Вялікі князь Казімір, які «прафукаў» ВКЛ

11.09.2024 Гісторыя

З вялікім князем Казімірам Ягайлавічам (у Польшчы ён кароль Казімір IV) беларускім гісторыкам трэба яшчэ разбірацца. Ягоная ацэнка ў беларускай гістарычнай літаратуры больш станоўчая, часам стрымана-крытычная. Тое зразумела, бо ў часы Казіміра Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася на вяршыні магутнасці і прынамсі ў пачатку ягонага гаспадарання было наймацнейшай дзяржавай ва Усходняй Еўропе.


Аднак фактам ёсць тое, што за час ягонага праўлення Вялікае Княства Літоўскае дамінуючую пазіцыю ў гэтым рэгіёне страціла. Яго месца заняла Масковія, якая ВКЛ і пасунула. Выглядае на тое, што маскоўскі драпежнік «сарваўся з ланцуга» ў многім па асабістай віне Казіміра Ягайлавіча, менавіта з-за яго вялага дзеяння ці ўвогуле бяздзеяння ў некалькіх крытычных сітуацыях.

1_Казімір Ягайлавіч. Мастак Мачэла Баччарэлі 1708 г.png

 
Казімір Ягайлавіч. Мастак Мачэла Бачарэлі, 1708 г.

Казімір IV — добры польскі кароль, але дрэнны ліцвінскі гаспадар

Казімір Ягайлавіч быў выбраны на вялікага князя ліцвінскім баярствам у 1440 г. ва ўзросце 12 гадоў, а ў 1447 г. заняў яшчэ і польскі трон. Народжаны і выхаваны ў Кракаве, Казімір занядбаў ВКЛ і цалкам прысвяціў сябе вырашэнню польскіх справаў, якія былі не менш складанымі за літоўскія. Ён уступіў у канфлікт з партыяй польскіх магнатаў, вёў цяжкую Трынаццацігадовую вайну (1454–1466) з дзяржавай Тэўтонскага ордэна, дбаў аб чэшскай кароне для свайго сына Уладзіслава, канфліктаваў з Папствам, ваяваў з крымскімі татарамі і туркамі.

kazimir-jahailavicz.pngПомнік Казіміру IV у Мальбарку. Фота з Вікіпедыі

Як ВКЛ стала аб’ектам маскоўскай агрэсіі

У той самы час ВКЛ прайгравала Маскве, і гэта быў стратэгічны пройгрыш. У дзеяннях Казіміра на ўсходнім напрамку выразна заўважная ўрыўкавасць, паспешлівасць і легкаважнасць. Каб не траціць часу і цалкам заглыбіцца ў польскія справы, ён спрабаваў вырашыць складаную праблему адносінаў з Масквой дыпламатычна і адным махам. Адсюль Масква якраз у перыяд сваёй слабасці з-за ўнутранай вайны атрымала нечаканы падарунак — «вечны мір» 1449 г. (Казімір ужо два гады як польскі кароль), які размяжоўваў сферы ўплываў Вільні і Масквы ў Паўночна-Усходняй Русі (будучай Расіі).

Як толькі Масква перажыла крызіс і трохі ўзмацнілася, яна пачала захопліваць вакольныя землі і ўлазіць у ліцвінскую «дзялку». Сур’ёзнай рэакцыі ў адказ не назіралася, і Масква ішла далей. У выніку за некалькі дзесяцігоддзяў Вялікае Княства Літоўскае проста «здало» маскавітам сваіх саюзнікаў і ўрэшце само стала аб’ектам маскоўскай агрэсіі.

Тры падзеі, якія прывялі да стратэгічнай паразы ВКЛ

Тры буйныя падзеі, якія «прафукаў» Казімір Ягайлавіч, прывялі да стратэгічнай паразы ВКЛ і пераходу Масквы ў шматвекавы наступ на захадзе, якія закончыўся ў XVIII ст. падзеламі Рэчы Паспалітай. Гэта знішчэнне Масквой рэспублікі Вялікага Ноўгарада ў 1471–1477 гг., адмова Масквы плаціць даніну Ардзе ў 1480 г. і захоп ёю даўняга ліцвінскага саюзніка Цверы ў 1485 г.

marfa-pasadnitsa.png

Наўгародцы прасіліся ўзяць іх у Вялікае Княства Літоўскае, нават у адчаі, каб вымусіць Казіміра ўступіцца за іх, абвясціліся падданымі ліцвінскага гаспадара — усё марна. Захоп Масквой Вялікага Ноўгарада стаў пераломным момантам у ліцвінска-маскоўскім суперніцтве і ў агульнай палітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе.

Сумесны з татарамі паход на Маскву ў 1480 г. быў запланаваны і інспіраваны дыпламатыяй Казіміра Ягайлавіча. Калі ж хан Вялікай Арды Ахмат пасля доўгай дарогі, вялікай дугой абмінуўшы маскоўскія ўладанні, прывёў войска на месца сустрэчы — памежную смаленска-маскоўскую раку Угру, выявілася, што войска Казіміра... не з’явілася. У выніку Масква афіцыйна адмовілася плаціць даніну татарам. Ліквідацыя незалежнасці Цвярскога княства — галоўнага саюзніка Літвы — стала толькі справай часу.

Пастаянная адсутнасць вялікага князя паралізавала знешнепалітычную дзейнасць. Дзяржаўны савет — Паны-Рада не меў паўнамоцтваў ні выслаць пасольства, ні вайну аб’явіць, ні паспалітае рушэнне сабраць. Радныя паны намаўлялі і ўмольвалі гаспадара на даўжэй прыехаць у Вільню, або прызначыць поўнамоцнага намесніка. Усё марна! Не дапамаглі і радыкальныя сродкі — змовы і замахі на жыццё гаспадара аказаліся няўдалымі.

4_Надмагілле Казіміра на Вавелі.jpg

У Польшчы Казіміра IV часам называюць найлепшым польскім каралём з дынастыі Ягелонаў і, напэўна, цалкам заслужана. А ў нас да яго дзейнасці ў якасці вялікага князя, як кажуць, «ёсць пытанні» і «не ўсё так адназначна».

Канстанцін Семяновіч, Budzma.org

Чытайце яшчэ: 

Вітаўт і Ягайла: дэтэктыўная гісторыя аб уцёках з вязніцы і спробе помсты