«...Яму прыпісалі некалькі страшных артыкулаў, а ён толькі пасмейваўся, што ўсё гэта глупства, няма ніякай зачэпкі для абвінавачвання, суцэльная хваравітая фантазія следчых. Суд разбярэцца, усё рассыплецца пылам, і мы хутка сустрэнемся дома. Ён заўсёды быў аптымістам, і не хацелася расчароўваць скепсісам...»
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была адной з самых страшных начэй для Беларусі. У гэтую ноч бальшавіцкія каты пазбавілі нашу краіну голасу — голасу сумлення — расстраляўшы 26 беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў. 26 жыццяў. Дзясяткі кніг. Сотні вершаў. Адна беларуская культура, якая і па сёння перажывае гэтую вялікую страту.
Да гадавіны «Ночы расстраляных паэтаў» «Новы Час» расказвае пра некаторых з тых, чые вершы ўжо больш за 80 гадоў шапочуць хвоі ў курапацкім лесе.
Юрка Лявонны
Ёсць паэты, якіх адкрываеш для сябе як цэлы сусвет, вершы якіх з’яўляюцца арганічным працягам іх саміх. Пра такіх чытаеш з захапленнем, з гонарам за тое, што ідзеш іх шляхамі, такіх ставіш сабе ў прыклад. Ёсць паэты, пасля знаёмства з якімі, як мантру, паўтараеш, што трэба размяжоўваць аўтара і чалавека — настолькі непрыемным аказваецца знаёмства. Ёсць паэты, якіх, пры ўсёй тваё прынцыповасці і максімалізме, ты мусіш зразумець, улезці ў іх шкуру, паставіць сябе на іх месца. Часам на гэта не хапае сіл. Але бывае, гэта атрымліваецца так удала, што яны — гэтыя неідэальныя, амаральныя, непрыемныя, — становяцца любімымі.
А здараецца гэта проста. Дакладней, канешне, зусім не проста, але з гістарычнай перспектывы, для чалавека, які чытае звычайны артыкул, гэта толькі пара абзацаў. Восем дзясяткаў гадоў таму гэтыя пара абзацаў былі чыімсьці жыццём. І вось яно праходзіць, пралятае ў адно імгненне ў эйфарыі сацыялістычнага будаўніцтва, у апяванні светлай камуністычнай будучыні, і нішто не паказвае на тое, што аднойчы гэтая будучыня табе здрадзіць. А калі гэта здараецца — моцны ўдар у самае сэрца — і ў цябе расплюшчваюцца вочы, вось тут якраз і надыходзіць момант, які вырашае ўсё ― ці палюбіць цябе праз гады той, хто будзе чытаць твае вершы, ці апраўдаеш ты яго чаканні. І калі гісторыя заканчваецца годна, нікому пасля не будзе сорамна прыбраць пыл з тваіх кніг.
Юрка Лявонны — Леанід Мікалаевіч Юркевіч — нарадзіўся 16 (29) ліпеня 1908 г. у горадзе Чавусы Магілёўскай губерні (цяпер Магілёўская вобласць) у сям’і настаўнікаў. У доме бацькоў было шмат кніг, і гэты факт меў вырашальнае значэнне для лёсу будучага паэта, начытанасць якога будзе бачная потым скрозь радкі яго вершаў. Скончыў Чавускую сямігодку, Магілёўскі педтэхнікум і Мінскі педінстытут (крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта). Творчыя задаткі ў яго праявіліся яшчэ ў школе, а свой першы верш — «В дни скорби» — Лявонны надрукаваў у 1925 годзе ў магілёўскай газеце «Соха и молот» пад сапраўдным прозвішчам. Так пачаўся шлях 17-гадовага юнака ў літаратуру.
У верасні 1925-га ён узяў сабе псеўданім Леанідаў і пад ім друкаваў вершы, артыкулы і рэцэнзіі ў газеце «Магілёўскі селянін», а ўжо ў кастрычніку таго ж года паэта прынялі ў Магілёўскую філію «Маладняка».
Юрка Лявонны, псеўданім, які прынёс яму вядомасць, з’явіўся ўвесну 1926 года і быў утвораны ад сапраўднага імя паэта — Лявон (Леанід) Юркевіч.
Тагачаснае жыццё было атручана ідэалогіяй, якая была не толькі формай выяўлення, але і ладам думак. Калі хацелася жыць, трэба было думаць па-савецку. Малады Юрка Лявонны грашыў «буржуазнасцю»: яго абвінавачвалі ў «левым імажынізме» і «амерыканізме», «хібах фармальнага парадку». Мяркуйце самі, ці мог прыстойны савецкі літаратар напісаць такі верш?
Зімовая радасць
Ёсць настроі... А ў іх — пералівы.
Ёсць часіны — здаюцца сном.
Толькі той на свеце шчаслівы,
Хто узімку жыве, як вясной!
Я стаю адзінокі на полі, —
Ціха сыплецца золкаў пясок...
Распрануўся вецер — і голы —
Па раллі — ў карагодны скок!..
Дуб галлё пабялелае звесіў,
І не ведаю — можа, ўва сне —
Паваліўся зялёны месік
На калені ў срэбны снег...
Вецер шэпча ліхія пагрозы —
Колькі злосці... Куды ж яе дзець?..
Прытулілі б мяне вы, марозы,
Да асмужаных беллю грудзей!..
Я раздумаў — не вылью слязамі,
За мяне — хай скрыгоча зіма...
Ой ты, замець — сівая замець, —
Прыгажэй за цябе — няма!..
«Канешне, не мог», — адкажаце вы. Вось і Лявоннаму давялося «пакаяцца». 13 траўня 1926 года ў «Аўтабіяграфічнай характарыстыцы» сямнаццацігадовы хлопец напісаў:
«Лічу для сябе досыць шкодным маё апошняе захапленне імажынізмам, якое, безумоўна, не зусім адпавядае мэце аб’яднання, да якога я належу...
Думаю, што гэта плынь, пад цвярозым поглядам на мэты пралетарскай творчасці, — пройдзе, як і шмат чаго праходзе ў 17 гадоў!..
Застанецца толькі здаровы, рэальны падыход да абмалёўвання жыцця, застанецца бадзёрае, светлае мэтаімкненне на грунце класава-марксісцкай ідэалогіі».
Так Юрка Лявонны стаў «пралетарскім паэтам». Ён выступаў у друку з крытыкай «вобразнасці» ў творах маладых аўтараў, Язэпа Пушчу вінаваціў у імажынізме, пісаў вершы, прысвечаныя класаваму змаганню, антырэлігійнай барацьбе, Чырвонай арміі, з’езду калгасаў. Усё, што было жывога, адметнага, у іх знікла, гэта былі вершы-агіткі — тое, чаго патрабаваў час і што дазваляла заставацца на плыву.
Яшчэ ў Магілёве Лявонны пазнаёміўся з актрысай мясцовага тэатра Яўгеніяй Гольберг. Пара неўзабаве ажанілася і ў 1930-м пераехала ў Мінск. Жылі на вуліцы Фурманскай, 9, мелі дачку Іну, якая нарадзілася ў 1935 годзе і якую пасля арышту бацькоў забралі ў дзіцячы дом.
З 1930-га па 1932-і Юрка Лявонны практычна адным махам выдаў 5 кніг паэзіі і зборнік нарысаў. Назвы адпаведныя: «Камсамольскія вершы», «Штурм», «Жалезныя віхуры», «Разбег», «Стала і мужна», «Крок пяцігодкі».
Разам з тым, парадаксальным чынам ён жа — аўтар верша пра Кастуся Каліноўскага:
...Слухай, вёска,
Запечная, цьмяная!
Вестку волі Кастусь прынёс...
— Тваё цела ў нязлічаных ранах,
Ланцугамі акован лёс...
— Выхадзі-ж на паўстанак, жытнёвая, —
Час памерацца сілай даўно!
Заспяваеш тады песні новыя,
Як прагоніш з зямлі паноў.
Нікне ў цвецені рань цёмна-шэрая.
Шмат загінула там,
на масту...
Беларусь Кастусю паверыла —
І пайшоў на паўстанне Кастусь...
Бізуны... Бізуны... Зорка бліскае.
А ў лясох —
Для паўстанца прастор!..
Ой, крывавы туман на Лукішках
І над Горадняй крыўды стон...
Да змагання прызыўныя тоны
Строфы коўкія
ў сэрцы выбілі...
...Беларусі палеткі звоняць
Шэрагам
шэрых
шыбеніц.
І надоўга,
надоўга замоўклі
Кастуся агнявыя словы.
І праводзілі белыя воўкі
Мураўёўскія прапановы...
Разгуляліся ветры па полю,
Але памяць аб тым не замесці,
Хто аправіў мужыцкую волю
У паўстанцкія, смелыя песні!..
За чырвонай мяжой —
шал і лёскат.
Але стануць і там у калоны —
Не адзін Кастусь Каліноўскі,
А такіх, як ён — мільёны!..
Шэсць кніг — гэта не так ужо і мала, калі табе толькі дваццаць з хвосцікам. Але паэт не збіраўся на гэтым спыняцца і планаваў яшчэ некалькі: зборнік апавяданняў «Човен у моры», кніга выбранага «Радком і сэрцам» і сумесны зборнік Лявоннага, Шушкевіча і Піваварава «Ордэр на заўтра». Планам ажыццявіцца было не дадзена: хутчэй за ўсё, па той прычыне, што паэта абвінавацілі ў «контррэвалюцыйных вершах». На першы раз справа абышлася выключэннем з педінстытута, дзе ён усё адно неўзабаве аднавіўся.
Другі раз лёс напаткаў «палымянага пралетарыя» 30 кастрычніка 1936 года: Юрка Лявонны быў арыштаваны як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» і расстраляны праз год, у страшную ноч з 29-га на 30-е кастрычніка 1937-ма. Пра час у турме пісаў яго сябар Сяргей Грахоўскі, які прайшоў праз Салавецкія лагеры і выжыў:
«У верасні 1937 мяне перавялі ў гарадскую, кацярынінскіх часоў, турму і кінулі ў агульную камеру. Якраз пад ёю, акно пад акном, у сутарэнні сядзеў Юрка Лявонны. Вокны забіты так званымі «наморднікамі». Святло падала толькі зверху, а гук ішоў угару. Мы адразу пачалі з Юркам перагаварвацца. Яму прыпісалі некалькі страшных артыкулаў, а ён толькі пасмейваўся, што ўсё гэта глупства, няма ніякай зачэпкі для абвінавачвання, суцэльная хваравітая фантазія следчых. Суд разбярэцца, усё рассыплецца пылам, і мы хутка сустрэнемся дома. Ён заўсёды быў аптымістам, і не хацелася расчароўваць скепсісам.
Лявоннага ведала ўся турма і кожны досвітак чакала яго выхаду «ў эфір». Нас, «палітычных», адразу пазбавілі кніг і газет. На апошнім паверсе сядзелі непаўналетнія злачынцы. Іх старанна перавыхоўвалі — давалі газеты і чыталі кнігі, але не дазвалялі курыць. Лявонны з імі ўстанавіў сувязь: на досвітку дыктарскім голасам гукаў: «Атанда! Давай каня». Праз якую хвіліну на завязаных матузках спускаўся скрутак газет проста ў „наморднік“ Юркавай камеры, а назад па сігнале «Трымай!» узнімаўся пачак махоркі. Неўзабаве з падвальнага акна чуўся выразны, добра пастаўлены голас Лявоннага: «Увага! Слухайце навіны». І пачынаўся сціслы агляд газетных паведамленняў, потым ён пераходзіў да турэмных навін: каго выклікалі на допыт, хто на каго накляпаў, каго арыштавалі. З асаблівай асалодай ён паведаміў, што былы пракурор Глезер, які падпісваў на нас ордэры, на трэцім паверсе турмы выносіць парашу. Кожны досвітак, пакуль драмалі наглядчыкі, турма слухала «перадачы» Лявоннага.
Прыкладна ў канцы верасня Лявонны «не выйшаў у эфір». Усе ўстрывожыліся. Выстукваю «бястужаўкай» у яго камеру: «Дзе Юрка? Чаму маўчыць? Адказ: «Выклікалі на суд без рэчаў». Назаўтра зноў маўчыць шостая камера, на наступны таксама. Праз чатыры дні паведамілі з сутарэння: «Не вярнуўся. Забралі рэчы».
З тых, хто праходзіў з ім па адной справе, Юрка Лявонны быў адзіным, хто, нягледзячы на катаванні, не падпісаў данос на Цішку Гартнага, якога абвінавачвалі ў «сувязі з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі».
28 кастрычніка 1937 года пазасудовы орган НКУС прысудзіў Лявоннага да смяротнага пакарання з канфіскацыяй маёмасці. 29 кастрычніка прысуд быў прыведзены ў выкананне. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Яго жонка, Яўгенія Гольберг, была арыштаваная 5 лістапада 1938 года як «член сям’і ворага народу». Ёй прысудзілі 8 гадоў лагераў, вызваленая яна была 5 лістапада 1945-га і рэабілітаваная ў 1956-м.
Лёс дачкі Іны, якую забралі ў дзіцячы дом, невядомы.
У 2018 г. у выдавецтве «Галіяфы» выйшла кніга «Пералівы» з вершамі Юркі Лявоннага, укладальнікам якой быў Віктар Жыбуль. А ў 2017-м гурт «Vuraj» запісаў песню на верш Лявоннага «Зімовая радасць».
Падарожнае
(у падшэфную)
Поле, поле! Гуляе вецер...
Пералескі... І срэбны снег...
На марозе жаданняў вецце
Заплялося ў бунтоўным сне.
Раззлаваліся ёлак атрады...
Вецер, вецер! Не рвіся дарма...
І прагоніць кудлатая радасць
З пасівелых палёў туман.
Хутка думак прыстане човен
Да празрыстых дзён-берагоў.
Толькі золкі — ружовыя пчолы
Зашнуруюць з усіх бакоў!
Вось прыехалі. Стала падвода.
Скрозь па вёсцы відаць агні,
Бо ўжо радасць мая — на ўзводзе,
І на струнах — гудзяць авадні!..
Правады
За высокім акном правады —
Гнуткай меддзю апраўлены дрот.
І бягуць тэлеграмы ўпярод,
І сплываюць, як ранішні дым...
Кожны з нас на зямлі толькі госць:
Гэта — вечная радасць і драма...
Як па медных дратох тэлеграма ―
Прамільгне і мая маладосць.
І не ўспомніць таго, што чыталі,
Што казалі пяшчотнае: «Вер!»...
Паглядаць будзе сённяшні верш
Мармуровай, забытай скрыжаллю.
За высокім акном правады
Дзіўнай музыкай сэрца нітуюць.
Песню іхную — гэтак прастую —
Ловяць вёскі, палі, гарады...
Правады, уцякаючы, звоняць,
Абдае іх рыжэючы пыл,
І гудзяць пры дарогах слупы
Ад Дзвіны да глыбокага Дону.
За высокім акном правады,
За высокім акном — шумны горад...
Пралятаюць — і шчасце, і гора,
Як ружова-расцвечаны дым.
Аборт
Калі ішла — гарэлі блікі
На скрыжаваннях шэрых пліт,
І так хацелася паклікаць
Таго, хто болем
Ў сэрца ўліп.
Было звычайна ўсё і проста
Ў абломках чэрвеньскага дня.
І не было каго на ростань
Ні прыгалубіць,
Ні абняць...
І сцены душнае бальніцы
Схавалі нерашучы крок.
Гарэлі ў сонцы камяніцы
І ад чакання
Стыла кроў.
А як на поўдзень
Сталі цені
І спахмурнеў бальнічны сад —
Дрыжэлі вузкія калені
І пакаёвы далягляд...
І знікла радасная мэта, —
Маўклівы доктар
Яе сцёр.
І бляск халоднага пінцэта
На міг запаланіў жыццё.
Было забойства эпілогам.
Пасля яго — не йдуць назад...
І толькі сонца
Дзесь за логам
Кідала золата ў закат.
У артыкуле выкарыстаныя матэрыялы кніг «Расстраляная літаратура» («Беларускі кнігазбор», 2008), «(Не)расстраляныя» («Янушкевіч», 2021), адкрытай лекцыі Віктара Жыбуля і артыкула Васіля Дранько-Майсюка.
Крысціна Бандурына, «Новы Час»