Быць нацыянальна свядомым сёння модна. Усё больш маладых беларусаў цікавяцца сваімі каранямі, гісторыяй, культурай. I гэта не проста словы – гэта з’ява, якую можна ўбачыць і адчуць. Узяць, напрыклад, «Калядны фэст», які адбыўся з месяц таму. На вечарынку прыйшло так шмат гасцей, што не ўсе нават здолелі змясціцца ў памяшканні клуба. Не так даўно адкрыліся і запрашаюць усіх жадаючых моўныя курсы «Мова цiКава» і «Мова нанова».
I вось наступнае звяно ў гэтым ланцужку – музычны кліп ад конна-гiстарычнага клуба «Залатая шпора». Не проста кліп, а на верш «Пагоня» нашага класіка Максіма Багдановіча. Прыгожая песня, цудоўны голас і сумны аповед аб лёсе патрыётаў, якія ў 1812 годзе змагалiся за сваю краiну. Прычым з двух бакоў.
З гісторыі вядома, што ў армію Напалеона ўлiлося 25 000 нашых суайчыннiкаў. Нiхто не прымушаў iх гэта рабiць. Яны самі выбралі свой лёс i пайшлі за французскiм iмператарам таму, што той абяцаў вызвалiць краiну ад расійскага прыгнёту i аднавiць Вялiкае княства Лiтоўскае. Амаль усе лiтвiны загiнулi альбо вымушаны былi пакiнуць Радзiму. Вось пра гэта i распавядаецца ў клiпе.
– «Пагоня» – гэта вельмi старажытны герб нашай краіны, якi мае традыцыю i памяць. Уланы ваявалi менавiта пад знакам «Пагонi». Таму гэтая песня i была абрана для клiпа, – кажа кiраўнiк конна-гicтарычнага клуба «Залатая шпора» i iдэйны натхняльнiк здымкаў Павел Калiнкоў.
Гэта яго голас i гiтару мы чуем у песнi. А музыка, дарэчы, узята з творчасцi мужчынскага хора «Унiя», якi выконваў «Пагоню» ў 90-я гады мiнулага стагоддзя. Павел увогуле асоба неардынарная. Больш за 10 гадоў ён кiруе клубам, якi аднаўляе сярэднявечную гiсторыю нашай краiны. Таксама Паўлу i яго камандзе цiкава займацца Дзiкiм Захадам (штогадовыя радэо ў Валожынскiм раёне – справа рук «Залатой шпоры») ды ўланамi. 17-ты ўланскi полк Вялiкага княства Лiтоўскага – любiмы праект Паўла – i зняўся ў клiпе.
– Iдэя ў мяне выспела вельмi даўно, – распавядае Павел, – некалькi гадоў таму. Справа ў тым, што ў нас ёсць безлiч добрых i прыгожых савецкiх фiльмаў пра людзей, якiя ваявалi з аднаго боку, i нiчога не напiсана, не сказана пра тых, хто змагаўся з другога боку. А яны таскама баранiлi свае iдэалы, адстойваючы свабоду сваёй краiны. Таму мы i вырашылi выправiць гэты недахоп, наколькi ў нас хапiла моцы. Гэта па-першае. А па-другое, мэта рэканструкцыi – гэта поўны ўваход ў эпоху. Адчуць, як гэта было «тады» – у гэтым самы смак. I, мне здаецца, у клiпе мы гэтага дасягнулi – дух эпохi прысутнiчае.
– Я не прафесiянал у здымках, – працягвае Павел. – Прафесiйныя ў кiнасправе людзi спачатку пiшуць сцэнар. У мяне ж былi толькi вобразы, звязаныя ў ланцужкi. Таму мы спачатку знялi, а пасля ўсё гэта пачалi збiраць. Але, здаецца, усё атрымалася. I тут мне вельмi дапамагла рэжысёр Вольга Жукава. Дзякуй ёй за гэта! Таксама хачу падзякаваць аператару Эдгару Грышчуку i Ганне Харчанка. Гэта яе віяланчэль гучыць у клiпе.
Цiкава, што самi здымкi пачалiся прыкладна два з паловай гады таму. Усё вiдэа было атрымана за восень i зiму. Але пасля было доўгае выспяванне клiпа – праца з гукам, са сцэнарам, мантажом. Было зроблена шэсць спроб зборкi, але адна за другой яны былi адкiнуты ў пошуках iдэала.
Прынамсi, песня «Пагоня» была запiсана Паўлам прыкладна паўтара гады таму. Па сакрэту Павел прызнаўся, што «Пагоня» – гэта толькi адна з мноства iншых патрыятычных песень, зробленых у дуэце з вiяланчалiсткай Ганнай Харчанка. Так што неўзабаве можна чакаць выхаду цэлага альбома. Але аб гэтым пакуль гаварыць зарана.
– Гэты клiп, – працягвае Павел, – увасабленне сутнасцi нашага 17-га ўланскага палка. Усiм нам вельмi хацелася, каб нашыя суайчыннiкi задумалiся над тым, што за iмi стаяць пакаленнi герояў, каб беларусы ганарылiся cваёй гiсторыяй.
Цiкава, што сам Павел нiяк не пiярыў сваю працу. Проста змясцiў клiп i даў спасылку сябрам. I вось вынiк: за тры днi амаль тысяча праглядаў. I шмат каментарыяў. Напрыклад, такiх:
«Дзякуй! Сапраўды кранае. Хвалюе…», «Ух… Нават горла сціснула. Па-сапраўднаму зроблена! Шчыры дзякуй, Поль (iмя Паўла ў руху рэканструктараў – заўвага аўтара) і ўсе стваральнікі кліпа. Шчыры дзякуй і нізкі вам паклон. Хто ведае, можа калісьці гэтая песня стане гімнам краіны…», «Я з ранку ўжо раз 7 ці 8 перагледзеў!..»
Гэта кранае i дае надзею, што адраджэнне беларускай культуры неўзабаве адбудзецца. Бо, як казаў некалi светлы Маленькi Прынц, калi зоркi запальваюцца, гэта камусьцi патрэбна!
Кацярына ГУСЕВА, tio.by