Руйнаванне магілаў польскіх жаўнераў у Заходняй Беларусі стала шокам апошняга тыдня. Навошта? Хто гэта робіць? Які рэальны аб’ём знішчэнняў? Што далей? Мо’ касцёлы?.. Тое, што на першы погляд выглядае як абсурд, насамрэч мае логіку.
Могілкі жайнераў Арміі Краёвай да руйнавання. Фота: Марэк Занеўскі (з сацсетак)
«Апаганьванне ў асноўным датычацца Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання польскіх салдат, удзельнікаў народных паўстанняў, абаронцаў Гродна. Нядаўна невядомыя знішчылі польскія надмагіллі і помнікі ў Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкавічах», — кажуць у польскім МЗС.
Чытайце яшчэ:
У Ашмянскім раёне зраўнялі з зямлёй магілы жаўнераў Арміі Краёвай
На рэдкіх фота, якія мы бачым пасля руйнаванняў, заўважныя сляды трактарных колаў на пяску. Такое ўражанне, што мёртвых паднялі з магілаў, зачыталі вырак і расстралялі, паклаўшы ў тыя самыя яміны. Засыпалі. Зараўнялі. Гадок-другі — і месца зарасце кустоўем, маладымі сасёнкамі і кветкамі. Магчыма, нехта згадае, дзе ўсё гэта было. Успаміны стануць гісторыяй. Гісторыя — легендай.
Могілкі да руйнавання і пасля. Фота: Марэк Занеўскі (з сацсетак)
«Пра што шэпча разрытая магіла?..»
Беларусь пераўтвараецца ў максімальна закрытую краіну. Любы збор інфармацыі, калі ты не дзяржслужачы ці журналіст СТВ, — злачынства. Наіўна думаць, што мы даведаемся пра кожную знішчаную/разрабаваную магілу. Наіўна думаць, што атрымаем каментар чыноўніка. Яны ўжо не збіраюцца тлумачыцца. Толькі справаздачыцца. Зразумела, не нам з вамі.
Ці ёсць нейкая афіцыйная падстава ў гэтага варварства? Пошук новых звестак пра «генацыд беларускага народу»? Калі так, што там спадзяюцца знайсці? Руны СС на спарахнелых мундзірах польскіх жаўнераў? Скальпы замучаных «савецкіх людзей», якія палякі адно аднаму клалі ў магілы?.. Сон розуму.
Калі логіка сучаснага чалавека не дае адказаў, варта звяртацца па іншую логіку. Больш старажытную. Да тых пластоў падсвядомасці, якія насамрэч нікуды не падзеліся ў часы «эплаў» ды «андройдаў». Яны — тыя пласты падсвядомасці — наўпрост спалі. Да часу. І вось — час надышоў.
Толкін, «войска мерцвякоў» і вайна культаў
Руйнаванне чужых помнікаў і магілаў заўсёды было звычайнай практыкай падчас войнаў. Што такое магіла? Гэта — груба — рытуальная ўтылізацыя чалавечых парэшткаў. Знак над магілай — камень, крыж, зорка ці яшчэ што — азнака пэўнага культу. Культу мёртвых. Калі нейкае войска ўваходзіла да чужынцаў, то найперш знішчалі капішчы з багамі, тапталі магілы. Бо магілы — такое ж месца культу, як і капішчы. А значыць — крыніца сілы.
Савецкія снайпера даюць клятву на магіле забітага камандзіра
Памятаеце «войска мерцвякоў» з «Уладара Пярсцёнкаў» Толкіна? Тых самых, якія меліся споўніць свой старадаўні запавет — прыйсці на дапамогу ў бітве. Іх паклікаў Арагорн, і мёртвыя выканалі дамову. Прыйшлі. Перамаглі.
Кароль арміі мёртвых з экранізацыі 'Уладара Пярсёнкаў' Толкіна
Як знаўца кельцкай і германскай міфалогіі Толкін выкарыстаў архетыпічны сюжэт: мёртвыя б’юцца разам з жывымі. Значыць, не зусім яны і мёртвыя. Яны жывуць у нейкім паралельным сусвеце, але не знікаюць. І з гэтага сусвету ёсць хады-выхады ў наш. Мёртвыя — гэта не толькі пра памяць. Яны маюць сілу. Іх можна пра нешта папрасіць. Магчыма, яны пачуюць.
Калі хочаш зразумець праціўніка, паспрабуй зірнуць на свет ягонымі вачыма. У Маскве ды Мінску бачаць, як ва Украіне руйнуюцца апошнія леніны, гаснуць «вечныя агні», а ў Еўропе там-сям перазахоўваюць чырвонаармейцаў. Значыць — трэба адказаць адпаведна. Вычысціць-вынішчыць. І калі на Захадзе гэта бачаць як вайну ідэалогіяў, то на Усходзе — як вайну культаў. У тым ліку, культаў мёртвых.
Вайна — не сродак дасягнення мэтаў. Вайна і ёсць мэта
На Захадзе занадта загуляліся ў «канец гісторыі». У рацыянальнасць. Інтарэс. Грошы. Новы свет, які паўстаў пасля падзення СССР і Wind of changes, больш не існуе. Захад перастаў разумець Усход, спрабуючы падставіць свае лагічныя ланцужкі ў механізм, які так ніколі не працаваў і не спрацуе. Вайна ва Украіне абудзіла ўсю гэтую архаіку і хтанічнасць.
Пахаванні ўкраінскіх жаўнераў у Франкоўску. Фота: if.suspilne.media
Мы даведаліся шмат чаго новага (не — вечнага):
- Гісторыя — не аб’ектыўная навука. Гэта форму культу і нагода для войнаў.
- Мова — не фактар камунікацыі. Гэта форма культу і нагода для войнаў.
- Прэзідэнт — не мэнэджар. Гэта правадыр племені з сакральнымі функцыямі, якога ацэньваюць па ягоных удачах і няўдачах. Правадыр з неабмежаванай пажыццёвай уладай, закладнік свайго статусу.
- Згвалтаванне — не вынік псіхічных адхіленняў. Гэта акт «перамогі» над слабейшым.
- Мёртвыя — не мёртвыя. Яны жывыя: іх імёны і партрэты падымаюць як сцягі або — утоптваюць у зямлю навечна, каб не было памяці.
- Вайна — не сродак дасягнення мэтаў. Вайна і ёсць мэта.
Ліберальныя гісторыкі называлі Другую Сусветную вайной цывілізацыі супраць варварства. Не ведаю, дзе «цывілізацыя» ў татальным бамбардаванні Гамбурга ці ў масавых згвалтаваннях ва Усходняй Прусіі. Сіла супраць сілы можа чытацца таксама як варварства супраць варварства. Так было. Так яно працуе. І так ёсць. Зноўку.
Парубленыя на дровы крыжы з нямецкіх могілак часы Другой Сусветнай
Гэта новая (вечная) рэальнасць, у якой нам зноў прапанавана жыць. Прывыкайце.
Час мёртвых
У часы, калі смерць ходзіць побач, стаўленне да яе змяняецца. Тэорыя пра тое, што ТАМ нічога няма, магла ўзнікнуць толькі ў часы адноснага спакою ці спадзеву на гэты спакой у перспектыве. Бо калі смерць побач, табе хочацца верыць, што яна не падводзіць рысу. Што яна мае сэнс. Бо калі смерць бессэнсоўная, ці мае сэнс жыццё?
Танец смерці, гравюра. Ілюстрацыя: Новы час
Калі вайна стае будзёнасцю, а будзёнасць у кожны момант можа пераўтварыцца ў вайну, прыходзіць час культу мёртвых. «Наши мертвые как часовые...» І якой мадэлі б не быў твой айфон, хочацца верыць: ТАМ, за чорнай рысай, нешта ёсць.
Чытайце яшчэ:
Алесь Кіркевіч, budzma.org