Квасоліха з лісічкамі. Гатуем з «Будзьма» далікатную летнюю страву

Дзелімся рэцэптам лёгкай летняй стравы, якая можа ўжывацца і як гарнір, і самастойна. Свежыя парасткі фасолі выдатна спалучаюцца з лісічкамі і зелянінай, а смятана дадае далікатны вяршковы смак. Гатуецца квасоліха хутка і проста. 


Kvasolicha

Квасоліха зімовая і летняя, якая смачней? 

Традыцыйна лічыцца, што квасоліху гатавалі ўзімку, пасля святаў, калі самыя смачныя прадукты ўжо з’елі за святочным сталом. На дапамогу прыходзілі бабовыя культуры, якія здаўна ўжывалі нашыя продкі. У XVI стагоддзі да гароху і бобу далучаецца новая культура — фасоля. Страва, прагатаваная з фасолі з гароднінай і салам, займела назву «квасоліха». Падобную да квасоліхі страву вельмі любіў магнацкі род Радзівілаў. Узяўшы за аснову сялянскую страву і аздобіўшы яе пэўнымі інгрэдыентамі, радзівілаўскі кухар на стагоддзі пакінуў у гісторыі беларускай кулінарнай справы след — рэцэпт фасолі па-радзівілаўску. Пра страву і яе гісторыю можна пачытаць тут.

 Глядзіце яшчэ: Фасоля з меню Радзівілаў. Гатуем разам з «Будзьма»

 


Летнюю квасоліху гатавалі з парасткаў маладой фасолі, з дадаткам цыбулі, часнаку, зеляніны і лясных грыбоў, а смятанная ці вяршковая запраўка надавала страве далікатнасці. Гатавалі летнюю квасоліху і на сале, і на тлушчы, але наш варыянт — без мяса і на масле. Прыгатуем жа! 

Як прыгатаваць летнюю квасоліху? 


1. У прамытых парасткаў фасолі выдаліць пладаножкі і кончыкі, разрэзаць на дзве-тры часткі. Прыварыць у кіпені да 3 хвілін. Пасля абваркі фасолю дастаць з рондаля, крыху астудзіць і прасушыць, каб на патэльні гарачае масла не пачало моцна пырскаць. 

2. Цыбулю парэзаць паўкольцамі, прысмажыць на масле да змены колеру. 

3. Дадаць да цыбулі адвараныя лісічкі і фасолю, соль і перац на смак. Перамяшаць інгрэдыенты і смажыць на маленькім агні каля 2 хвілін. 

4. Дадаць здраблёны часнок. Яшчэ раз перамяшаць, каб яго водар раскрыўся. 

5. Усыпаць насечаную зялёную цыбулю і дадаць пару лыжак смятаны, добра вымешаць, дачакацца бурбалак і таміць страву каля 5 хвілін. 

6. Пасыпаць перад падачай насечанай пятрушкай. 

Смачна есці! 

На 4 порцыі нам спатрэбяцца: 

Вада — 2 літры 

Фасоля — 800 грамаў 

Цыбуля — 200 грамаў 

Лісічкі — 120 грамаў 

Масла — 30 грамаў 

Часнок — 2 зубчыкі

Пук зялёнай цыбулі і пятрушкі 

Соль і перац — па смаку

Больш рэцэптаў серыі «Гатуем з «Будзьма!»