Чым для сённяшніх дзяцей і падлеткаў ёсць культура ўвогуле і сучасная беларуская культура ў прыватнасці? Хто для іх героі? Што для іх традыцыі?
Каманда кампаніі “Будзьма беларусамі!” наведала дзіцячы летнік “Орлёнок” на Берасцейшчыне і зазірнула ў свет малодшага пакалення беларусаў. Вядоўцы сустрэчы Андрусь Такінданг і Кацярына Раманчык пазнаёміліся з залай, расказалі пра анлайнавыя праекты і афлайнавыя мерапрыемствы кампаніі “Будзьма!” і перайшлі да першага, уводнага пытання.
“Што такое культура?”
Цікава, але адказваць на гэтае пытанне дзеці пачалі зусім не з традыцыйных “мастацтва, літаратура, тэатр”. Першымі пунктам у пераліку сталі:
— павага да экалогіі, прыроды;
— культура спажывання ежы;
— тапаніміка;
і ўжо потым
— творчасць;
— традыцыі і абрады;
— нацыянальныя сімвалы;
— літаратура, архітэктура і інш.
“Беларуская культура – гэта сукупнасць традыцый, якія нас аб’ядноўваюць”, – пачулі мы адказ аднаго са старшакласнікаў на перадапошнім шэрагу. Наступнае пытанне відавочнае…
“Якія беларускія традыцыі вы ведаеце?”
- Купалле
— А калі мы святкуем Купалле? – удакладніў Андрусь.
— Вооосенню!
— Усе згодныя, што восенню?
— Летам! Вясной!
- Каляды
— Ці ведаеце вы якія-небудзь калядкі?
— Тааак!
“Ташчы сала, кілбасу
А то хату разнясу!”
Агульнымі намаганнямі вырашылі, што нацыянальнымі героямі можна лічыць беларускіх музыкаў і спартоўцаў. Цікава, што 4 чалавекі з залы выказаліся супраць азначэння Беларусі як “спартыўнай краіны”. Але тлумачэнні абодвух (згодных і нязгодных) бакоў складаліся па сутнасці з аднолькавых словаў:
— Чаму ты лічыш Беларусь спартыўнай краінай?
— Таму што ў нас шмат медалёў, ёсць Азаранка, Домрачава і Герасіменя.— А чаму ты лічыш, што Беларусь нельга назваць спартыўнай?
— Таму што ў нас мала медалёў. Ды і што… ёсць толькі Азаранка, Домрачава ды Герасіменя.
З беларускіх музыкаў падлеткі слухаюць “Ляпіса Трубяцкога”, землякоў — гурт “Дай дарогу!”, Макса Каржа і Тео, ведаюць таксама “Песняроў” і ансамбль “Верасы”.
Складанасці выклікала пытанне пра асобаў з гісторыі Беларусі, якімі мы можам ганарыцца. Але пасля прагляду мультфільма “Гісторыя Беларусі за 5 хвілін” Францыск Скарына ды Усяслаў Чарадзей прыгадаліся шпарчэй.
Нашмат весялей адгукнулася зала на прапанову Андруся крыху паспяваць. На хаду вучылі словы, падпявалі і пляскалі ў далоні. “Мы з вамі быццам бы проста праспявалі песеньку, а насамрэч толькі што супольна стварылі беларускую культуру! — адзначыў на развітанне Андрусь Такінданг. — Любіце яе і шануйце, бо беларуская культура — гэта мы з вамі. Мы — культура. Мы — Беларусь!”
Мы не ставілі мэтай правесці грунтоўнае даследаванне абазнанасці дзяцей у беларускай гісторыі і культуры — хутчэй сустрэчу, якая натхніць на новыя, правільныя пытанні для дзейнасці кампаніі. Чаму ў нас існуе розніца паміж любоўю да Радзімы і павагай да свайго, нацыянальнага? Колькі перамог і колькі пераможцаў трэба нашаму народу, каб адчуць сваю моц? Ці зможам мы перадаць старадаўнія, насычаныя глыбокім зместам традыцыі правільна, без скажэнняў і маскультурнае спрашчэнне? Каму і як несці тую адказнасць за выхаванне будучай Беларусі?
Тэкст – Лізавета Неўмяржыцкая
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч