Чыноўнікі РБ нядаўна парадавалі новай пастановай: ствараецца рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Гэта значыць, што калі цябе ў рэестры няма, то ладзіць мерапрыемствы ты не маеш права. Абсурд? Так.
Каб трапіць у рэестр, трэба накіраваць заяву ў Мінкульт. А там ужо збярэцца камісія, каб падумаць, што з вамі рабіць: «...Яна ўлічыць мастацкі ўзровень культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, праведзеных арганізатарам. Таксама камісія зверне асаблівую ўвагу на наяўнасць фактаў адмены мерапрыемстваў без уважлівых прычын, іх правядзення з парушэннем патрабаванняў Кодэкса аб культуры, іншых актаў заканадаўства».
Гэта азначае поўную манаполію дзяржавы і верных ёй структураў на любую культурную актыўнасць. Цябе няма ў рэестры — цябе няма ў культуры. Калі за спінай хоць які пратакол, сувязі з НДА або жоўта-блакітная аватарка ў фэйсбуку, шанцы трапіць у чароўны спіс блізкія да нуля.
Ёсць і такі момант: калі ты падаўся, але табе адмовілі, дзяржава будзе ведаць, што ты патэнцыйна можаш нешта арганізоўваць... Здольны — значыць, небяспечны. Далей можна не тлумачыць.
Асобнае пытанне — што лічыць культурна-забаўляльным мерапрыемствам? Паход у музей, вандроўка з сябрамі, выезд на шашлыкі — гэта што?.. Зрэшты, мы добра памятаем, як працуе юрыдычная эквілібрыстыка, калі «тры чалавекі — гэта масавае мерапрыемства», а шкарпэткі «няправільных» колераў — адзіночнае пікетаванне...
Абсурд? Так.
Беларусь працягвае пераўтварацца ў краіну «Не». Краіну табу, адмоваў, забаронаў, шлагбаумаў, сценаў і перагародак. Краіну, дзе зеленгас рубіць дрэвы, а Мінкульт — забараняе культуру. Калі па-руску загугліць «у Беларусі забаранілі...», выскачыць кніга Оруэла «1984». Калі загугліць «у Беларусі дазволілі...» — самагонаварэнне і смяротнае пакаранне.
Забароны чаго-кольвек сталі настолькі звыклай часткай рэчаіснасці, што перасталі здзіўляць. Гэта арганічная частка ландшафту: як балоты, чарот, сасёнкі з бярозкамі.
Калі ў Беларусі забароняць джынсы, накцюрны Шапэна ці вібратары — ніхто не здзівіцца. А таварышы ў пінжаках з тэлевізара, якія называюць сябе журналістамі, усё «граматна» патлумачаць.
Культура забаронаў — гэта нешта вельмі архаічнае. Усе плямёны пачыналіся з табу. Так было трэба, каб людзі не пазабівалі адно аднаго. Адсюль умоўныя 10 запаветаў і страшныя кары за іх невыкананне. Іншая справа, што агулам для чалавецтва гэта пройдзены этап. Гэта дзяцінства і юнацтва. Сталае грамадства робіць стаўку на свабоду. Маўляў, дарослыя ўсе людзі: жывіце, як хочаце. Толькі не замінайце адно аднаму.
Тут жа мы маем справу з жорсткім запіхваннем дарослых людзей у дзіцячы садок, дзе сняданак, абед, «ціхі час» і забавы — толькі па раскладзе. Па гадзінах. Пад наглядам выхавацелькі. Пад кантролем. Кантроль як такі стаў нацыянальнай ідэяй, хоць раней, здаецца, была праца. Але кантроль стаў важнейшы за працу. Выхавацелька — важнейшая за дзяцей.
Абсурд? Так.
Зусім нядоўга жывучы ў Польшчы, я здзіўляюся камунікабельнасці людзей. З табой могуць пачаць размову на эскалатары, у ліфце, на пешаходным пераходзе, чакаючы зялёнага святла. Пра надвор’е або футбол. Лёгка, з усмешкай. У Беларусі нешта падобнае пачало з’яўляцца ў 2020-м, але вельмі хутка зноў саступіла месца савецкай шэрасці, дзе панурае маўчанне заўсёды мае рацыю. Або — адказы ў стылі: «Не ведаю», «Не мая справа», «Гэта неадназначна».
Ці трэба казаць, што сістэма, збудаваная на татальных забаронах, якія ты нават не можаш запомніць, забівае любую ініцыятыву? Замест шырокага прыгожага прастору атрымліваем вузенькі калідор, па якім можна ісці толькі па камандзе. Толькі ў вызначаным кірунку. Не азіраючыся і не перамаўляючыся з тымі, хто побач.
Магчыма, гэта і ёсць тое самае вырошчванне ўладамі «свайго народа». Фармальна і нават генетычна беларускага, але — выключна апцыянальнага. Службовага прызначэння. Народу, які існуе дзякуючы свайму кіраўніку і — для яго патрэбаў. Хочацца сказаць: «У іх нічога не атрымаецца». Але ва ўмовах выціскання нязгодных, замуроўвання ўваходаў-выхадаў і курсу на татальную ізаляцыю — цалкам магчыма.
Абсурд? Не ведаю. Не мая справа. Гэта неадназначна.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Фота ў шапцы - BBC