У ноч 3 22 на 23 чэрвеняў Ракаве Купалле свяціла рытуальным вогнішчам да самага ранку. Сустракалі галоўнае свята сонца і вады маладыя і старыя на маляўнічым старажытным замчышчы.
Усё пачалося традыцыйна ўвечары з заплятання вянкоў пад купальскія песні, якія паступова перайшлі ў карагоды. З песнямі моладзь і даросля здзейснілі купальскае шэсце па Ракаве, пасля чаго гасцей ужо сустракалі з пачастункамі на замчышчы. Адбылося рытуальнае запальванне купальскага вогнішча, і вось прысутныя закруціліся вакол полымя, пакуль купальскае кола не ўпала на зямлю. З гэтага моманту месца дзеяння ператварыялася ў пляцоўку для танцаў і гульняў, што доўжыліся да самага ранку. Не абышлося і без скокаў праз агонь і традыцыйнай сустрэчы сонца.
Аляксей Сталяроў