Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 14-15 кастрычніка

12.10.2023 Культура

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Канцэрт Алеся Чумакова ў Мінску, PRADMOVA ў Вільні, выступ Вольскага ў Тбілісі, а яшчэ майстар-класы, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Канцэрт Алеся Чумакова

У суботу, 14 кастрычніка, гусляр Алесь Чумакоў грае ў музеі Якуба Коласа канцэрт «Мама, белая галубка...» да Дня маці.

Сzumakou-Ales 01.jpg
Фота: svaboda.org

Музыка шмат гадоў займаецца вывучэннем, вырабам і папулярызацыяй гусляў. І грае на іх усё, што заўгодна, — ад народных песень да рок-хітоў.

На канцэрце прагучаць песні Булата Акуджавы ў перакладзе на беларускую мову, песня-віншаванне матулям ў гонар свята і нават рок-класіка па-беларуску. Падчас сустрэчы музыка распавядзе пра гісторыю гусляў ды адкажа на пытанні слухачоў.

Пакроўскі кірмаш у Азярцы

У суботу, 14 кастрычніка, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пройдзе Пакроўскі кірмаш.

pakroucy.jpg
Крыніца: kartinkin.net

«Прыйшлі Пакровы — равуць дзеўкі як каровы», — казалі ў народзе 14 кастрычніка. Менавіта з гэтага часу пачынаўся самы спрыяльны перыяд для вяселляў. Уся цяжкая сельскагаспадарчая праца ў полі завяршалася, а на сталах з’яўляўся багаты ўраджай. Гаспадары ў гэты дзень абавязкова назіралі за надвор’ем. Калі на Пакровы цёпла, то і зіма будзе цёплай.

То прыходзьце пабачыць традыцыйныя абрадавыя дзеі, пачуць восеньскія і вясельныя песні, найгрышы на музычных інструментах.

Віцебск

Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі»

У Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча можна ўбачыць выставу мастацкай спадчыны Васіля Быкава.

bykov.jpg
Малюнак Васіля Быкава

Быкаў захапляўся маляваннем яшчэ з дзяцінства. «Выяўленчае мастацтва ўвайшло ў маю душу з малюнкаў, кніжных ілюстрацый, — згадвае народны пісьменнік Беларусі ў кнізе мемуараў „Доўгая дарога дадому“. — Асабліва захаплялі гравюры ў старых кнігах Жуля Верна ды іншых».

У 1939 годзе, пасля сканчэння 8 класаў, ён паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, аднак увосень 1940 года вымушаны быў кінуць вучобу. Пасля вайны Быкаў хацеў працягваць мастацкую адукацыю, але лёс выбраў для яго іншую сцежку. І ўсё ж нават стаўшы выбітным пісьменнікам, ён заўсёды знаходзіў час для алоўка, пэндзля і паперы.

Гомель

Майстар-клас па вясельных вянках

У суботу, 14 кастрычніка, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі кліча на майстар-клас па вырабе вясельнага вяночка.

imgpreview.jpg

На майстар-класе вы даведаецеся, як зрабіць сапраўдны вясельны вянок, а таксама створыце неглюбскі вясельны кубак.

Літва

Вільня

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA

У Вільні фэст пройдзе 14 і 15 кастрычніка. Удзельнікі падзеі змогуць падыскутаваць пра феномен ліцвінізму, а таксама тут адбудзецца дыялог беларускай паэзіі з паэзіяй краін Балтыі.

Pradmova.jpeg
Фестываль інтэлектуальнай кнігі ў Варшаве

Фестываль «Прадмова» ўсяго за пяць гадоў свайго існавання стаў адной з самых заўважных і статусных падзей культурніцкай Беларусі. Сюды прыязджае літаратурны бамонд, беларускія філосафы, інтэлектуалы і творцы, а арганізатары заўсёды прапануюць нам паглядзець на сябе іншымі вачыма, а таму пастаянна запрашаюць да ўдзелу замежных экспертаў. Сёлета ў форума чатыры кадэнцыі — стартаваў ён у Батумі,працягнуўся ў Варшаве, скончыцца ў Беластоку, а з 14 па 15 кастрычніка спыніцца ў Вільні.

Польшча

Кракаў

Спектакль «рЭвалюцыя Зайца»

У суботу, 14 кастрычніка, у Кракаў прыязджае цудоўны лялечны спектаклік «рЭвалюцыя Зайца» для дзетак ад 4 да 99 гадоў.

revalucyja-zajca.jpg
Сцэна са спектакля. Фота: фэйсбук Таццяны Дзіваковай

Гэта інтэрактыўны тэатральны праект, які складаецца з выставы, тэатральнай пастаноўкі і майстар-класаў, дзе ўдзельнікі зробяць свайго казачнага персанажа. Рэжысёр пастаноўкі — Таццяна Дзівакова.

Познань

Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023»

Самае цікавае падарожжа ў часе звычайна адбываецца выпадкова. Такая прыгода здарылася з Андрэем Логінавым, мастаком родам з Мінска, які скончыў мастацкую школу ў Мінску і Акадэмію выяўленчага мастацтва ў Дзюсельдорфе. З 2005 года аўтар жыве і працуе ў Берліне.

Odyssey-charnamorski.jpg
Фота з выставы CHAROMUSHKI ODYSSEY

Яго новы праект складаецца з трох элементаў розных часавых пластоў: старых шкляных негатываў, якія ён выпадкова знайшоў у адной беларускай хаце, пейзажнага фатаграфічнага фону і нядаўна зробленых чорна-белых фотаздымкаў.

Грузія

Тбілісі

Канцэрт праекта VOLSKI

У суботу, 14 кастрычніка, у Тбілісі — канцэрт Лявона Вольскага і праекта VOLSKI.

Volski.jpg
Фота: facebook.com/vojur

Будуць гучаць любімыя хіты і новыя кампазіцыі. У Грузіі, дарэчы, Вольскі будзе спяваць упершыню.

Спектакль «Батлейка-Шагал»

У суботу, 14 кастрычніка, акцёр Аляксандр Ждановіч, наш улюбёны Маляваныч, зноў грае ў Тбілісі ўласны спектакль для дзяцей і дарослых «Батлейка-Шагал».

Batlejka-Shagal.jpg
Фота: facebook.com/natasha.bobkova

«Батлейка-Шагал» — спектакль, дзе нечаканым чынам злучаны прыёмы батлейкі з матывамі жывапісу Марка Шагала. Як жыць, калі ў цябе забіраюць надзею на заўтрашні дзень? Калі ўлада груба растоптвае ботам далікатны свет тваёй мары? Адказы на гэтыя вечныя пытанні героі спектакля знаходзяць у гумары, творчасці, каханні.

Фінляндыя

Хельсінкі

Спектакль «Канец савецкага чалавека»

14 кастрычніка ў Хельсінкі — дадатковы паказ спектакля «Канец савецкага чалавека» паводле твораў Святланы Алексіевіч.

Kaniec-savieckaga-chalavieka.jpg

Спектакль распавядае гісторыю 87-гадовага Васіля Пятровіча Н. Савецкі Саюз ужо разваліўся, з камунізму смяюцца, але Васіль Пятровіч па-ранейшаму верыць у ідэю. Ён верны партыйны кадр.

Спектакль ідзе ў памяшканні старой сярэдняй школы Вуосаары, якая была выведзена з карыстання. У пастаноўцы гэтая закінутая лакацыя ператвараецца ў жорсткі расейскі дом састарэлых 1990-х гадоў.

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.