У СШ №1 Валожына прайшоў фестываль народнай песні. Выступоўцы прадэманстравалі і народны танец “Кракавяк”. Кіраўніком праекта стала завуч школы Таццяна Паплаўская.
Перад залай выступіў калектыў роду Лямбовічаў “Крона”, які актыўна працуе ў накірунку адраджэння і захавання народных традыцый Валожынскага краю. Песні, музыка, касцюмы, чысцюткая беларуская мова выступоўцаў нібы заклікалі захоўваць і берагчы нашу спадчыну, адзначае 15 красавіка сайт газеты “Працоўная слава”.
Гледачы мелі магчымасць пачуць такія ўнікальныя народныя інструменты, як колавая ліра, дуда, акарына. Усім вядомыя скрыпка, гітара, баян, барабан гучалі ў адмысловай традыцыйнай манеры. Выступоўцы прадэманстравалі народны танец “Кракавяк”, далучыцца да якога хацелася кожнаму прысутнаму.
Цікава, што калектыў рознаўзроставы, таму выканаўцы нібы ўступаюць у дыялог з аднагодкамі. Удзельнікі “Кроны” пазнаёмілі дзяцей і дарослых з абрадавымі і каляндарна-абрадавымі народнымі песнямі, прадэманстравалі старадаўнія ўборы, якія некалі насілі на Валожыншчыне. Дарэчы, касцюмы зроблены рукамі ўдзельнікаў калектыву. Яго кіраўнік Лізавета Пятроўская прапанавала правесці ў бліжэйшы час для вучняў школы майстар-клас па ткацтве паясоў, гэтым відам рамяства прадстаўнікі калектыву займаюцца не адзін год. Пераможцам шматлікіх конкурсаў, айчынных і міжнародных фестываляў народнай творчасці зала апладзіравала стоячы.
Канцэрт прадоўжылі выступоўцы з ліку вучняў і педагогаў школы. Напрыканцы фестывалю прагучалі словы Пятра Біталя “Шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця”, якія трапна адлюстравалі настрой прысутных.