Купалаўцы зладзяць у Варшаве дабрачынны паказ тэатральнага праекта

У Дзень палітвязня, Вольныя Купалаўцы зладзяць дабрачынны паказ тэатральнага праекта «Слова з-за кратаў» у Музеі Вольнай Беларусі. Усе сродкі ад продажу квіткоў будуць перададзеныя ініцыятыве «Палітвязынка» для дапамогі дзецям і сем’ям палітвязняў


Афіша «Слова з-за кратаў»

«Слова з-за кратаў» складаецца з вершаў, прозы і фрагментаў лістоў, напісаных беларускімі палітвязнямі, што ўтрымліваюцца ў вельмі цяжкіх умовах у турмах Беларусі. Мастацкае аздабленне спектакля зрабіла Аляксандра Канафальская, рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў.

Вольныя Купалаўцы. Сяргей Чуб, Алег Гарбуз, Аляксандр Гарцуеў, Фота: Руслан Серадзюк
Вольныя Купалаўцы. Сяргей Чуб, Алег Гарбуз, Аляксандр Гарцуеў, Фота: Руслан Серадзюк

Дата дабрачыннага паказу абраная невыпадкова. 21 траўня было абвешчана праваабарончым цэнтрам «Вясна» Днём палітвязня Беларусі. У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калоніі трагічна абарвалася жыццё Вітольда Ашурка — чалавека, які валодаў нязломнай воляй і верыў у беларускую нацыю. Знаходзячыся ў калоніі, ён пісаў шчымлівыя лісты да сваёй маці, некаторыя з якіх увайшлі ў праект «Слова з-за кратаў».

Вольныя Купалаўцы. Алег Гарбуз, Зоя Белахвосцік, Аляксандра Канафальская. Фота: Руслан Серадзюк
Вольныя Купалаўцы. Алег Гарбуз, Зоя Белахвосцік, Аляксандра Канафальская. Фота: Руслан Серадзюк

«Набыўшы квіток, вы аўтаматычна ўдзельнічаеце ў важнай справе. Вольныя Купалаўцы перададуць усе грошы ад продажу квіткоў ініцыятыве «Палітвязынка» на дапамогу дзецям і сваякам палітвязняў. Самае мінімальнае, што мы можам рабіць для тых, хто цяпер у няволі, для тых, каго пазбаўляюць бацькоўскіх правоў, для тых, хто амаль не мае сувязі са знешнім светам, — гэта гартаваць сваю волю і дзяліцца інфармацыяй пра беларускіх палітвязняў па ўсім свеце, пісаць ім лісты і падтрымліваць іх родных і дзяцей. Ім неабходна наша ўвага», — адзначае творчы калектыў праекта.

Вольныя Купалаўцы. Валянціна Гарцуеа, фота: Руслан Серадзюк
Вольныя Купалаўцы. Валянціна Гарцуеа, фота: Руслан Серадзюк

Дабрачынны паказ адбудзецца 21 траўня ў 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі, Варшава, Foksal 11.

Квіткі можна набыць па спасылцы.

Чытайце яшчэ:

«Я займаюся беларускім тэатрам, бо веру, што мы хутка вернемся». Вялікая размова з Аляксандрам Гарцуевым