Вольны ад працы і хатніх справаў час мы хочам бавіць цікава і разнастайна. Куды пайсці — спрадвечная праблема, актуальная і для Магілёва. Каб разабрацца, што прапануе горад, а дакладней гарадская афіша, абмеркаваць, чаго магілёўцам не хапае і якія крокі і каму трэба зрабіць, гараджане і эксперты сабраліся на афлайнавым ток-шоу кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
“Культурнае жыццё ёсць заўсёды. Рознай якасці, але ёсць”
Што можна назваць культурніцкім адпачынкам? У якасці ўступу да дыскусіі яе мадэратары Алесь Агееў (гісторык, выкладчык, вядомы ў горадзе грамадскі дзеяч) і Кацярына Раманчык (рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма!”) акрэслілі прадмет размовы:
“Выраз “адпачываць культурна” кожны разумее па-свойму. Мы прапануем сёння засяродзіць увагу менавіта на арганізаваным адпачынку, які прадугледжвае камунікацыі і творчасць, пэўную відовішчнасць, публічнасць. А калі прасцей, то на культурніцкія падзеі — канцэрты, выставы, паказы, фестывалі, гульні, флэшмобы і г.д.”
Менавіта таму падчас падрыхтоўкі да ток-шоу каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” пацікавілася афішай Магілёва на гарадскіх сайтах. Імпэту адпачываць апошняя, шчыра кажучы, не дадае, бо збольшага прапануе схадзіць у кіно. Тэатральны сезон улетку закрыты. Што варта адзначыць, Магілёў багаты на буйныя фестывалі. Але ці ёсць штодзённае культурнае жыццё ў Магілёве, асабліва ўлетку? Наколькі задаволены яго жыхары яго якасцю і разнастайнасцю?
Першымі адказалі на гэтае пытанне эксперты. Гары Есялеўскі (кіраўнік студыі класічнай гітары “Рэнесанс”) расказаў пра дзіцячыя летнікі, фестывалі і канцэрты, што ладзяцца Цэнтрам творчасці “Эверэст”.
Зміцер Луцко (адміністратар антыкавярні “Чердак”) патлумачыў ідэю антыкавярні і яе магчымасці: “Нашай галоўнай мэтай падчас стварэння антыкавярні было зрабіць альтэрнатыўную пляцоўку. Слоган антыкавярні “Твая тэрыторыя” цудоўна паказвае сутнасць яе ідэі. Мы не хочам нешта дыктаваць і даем наведніку свабоду выбару, галоўнае для нас — яго самарэалізацыя. Калі чалавек мае нейкую крэатыўную ідэю, ён можа прыйсці і тут яе рэалізаваць”.
Антыкавярня прапануе кінапаказы (шэдэўры сусветнага кіно і класіка кінематографу), музычныя падзеі (дарэчы, 60% мерапрыемстваў ладзяцца менавіта з магілёўскімі музыкамі і гуртамі), майстар-класы па традыцыйных беларускіх рамёствах і адукацыйныя сустрэчы.
Пачуўшы каментары прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных культурніцкіх установаў, мадэратары звярнуліся да прадстаўніка прэсы, галоўнага рэдактара інтэрнэт-рэсурса інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці” Змітра Лепейкі:
“Культурнае жыццё ў горадзе ёсць заўсёды. Рознай якасці, але ёсць. Калі тыя ці іншыя падзеі не задавальняюць мае ўласныя патрэбы ў культурніцкім адпачынку, гэта не значыць, што культурнага жыцця няма ўвогуле”.
Удзельнікі дыскусіі з залы акцэнтавалі ўвагу на тое, што ў Магілёве сапраўды ладзіцца даволі шмат мерапрыемстваў, але часцей за ўсё даведваюцца людзі пра іх ужо са справаздачаў. Знайсці анонсы, афішу ўсіх падзей у адным месцы немагчыма. Прадстаўніца Магілёўскага гарвыканкама адзначыла, што існуе сайт kultura.mogilev.by, але з яго абнаўленнем сапраўды ёсць праблемы. Гары Есялеўскі і Зміцер Луцко прапанавалі шукаць абвесткі ў мясцовых СМІ, на старонках Цэнтра творчасці “Эверэст” і антыкавярні “Чердак” у сацыяльных сетках і нават на тэлебачанні Магілёва.
А вось Зміцер Лепейка падышоў да пытання крыху з іншага боку:
“Так, з анонсамі ёсць праблемы, але тут трэба разумець наступнае: кожны ўдзельнік культурнага жыцця горада мае ўласныя патрэбы. Арганізатары камерцыйных мерапрыемстваў хочуць распаўсюдзіць квіткі. Яны даюць інфармацыю, бачаць, што патрэбная для акупляльнасці падзеі колькасць разыходзіцца, падзея праводзіцца “ў плюс” — усё, свае патрэбы яны задаволілі.
Нейкія дзяржаўныя ўстановы маюць план — правесці, напрыклад, 50 падзей. Галоўнае для іх — правесці гэтыя падзеі, іх якасць ужо няважная. Інфармацыя пра гэтыя падзеі і не будзе асабліва распаўсюджвацца, бо арганізатарам зусім не трэба, каб прыходзіла шмат людзей, а потым тлуміла галаву наконт таго, чым вы ўвогуле займаецеся!
Тыя ж, хто хоча знайсці сабе адпачынак па душы, яго знойдуць ці ў інтэрнэце, ці ў газеце, ці па тэлебачанні”.
Чаго хочацца?
А хочацца магілёўцам шмат чаго — ад прагляду артхаўснага кіно, якога няма на торэнтах, да мульціплексавых гандлёвых цэнтраў з коўзанкай і дзіцячымі цэнтрамі. “Калі б людзям прапанавалі жыць у гандлёвым цэнтры, яны б з задавальненнем там жылі”, — адзначыў Зміцер Луцко.
Мы паспрабавалі сістэматызаваць самыя частыя і, на нашую думку, важныя прапановы.
— “Хочацца трапіць у тэатр!”
Аказалася, што набыць квіткі ў Магілёўскі тэатр не так проста, а ў дзень спектакля — увогуле немагчыма. Усе квіткі проста размяркоўваюцца прафсаюзамі.
— “Хочацца трапіць у музей!”
Амаль усе музеі ў будныя дні працуюць да 17.00 ці 18.00. Паступіла прапанова перасунуць хаця б у адзін дзень на тыдні працоўныя гадзіны да 20.00.
— “Хочацца бесперашкодна ездзіць на ровары!”
Ровары — хоць не культурніцкая падзея, але частка культуры дакладна. Цяпер у Магілёве з’явілася даволі шмат роварных пракатаў, павялічылася і колькасць раварыстаў на вуліцах. Праблема зручных сцежак у горадзе відавочна саспела.
— “Хочацца ведаць, што-дзе-калі!”
І ўсё ж рэсурс, на якім будзе ўся гарадская афіша, неабходны гораду.
З разнастайнасцю культурніцкіх прапановаў, як выявілася, праблемаў няма; з якасцю — ёсць. Як адзначыў спадар Ігар Пушкін, “Атрымліваецца, у нас усяго аж зашмат. Але як з поўнай шафай, вопраткі шмат, а надзець няма чаго”. Інфармацыя ў гэтым выпадку можа стаць не толькі галоўнай зброяй арганізатараў, якія распаўсюджваюць яе выключна ў той ступені, у якой маюць патрэбу, але і гараджанаў, якім усё ж такі варта, наведаўшы няякаснае мерапрыемства, патлуміць галаву яго арганізатарам і такім чынам наўпрост паўплываць на якасць!
Не абышлі ўвагай удзельнікі ток-шоу і беларускаарыентаваныя імпрэзы, іх месца ў культурніцкім жыцці горада, наяўнасць прапановы і зацікаўленасці. Агульнае разуменне, што ёсць нацыянальнаарыентаваны адпачынак, звялося да этнікі і гісторыі — майстар-класаў па традыцыйных рамёствах, танцах, горада майстроў, фестывалю “Зялёныя святкі”. Адзінае, што згадвалася спікерамі як прыклад актуальнай беларускай культуры ў горадзе, — канцэрты беларускіх гуртоў. Дарэчы, праблемаў з іх прыбытковасцю няма, то бок камерцыйны сэнс у такой музыцы ёсць. Не прагучала і ўцямных патрэб гараджан у гэтым кірунку. Такім чынам, мы зноў сутыкнуліся са звычнай праблемай — беларуская культура разглядаецца дзяржавай як фальклор і адпаведна прадстаўляецца ў сферы адпачынку. І погляд гэты, выглядае на тое, дамінуе і ў грамадскім сектары.
Каб вырашаць праблемы, іх трэба абмяркоўваць. Сустрэчы кшталту афлайнавых ток-шоу кампаніі “Будзьма!” выконваюць гэтую функцыю, але адбываюцца не так часта. Таму Кацярына Раманчык у падсумаванні звярнула ўвагу на неабходнасць стварэння пэўных інструментаў зваротнай сувязі паміж вытворцамі і спажыўцамі культурніцкага прадукту — форумы, тэмы ў сацыяльных сетках, а можа, і які з гарадскіх сайтаў мог бы ўзяць на сябе функцыю пляцоўкі для абмеркавання культурнай сітуацыі ў горадзе. Дзякуючы ёй людзі будуць мець магчымасць неяк даводзіць свае жаданні, ацэньваць якасць таго ці іншага мерапрыемства, а арганізатары — атрымліваць зваротную сувязь і знаходзіць новыя ідэі. І гараджанам зусім не варта чакаць, што гарадскія ўлады ці нехта іншы зробіць гэта для іх. Трэба вучыцца ўплываць на якасць і колькасць культурніцкіх падзей, рабіцца іх ініцыятарамі, думаць, прапаноўваць і рухацца наперад!
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксей Сталяроў