Сёлета спаўняецца 100 гадоў з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а да 25 сакавіка засталося ўсяго нічога. На замову Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і кампаніі “Будзьма беларусамі!” вядомы беларускі дызайнер, кіраўнік студыі “Адліга” Анатоль Лазар распрацаваў лагатып “Крылы БНР”, які стаў адным з сімвалаў святкавання гэтай важнай падзеі для беларускай дзяржаўнасці. За аснову быў узяты герб “Пагоня”, які выкарыстоўваўся ў 1918 годзе.
Мы зрабілі невялікі агляд рэчаў, дзе ўжо выкарыстоўваецца гэты лагатып. Сярод іх каляндар, адзенне і нават манеты! Набыць іх можна ўжо цяпер, каб зрабіць прыемны падарунак сабе і блізкім.
I.Каляндар “Адрасы БНР. 1918 – 2018”
Гэты каляндар быў падрыхтаваны выдавецтвам “Кнігазбор” адмыслова да юбілею. Густоўна аформлены і інфармацыйны, ён змяшчае выявы дванаццаці будынкаў, у якіх у розны час адбываліся падзеі, звязаныя з БНР. Прычым у спісе не толькі Беларусь, але і Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія і нават Амерыка!
Уклала каляндар гісторык Наталля Гардзіенка, якая займаецца вывучэннем беларускай эміграцыі, а мастацкае аздабленне выканаў Анатоль Лазар.
Звярніце ўвагу: набыць каляндар можна толькі ў незалежных распаўсюднікаў!
IІ. Адзенне і сувеніры “Крылы БНР”
Крама “Мой модны кут” выпусціла цэлую лінейку адзення і сувеніраў пад назвай “Крылы БНР”. Ужо цяпер у наяўнасці цішоткі і світшоты, а таксама кубкі. Неўзабаве маюць таксама з’явіцца іншыя сувеніры: магніты, асадкі, налепкі і паштоўкі. Сачыце за навінамі і заходзьце часцей у Маскоўска-Венскі гандлёвы цэнтр на трэці паверх (пр-т Незалежнасці, 58, пав. 333).
Звярніце ўвагу: Ужо цяпер у краме дзейнічае акцыя: калі набыць дзве цішоткі з “Крыламі БНР”, каляндар “Адрасы БНР. 1918 – 2018” – у падарунак!
IІ. Манета “100 год БНР”
Адмыслова да юбілею мастак-аматар з Дзяржынска Валерый Сіманаў вырабіў сувенірную манету “100 год БНР”. Гэта ўжо трэцяя манета з серыі “Мая краіна Беларусь”.
На аверсе латуневай манеты знаходзіцца стылізаваны герб “Пагоня” 1918 года з крыламі, такі ж, як на календары і свішотах. З поўным апісаннем аверса і рэверса, а таксама іншымі характарыстыкамі можна пазнаёміцца тут, а замовіць – тут.
Манеты пабачаць свет цягам лютага. Дасылка ажыццяўляецца ў любую мясціну свету.
Звярніце ўвагу: наклад манет – усяго 100 штук, дадатковай чаканкі не будзе.
Сустрэнем свята годна!
Яраслаў Імхоўскі, budzma.by