• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • «Пра тэхналогіі і не толькі»
  • Афіша
26.10.2021 | Гісторыя

Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута

У чарговай вандроўцы рушыў да вёскі Шастакова на Камянеччыне, дзе 3 студзеня 1826 года нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі і Польшчы Рамуальд Траўгут, піша Марат Гаравы на старонках «Новага Часу».


000.jpg
Сядзібны дом у маёнтку Шастакова на здымку 1927 года

Месца нараджэння і дзяцінства 

Бацькі немаўляці — Людвік Траўгут і Алаіза з Блоцкіх арандавалі маёнтак Шастакова абшарніка Паўла Гофмейстэра ў Пружанскім павеце Горадзенскай губерні (цяпер у Камянецкім раёне Берасцейшчыны). Бацька нашага героя знітаваны са шляхецкім родам гербу «Цырэмберг» з германскай зямлі Гесэн. Гісторыкі лічаць, што ў першай палове XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай разам з каралямі Саксонскай дынастыі з’явіўся нейкі Траўгот (Traugott з нямецкай — давер да Бога). З цягам часу ад свайго сюзерэна Траўгот атрымаў шляхецтва, а ягонае імя стала радавым і згодна з польскім вымаўленнем трансфармавалася ў Траўгут. Маці хлопчыка вяла свае карані ад старасвецкай кобрынскай шляхты роду Снежка-Блоцкіх. Ім належыў маёнтак Блоты (зараз вёска Балата Кобрынскага раёна).

3 студзеня 1826 года ва ўніяцкай царкве Успення Найсвяцейшай Маці Божай у вёсцы Царкоўнікі (цяпер Зарачаны), што ў трох кіламетрах на паўднёвы ўсход ад Шастакова, адбыўся хрост немаўляці. Яго запісалі пад імем Ціт Рамуальд Людвік. Абрад правёў святар царквы Мікола Паеўскі ў прысутнасці хросных бацькоў Гаўрылы Янкоўскага і Маргарыты Траўгутавай, сведкаў Віталіса Шуйскага, Антаніны Гаўрылкевічавай, Міхася Булькоўскага і Лізаветы Астроўскай.

Будынак грэка-каталіцкай святыні ў Царкоўніках быў узведзены прыхаджанамі ў 1793 годзе з дрэва і месціўся на правым беразе рэчкі Точыі. Храм стаў праваслаўным толькі пасля забароны ўніяцтва расійскімі ўладамі ў 1839 годзе. На жаль, ранняй вясной 1920 года царква згарэла ад падпалу травы. Паводле старажылаў, напярэдадні трагедыі ўсе тры дні храмавай службы ў Вялікдзень месцічы чулі жалобны стогн царкоўных званоў, што трывожна разносіўся па наваколлі. Аднак ніхто не звярнуў увагі на гэтае бяды прадвесце. Яно стала зразумелым толькі пасля пажару. Рэліквіі са згарэлай царквы, якую так і не аднавілі, перавезлі ў капліцу маёнтка Шастакова. Па іншай версіі, для выратавання храмавых рэліквій гаспадары маёнтка прыстасавалі пад царкву былы будынак свірана. Паводле падання, сярод выратаваных реліквій быў і абраз пэндзля рускага жывапісца Віктара Васняцова. Спаленая святыня нагадала пра сябе прыкладна праз 50 гадоў, калі ў глыбокіх сутарэннях знішчанага пажарам храму вясковыя хлапчукі знайшлі рэшткі былой царкоўнай маёмасці...

002.jpg
Вёска Шастакова

000.png
   План сядзібы, дзе нарадзіўся Рамуальд Траўгут 

001.jpg
  Дарога-дамба паміж рэчкай Тачыяй, садком і сядзібным паркам


Паколькі маці Рамуальда Алаіза праз два гады пасля нараджэння сына адыйшла ў нябыт, хлопчыка выхоўвалі бацька Людвік і бабуля па маці Юстына Блоцкая з княскага роду Шуйскіх. Менавіта яна прышчапіла свайму ўнучку шчырыя патрыятычныя пачуцці і глыбокую веру ў Бога. З гэтымі каштоўнасцямі Рамуальд і крочыў па жыцці. На яго сталенне таксама паўплывалі знаёмства з гісторыяй роду і слаўным мінулым Бацькаўшчыны, грунтоўнае хатняе навучанне, чароўныя краявіды наваколля і сяброўства з сынам уладальніка маёнтка Апалінам Гофмейстэрам. Гэтае сяброўства найбольш яскрава праявілася падчас паўстання 1863-1864 гадоў. У 1836 годзе Рамуальд пакінуў роднае Шастакова, каб працягнуць адукацыю ў знакамітай Свіслацкай гімназіі. 

Параднёныя Шастаковам 

Пасля смерці ўладальніка Шастакова Паўла Гофмейстэра маёнтак перайшоў да яго сына Апаліна. З дзяцінства хлопчык выхоўваўся ў спартанскім духу і ў павазе да людзей працы. Пасля заканчэння Варшаўскай гімназіі вучыўся ў Берлінскім універсітэце, дзе далучыўся да патаемнага студэнцкага гуртка. Затым быў прызначаны адным з кіраўнікоў Берасцейскай змовы 1846 года па падрыхтоўцы антырасійскага паўстання. Вярнуўся ў Шастакова, якое стала адным з цэнтраў канспіратыўных сустрэч змоўшчыкаў. Яны збіралі даныя пра гарнізоны рускіх войскаў, абмяркоўвалі планы паўстання, стварэння паспалітага рушання і далучэння да яго сялянаў-касінераў. У 1848 годзе кіраўнікі змовы былі арыштаваныя і пакараныя. Падчас публічнага ганьбавання ў Вільні прыкуты да слупа ганьбы Апалін звярнуўся да месцічаў з поклічам «Няхай жыве свабода!». Згодна выраку быў сасланы на сем гадоў у арыштанты Орскай фартэцыі на паўднёвым Урале, дзе пазнаёміўся з украінскім паэтам і мастаком Тарасам Шаўчэнкам, а таксама з паплечнікам Кастуся Каліноўскага па паўстанні 1863-1864 гадоў Зыгмунтам Серакоўскім.

У 1857 годзе Апалін вярнуўся ў Шастакова пад таемны нагляд паліцыі. Займаўся сельскай гаспадаркай, стварыў у маёнтку школу для вясковых дзяцей. Падчас паўстання 1863-1864 гадоў быў прызначаны цывільным начальнікам Берасцейскага ваяводства, супрацоўнічаў з кіраўніцтвам інсургентаў у Варшаве і Вільні. Існуе меркаванне, што менавіта размова з Апалінам Гофмейстэрам паўплывала на рашэнне Рамуальда Траўгута ўзначаліць Кобрынскі паўстанцкі атрад. У 1864 годзе Апалін быў арыштаваны і пакараны сібірскай катаргай. Вызвалены ў 1873 годзе дзякуючы спрыянню аўстрыйскай амбасады, атрымаў пашпарт эмігранта без права вяртання ў Расію. Памёр у 1890 годзе ў Кракаве, дзе і пахаваны на Ракавіцкіх могілках.

003.jpg
Шляхецкі герб «Цырэмберг» (здымак з кніжкі Юрася Барысюка і Андрэя Рэйзвіха «Ромуальд Траугутт — рыцарь земли Полесской», Мінск, Энцыклапедыкс, 2020) 

У 1883 — 1939 гадах маёнтак Шастакова належыў прадстаўнікам шляхецкага роду Стэлецкіх, які бярэ пачатак ад запарожскага казака Восіпа Сцілецкага. Яго праўнук Язэп Стэлецкі быў праваслаўным святаром і настаўнікам украінскага асветніка, філосафа і паэта Рыгора Скаварады. Сярод вядомых прадстаўнікоў роду — археолаг, шукальнік бібліятэкі Івана Жахлівага Ігнат Стэлецкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы, акадэмік Пётр Капіца, папулярная ў Францыі і ЗША спявачка Ганна Марлі, даследчык і перакладчык «Слова пра паход Ігаравы», доктар філалагічных навук Уладзімір Стэлецкі, мастак і мастацтвазнаўца, аўтар роспісу храма Троіца-Сергіева падворку ў Парыжы Зміцер Стэлецкі.

Трагічным быў лёс апошняга ўладальніка маёнтка Васіля Стэлецкага. Летам 1944 года падчас вызвалення Беларусі ад нацыстаў вёска Шастакова цалкам згарэла. Цяжка хворы спадар Васіль запрасіў усіх пагарэльцаў жыць ў сваёй сядзібе, а сам перасяліўся ў флігель. Хоць Саветы прызначылі Стэлецкага загадчыкам падсобнай гаспадаркі, гэта яго не выратавала. Ноччу 14 красавіка 1945 года бездапаможнага Васіля Стэлецкага арыштавалі. Пасля таго, як вёска адбудавалася, нейкі час у сядібе працавала ўкраінская школа. У 1960-я гады сядзібны дом струхлеў і абваліўся. Сёння пра яго былое жыццё нагадваюць толькі руіны падмуркаў і людская памяць.

Сам пералік імёнаў асобаў, параднёных Шастаковам, сведчыць, што гісторыя маёнтка патрабуе карпатлівай працы, каб вярнуць нашчадкам постаці нашых славутых продкаў. 

Сядзіба: сляды былога 

Няпроста знайсці месца сядзібы. Бо на шляху да яе няма аніякіх указальнікаў. Нават у амаль абязлюдзелай вёсцы Шастакова, дзе цяпер жывуць усяго некалькі дзясяткаў чалавек. Так што цікаўным раю кіравацца ў заходні бок вёскі, а на яе ўскрайку шукаць сляды старога парку і былой уязной алеі. Ад яе засталася сцежка, па якой трэба рухацца на поўнач у нетры. Злева ад сцежкі захаваўся помнік чырвонаармейцам, што загінулі летам 1944 года пры вызваленні Камянеччыны ад нацыстаў. Вайскоўцаў пазней перапахавалі ў райцэнтры, але абеліск на былой магіле захавалі і падтрымліваюць у належным стане.

004.jpg
Абеліск на месцы былой брацкай магілы чырвонаармейцаў — вызваліцеляў вёскі ад нацыстаў

Сцежка вядзе да першай — забрукаванай паляны парка. На ёй — невялікі мемарыял: памятныя камень і крыж, інфармацыйны стэнд. Пліта з гранітнага валуна, усталяванага ў 1920-я гады на паркавым партэры, пазней была знішчана, а сам камень павалены. Толькі ў 2003 годзе — да 140-х угодкаў паўстання — на гэтым зрынутым і ўжо замшэлым ад часу валуне ўсталявалі новую мемарыяльную пліту. Сядзіба, верагодней за ўсё, стаяла на заходнім баку паляны, бо праз колькі метраў ад памятнага камяня ў заходнім напрамку сярод дрэваў і кустоўя можна знайсці крушні ад падмуркаў сядзібнага дому...

009.jpg
Мемарыяльная паляна ў парку

005.jpg
   Мемарыяльная паляна ў парку

006.jpg
Выява Рамуальда Траўгута на срэбнай манеце наміналам у 10 злотых II Рэчы Паспалітай. Выбіта ў 1933 годзе ў гонар 70-годдзя паўстання 1863-1864 гадоў (здымак з Вікіпедыі)

007.jpg
   Мемарыяльная паляна ў парку

008.jpg
  Меркаванае месца сядзібнага дому Траўгутаў на заходнім баку мемарыяльнай паляны


Яго выгляд вядомы па здымку 1927 года. На ім — невялікі аднапавярховы будынак, узведзены ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства. Парадны фасад дома меў тыповы выгляд тагачаснай шляхецкай сялібы. Яе ўпрыгожвалі крыты ганак са шчытом на двух слупах і белыя ваканіцы. Дом стаяў у атачэнні парка, што амаль захаваўся ў былых межах і займае каля 6 гектараў.

010.jpg
   Крушні ад падмуркаў сядзібнага дому Крушні ад падмуркаў сядзібнага дому

Парк ляжыць на троху паніжанай роўнядзі паміж двума дарогамі, прычым паўночная служыць дамбай для арандаванага прыватнікамі садку — зарыбленай сажалкі, што ўтворана на былой балацянцы, праз якую цячэ рэка Тачыя. Раней да яе прымыкаў сад. Паводле традыцыйнай планіроўкі асобныя паляны чаргаваліся масівамі дрэваў розных ліставых парод з адзінкавымі ялінамі. На захадзе парка пра былое нагадваюць руіны вялікай драўлянай капліцы (ці царквы) з глыбокімі каменнымі сутарэннямі, а таксама валуны і бут ад падмуркаў паркавай агароджы. Менавіта ў гэтай частцы парка, а таксама на ўязной алеі захаваліся адзінкавыя старыя дрэвы, што памятаюць Рамуальда Траўгута, Апаліна Гофмейстэра і шматлікіх прадстаўнікоў роду Стэлецкіх...

013.jpg

014.jpg
Некалі парк упрыгожвалі белыя акацыі, букі, бярозы, вязы, ліпы, ляшчыны, клёны, конскія каштаны, таполі, яліны, ясені, а таксама белы снежнаягаднік, бэз, рабіна, спірэя і розныя віды ружаў

015.jpg
Раней на поўначы сядзібы (за загарадкай) месціўся сад 

016.jpg

017.jpg


011.jpg

012.jpg
Краявіды другой паляны, што знаходзіцца на захадзе парку

Трэба мець на ўвазе, што ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь унесены толькі памятны знак на месцы сядзібы Рамуальда Траўгута. Будзем спадзявацца, што з цягам часу высілкамі дзяржавы і грамадскасці ўвесь мемарыяльны парк будзе ўключаны ў гэты спіс, адродзіцца і стане адным з найцікавейшых турыстычных аб’ектаў Бацькаўшчыны.

020.jpg

025.jpg

018.jpg
Руіны былой капліцы (ці царквы) на поўначы заходняй часткі парка 

021.jpg
   

022.jpg
Камяні ад падмуркаў агароджы сядзібы 

Пры падрыхтоўцы артыкула скарыстаўся даследаваннямі шаноўных спадароў Юрася Барысюка, Аляксандра Ільіна і Анатоля Федарука, за што выказваю ім вялікую падзяку. Удзячны і прадстаўніку славутага роду беларускай шляхты, кобрынцу ў сёмым калене Віктару Рафаловічу, які з зацікаўленасцю і адказнасцю паставіўся да правядзення вандроўкі ў Шастакова. 

024.jpg
Віктар Рафаловіч ахвотна дапамагаў аўтару ва ўсіх справах вандроўкі 

Марат Гаравы,«Новы Час».


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

ГУБАЗіК затрымаў 70-гадовага гомельскага барда Аляксея Ільінчыка

Як паведамляюць праваабаронцы, па звестках праўладных тэлеграм-каналаў, пенсіянера затрымалі з-за «„творчай“ дзейнасці...

valiancina_shauchenka
Культура

Парк Жылічы хочуць пераўтварыць у парк Булгакаў

Праект вынесены на грамадскае абмеркаванне, піша «Зялёны партал». Парк у Жылічах Міністэрства прыродных...

valiancina_shauchenka
Грамадства Асоба

Ірына Шушкевіч: «Станіслаў прасіў, каб на магіле паставілі крыж…»

Жонка першага кіраўніка незалежнай Беларусі распавяла «Народнай Волі», якімі для яе былі тры з паловай месяцы без...

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Абрад «Страла» ў Валасовічах. Новы фільм праекта «Кола беларускіх абрадаў»

Паглядзіце, як праходзіў абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы». Абрад праходзіў на Ушэсце ў вёсцы Валосавічы...

Апошнія навіны

    Грамадства
    ГУБАЗіК затрымаў 70-гадовага гомельскага барда Аляксея Ільінчыка
    Культура
    Парк Жылічы хочуць пераўтварыць у парк Булгакаў
    Грамадства Асоба
    Ірына Шушкевіч: «Станіслаў прасіў, каб на магіле паставілі крыж…»
    Культура Грамадства
    Абрад «Страла» ў Валасовічах. Новы фільм праекта «Кола беларускіх абрадаў»
    Грамадства
    Амбасадарка Швецыі Крысціна Юханэсан: «Успаміны пра Беларусь, якую я за гэты час шчыра палюбіла, будуць саграваць мяне дома...»
    Літаратура
    «Мастацкая літаратура» выпусціла аднатомнік з п’есамі і апавяданнямі Аляксея Дударава
    Грамадства
    Ганна Шаркунова: Мы павінны быць дома, нам вельмі шмат чаго трэба зрабіць!
    Грамадства Адукацыя
    Першы званок: шлях да ведаў ці нервовых зрываў?
    Літаратура Асоба
    «За працу я атрымала 100 долараў». Гэту мінчанку называлі літаратурным вундэркіндам, у яе была прэзідэнцкая стыпендыя, і яна жыла ў камуне хіпі. Вось што з дзяўчынай зараз
    Культура Грамадства Літаратура
    Міленіялы: раслі без глебы і ператварыліся ў перакаці-поле
    Адукацыя Беларусы свету
    У Польшчы вучыцца 11 тысяч беларускіх студэнтаў
    Грамадства
    Беларусь не хоча, каб яе грамадзяне скардзіліся ў ААН наконт парушэнняў правоў чалавека 
    Грамадства Беларуская мова
    Чалавек перайшоў на беларускую? Адкаркоўваем шампанскае!
    Грамадства
    Зняволенаму журналісту Анджэю Пачобуту выставілі новае крымінальнае абвінавачанне
    Грамадства
    У Гродне ўратуюць ад разбурэння найстарэйшую капліцу на Вайсковых могілках. Што для гэтага патрэбна

Афіша

  • 18.08

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя фотакнігі «Плошча перамен» Яўгена Ацецкага ў Варшаве

  • 18.08 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 18.08 — 25.09Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Лейпцыгу
  • 18.08 — 28.08Выстава Марка Шагала ў Мінску
  • 18.08 — 18.09Арганны фестываль Ars Magna Organi па гарадах Беларусі
  • 18.08Выстава «Odszkolnić!» у Беластоку
  • 18.08 — 19.09Выстава Сяргея Селіханава «Вяртанне» ў Віцебску
  • 18.08 — 04.09Выстава маляванак Яээпа Драздовіча ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Як аддавалі Беласток
    • Васіль Быкаў: «Мы — апошнія, Наша чарга...»
    • Рабіся інакшым — альбо загінеш
    • 50 гадоў ад забойства лідара руху нацыянальнага адраджэння
    • У Літве знайшліся тэксты, якія маглі належаць Кастусю Каліноўскаму
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM