27 чэрвеня 1707 года войскі Пятра I падчас Паўночнай вайны са шведамі ўзялі Быхаў, абарону якога ўзначальваў генерал ВКЛ Крыштаф Казімір Сяніцкі, пастаўлены туды па сутнасці Пятром I. Штоооооо? Сітуацыя на першы погляд зусім незразумелая, і тым не менш у гэтай цудоўнай гісторыі усё лагічна. Перанясёмся ненадоўга ў адзін з самых трагічных для беларускіх зямель момантаў, у пачатак XVIII стагоддзя.
Паўночная вайна для ВКЛ не стала зменай мірнага часу на ваенны — проста «Дамавая вайна», якая ішла ў краіне ўжо некалькі гадоў, плаўна змяніла фармат і стала Паўночнай. Разгромлены род Сапегаў усё ж захаваў пэўны ўплыў і ахвотна падтрымаў шведскага караля Карла XII, чакаючы ад яго вяртання ўлады ў Княстве ў абмен на лаяльнасць. Родавая крэпасць Сапегаў, Быхаў, была першакласнай, пабудаванай з улікам усіх сучасных дасягненняў абарончай архітэктуры — гэта быў адзіны каменны замак на ўсходнебеларускіх землях. У Быхаве і ўмацаваліся прыхільнікі Казіміра Яна Сапегі, калі ў 1702 годзе іх прыйшлі выбіваць з замка прарасійскія сілы, якія супрацьстаялі Карлу XII. У канцы жніўня — пачатку верасня пад Быхаў былі сцягнутыя значныя сілы (тры палкі казакоў, татарская конніца, артылерыя) пад кіраўніцтвам Крыштафа Казіміра Сяніцкага. Горад быў акружаны, і пачалася правільная аблога. Велізарная пушка— «галандка» з Магілёва — тварыла сваімі 52-фунтовымі ядрамі вялікія разбурэнні ў крэпасці, і ў выніку 10 кастрычніка гарнізон Быхава здаўся Сяніцкаму на ганаровых умовах, прысягнуўшы каралю і вялікаму князю Аўгусту II Моцнаму, якога падтрымліваў Пётр I. З блаславення рускага цара Сяніцкі стаў кашталянам горада. Так пачалася быхаўская эпапея.
Хто ж стаў гаспадаром Быхава? Аўгуст Моцны? Пётр I? Не і не. Фактычным «быхаўскім каралём» стаў сам Крыштаф Казімір Сяніцкі. Ва ўмовах вайны і адсутнасці татальнага кантролю зверху ён стварыў на Быхаўшчыне сваю дзяржаву, якая ўключала і Магілёўскую эканомію — практычна ўсе падаткі з гэтых тэрыторый цяклі ў яго бяздонную кішэню. Умацаванні Быхаўскага замка ён узмацняў і перарабляў гэтак жа, ні з кім не раячыся, пры гэтым гісторыкі адзначаюць, што гэтае ўзмацненне было дасягнутае «крывавай людской працай» — работнікаў не шкадавалі. Адначасова генерал Сяніцкі паспяваў яшчэ ваяваць на баку рускіх са шведамі ў Кароне Польскай, атрымаў чын генерал-маёра, асабіста Аўгуст Моцны надаў яму чын літоўскага мечніка, даў Чачэрскае староства і іншыя ўладанні.
Час ішоў, багацце Сяніцкага расло, вакол працягвалася вялікая вайна і дзеялася вялікая палітыка. У верасні 1706 года ў гэтай палітыцы адбыўся нечаканы паварот: Аўгуст Моцны, за якім паўсюль ганяўся па Польшчы Карл XII, паводле Альтранштэцкай дамовы адрокся ад стальца Рэчы Паспалітай. Зразумела, што адрачэнне было абсалютна вымушаным, і прыхільнікі Аўгуста ў асноўным і не падумалі прысягаць яго канкурэнту, шведскаму стаўленіку Станіславу Ляшчынскаму. Прыхільнікі — але не Сяніцкі.
Сам ён, як высветлілася, ні найменшага піетэту ні да Пятра, ні да Аўгуста не меў. Яны дапамаглі стаць галоўным у Быхаве? Дзякуй вялікі, але далей nothing personal, only business. І ў рамках свайго «бізнесу» генерал збіраўся перайсці на бок шведаў і іх стаўленіка. Ужо ў лютым 1707 года хітры генерал атрымаў ад Ляшчынскага амністыю і пацвярджэнне большасці чыноў і ўладанняў, пасля чаго адправіўся ў Быхаў. Пры гэтым дасведчаны генерал не стаў адразу рваць і з рускім царом, вырашыўшы пацягнуць час і па магчымасці падмануць Пятра — царскі пасол Нарышкін быў ласкава прыняты, усе падазрэнні ў сваёй здрадзе Сяніцкі паспрабаваў абвергнуць і нават пісьмова пацвердзіў, што па-ранейшаму застаецца пад рускай рукой. Падман не атрымаўся: у Пятра ўжо была перапіска Сяніцкага з Сапегамі, і генералу Боўру было загадана любой цаной узяць Быхаў і захапіць занадта разумнага генерала ў палон.
У канцы красавіка 1707 года Сяніцкі даведаўся пра тое, што ёсць магчымасць добра зарабіць. Са Смаленска адправіўся канвой, які вёз велізарную суму ў 30 000 рублёў на аплату войскаў ВКЛ. Справядліва вырашыўшы, што грошы на дарозе не валяюцца, Крыштаф Казімір адправіў на перахоп буйны атрад. Ахова канвою была выразаная, грошы апынуліся ў Сяніцкага. Рускія не захацелі пакідаць такі эксцэс без наступстваў: за атрадам генерала пачалася пагоня, і частку грошай царскім войскам удалося вярнуць. Зрэшты, і тых, што засталіся, хапіла на аплату трох палкоў.
А палкі гэтыя яму вельмі і вельмі спатрэбіліся — ужо ў канцы вясны Пётр вырашыў разабрацца з генералам сур’ёзна. На Быхаў адправіліся дзясяткі расійскіх палкоў пад камандай генералаў Боўра, Чамберса, Фонвердэна і Валконскага. Сяніцкі адправіў Карлу XII пасланне з просьбай дапамагчы войскам, але таму было не да паходу на Падняпроўе. А вось Пётр нічога супраць такога паходу не меў, і аблога Быхава пачалася. Кругласутачна на замак падалі сотні ядраў, бамбардзіроўка не спынялася некалькі дзён. У выніку Сяніцкі зразумеў, што варыянтаў няма — трэба здавацца. 25 чэрвеня 1707 года было падпісанае пагадненне аб здачы Быхава рускім войскам. Спачатку ўмовы меркавалі ганаровую капітуляцыю з амністыяй удзельнікам абароны і свабодным выхадам за межы горада — але Пётр загадаў у абавязковым парадку захапіць і пакараць Сяніцкага. Таму ніякія дамовы для рускіх генералаў былі не ўказ — пасля здачы Быхава генерал і яго брат неадкладна былі закутыя ў кайданы і адпраўленыя ў сібірскую спасылку. Магутная быхаўская артылерыя была вывезеная, а ў самім горадзе сем гадоў стаяў рускі гарнізон, які пасля свайго адыходу яшчэ і падарваў быхаўскія ўмацаванні, пазбавіўшы горад і замак абароны.
Сам Крыштаф Казімір Сяніцкі да месца спасылкі не даехаў — памёр ад цынгі па дарозе ў 1711 годзе. Пахавалі яго недзе на рацэ Об, але дзе — невядома.
Дзяніс Буркоўскі