беларускіх даследчыкаў, першая ілюстраваная трохмоўная кніга з сэрыі «Традыцыйны сьветалад беларусаў». Вельмі прыгожая кніга выдавецтва «Беларуская навука».

«У першай кнізе серыі з пяці ілюстраваных кніг, прысвечаных ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка пойдзе пра ўяўленні аб паходжанні і будове Сусвету, структуры жыццёвай прасторы чалавечай супольнасці, пра кругабег часу».

Касмалогія.jpeg


4. Артур Камароўскі — «Corpus vile»

Кніга Артура Камароўскага Corpus vile выйшла з друку ў выдавецтве Skaryna Press. На вокладцы і для ілюстрацый ў кнізе выкарыстаны фотакалажы аўтара.

«Другая кніга вершаў Артура Камароўскага. У ёй аўтар працуе з такімі тэмамі як цялеснасць, гендар, сексуальнасць, мова, радзіма і спрабуе знайсці адказы на пытанні, як яны звязаныя адно з адным і што вынікае з такой сувязі».

Артур Камароўскі.jpeg


5. «Сонца», «Да новага заўтра» і «Неба мнагавокае»

Тры кніжкі беларускіх паэтак, якія пачыналі ў 1920-х, выдала жаночая выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм»: «Да новага заўтра» Зінаіды Бандарынай, «Неба мнагавокае» Наталлі Вішнеўскай і «Сонца» Яўгеніі Пфляўмбаўм.

«Да гэтага мы рухаліся нават не месяцы, а гады. Вашай увазе тры новыя кнігі: «Да новага заўтра» Зінаіды Бандарынай, «Неба мнагавокае» Наталлі Вішнеўскай і «Сонца» Яўгеніі Пфляўмбаўм. Збор выбраных твораў трох беларускіх паэтак, паплечніц, якія дэбютавалі ў 1926 г. сумеснай кнігай «Вершы» — вынік шматгадовай руплівай працы нашых даследчыкаў літаратуры».

Пфляўмбаўм.jpeg

6. «Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства»

Гэтаксама сумесная праца калектыву аўтараў, даследванне выдаў Інстытут літаратуразнаўства АНРБ.

«У калектыўнай манаграфіі даследуецца развіццё літаратурнай думкі ў Беларусі на працягу амаль двух з паловай стагоддзяў: ад трактатаў канца XVIII ст., у якіх выкладаліся эстэтычныя праграмы класіцызму і сентыменталізму, да сённяшніх прац, што характарызуюцца інтэрдысцыплінарнасцю, жанравай разнастайнасцю, выкарыстаннем новых метадалагічных падыходаў і сучасных тэхналогій».

Падрабязней пра выданне чытайце тут.

Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства.jpeg


7. Сяргей Грунтоў — «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ- пачатку ХХІ ст».

Кніга з’явілася ў «Акадэмкнізе».

«Мінулы год ці крыху болей я займаўся разглядваннем фотаздымкаў і разгадваннем іх загадак. Гэта было захапляльна, хоць, пабыўшы ў пячоры Алі-Бабы, я вынес толькі тое, што змясцілася ў маіх далонях. У мінулым лістападзе быў завершаны рукапіс, а сёння выйшла з друку кніга. Народжаная гэтым часам, я спадзяюся, што яна яго пераадоліць, і так адпускаю ў вольнае плаванне. Сабе ж кажу: «Я паспеў», — і адчуваю радасць,» напісаў аўтар на сваёй старонцы ў Фэйсбуку з нагоды выхаду кнігі.

Грунтоў - Фатаграфія і культура памяці.jpeg


8. Генадзь Аўласенка — «Як сем сыноў чорта перахітрылі»

Дзіцячая кніга ад выдавецтва «Звязда».

«Новая кніга Генадзя Аўласенкі змяшчае тапанімічныя казкі. У іх аўтар паспрабаваў адказаць на пытанне, з чым можа быць звязана пахожданне назвы таго ці іншага населенага пункта Мінскай вобласці. Шчыра спадзяемся, што юныя чытачы, якія пазнаёмяцца з незвычайнымі апавяданнямі пра таямніцы тапонімаў, усур’ёз зацікавяцца гісторыяй роднага краю».

Генадзь Аўласенка - яе сем сыноў.jpeg


9. Ганна Комар — «Вызвалі або бяжы»

Зборнік вершаў Ганны Комар пад назвай «Вызвалі або бяжы» выйшаў у стандартным афармленні нямецкага выдавецтва Hochroth-Minsk — у чорнай вокладцы і ў мінімалістычным дызайне.

Кніга пакуль не паступіла ў продаж, аб магчымасці замовіць зборнік выдавец абяцае паведаміць асобна.

Ганна Комар – Вызвалі або бяжы.png


Дар’я Палынская, budzma.org