Пра гвалт да непаўнагадовых з боку бацькоў, яго наступствы і нашу агульную будучыню разважае Багдан Сакалоў у рубрыцы “Маё права”.
Дзеці — кветкі жыцця. Гэтую збітую да ссінення фразу можна пабачыць у безлічы інстаграмаў і іншых сацсетак знешне шчаслівых бацькоў. Міленькія посцікі, пастановачныя фотачкі, што прайшлі не адзін фільтр фаташопа, ды сотні, а то і тысячы лайкаў і добрых каментароў. Толькі вось, на жаль, калі едзеш у грамадскім транспарце ці ідзеш па справах у горадзе, не надта часта бачыш такія ж радасныя твары і шчаслівыя ўсмешкі дзетак. А падлеткі, што хаваюцца на падворках з бутэлькай піва ці гарэлкі, таксама нешта не дэманструюць той самы шчаслівы дабрабыт. Што адбываецца? Як нам дапамагчы новай генерацыі?
Пытанне дзяцей заўсёды паўстае асобным, педантычным пытаннем, бо менавіта яны праз пэўны час увасобяць будучыню нашай краіны і свету ў цэлым. Менавіта ім потым прымаць рашэнні і вырашаць, якой будзе далей чалавечая цывілізацыя, планета. І як бы менавіта таму мы часцяком бачым крайнасці пра «галоўны ў жыцці абавязак» і «дзецям усё, а сабе нічога». Але за гэтымі фразамі часцяком хаваецца якраз адваротнае. Тое, што потым прыводзіць да тысяч сапсаваных жыццяў, комплексаў, алкагалізму, наркаманіі, псіхозаў, панічных атак, гвалту, злачыннасці, самагубстваў... Так, гаворка пра гвалт над дзецьмі.
Сапраўды, з аднаго боку, праз маніторы мы бачым прыгожую карцінку шчаслівых сем’яў, чуем істэрычныя заклікі нараджаць як мага больш, бо добрага не можа быць мала, а гісторыі, відэа і фотачкі вымушаюць замілоўвацца тым, як усё файна і прыгожа. А калі дзеці становяцца падлеткамі, яны ўвогуле найлепшыя, робяць толькі добрае і правільнае. У кагосьці, можа, і так, але чаму мы чуем потым на вуліцах істэрычныя абразы і крыкі, дзіцячы плач, непрыкрыты гвалт над дзецьмі? Чаму падлеткі дагэтуль хаваюцца ў бутэлькі, наркотыкі? І чаму тыя, хто выстаіць, потым абіваюць парогі псіхолагаў, бо дзіцячыя траўмы і комплексы перашкаджаюць нармальна жыць?
Адказ даволі просты, які насамрэч выклікае вялікую асцярогу. Паспрабуйце на больш-менш папсовым форуме ці суполцы задаць пытанне, ці можна караць дзяцей. І вы здзівіцеся, як жа шмат людзей, якія з пенай ля рота будуць вам даказваць, што адлупцаваць рэменем за вялікую правіннасць — абсалютна здаровая і нармальная практыка. Пачакайце на хвілінку, мы гаворым пра ФІЗІЧНЫ ГВАЛТ!
Пасля гэтай тэзы ўсе астатнія магчымыя і ўжывальныя тыпы гвалту над дзецьмі ўжо падаюцца абсалютнай выдумкай, а для такога тыпу бацькоў — увогуле фантастыкай. Ну які псіхалагічны ціск! Як гэта нельга крычаць на дзяцей, а трэба размаўляць і шукаць падыходы ў камунікацыі? Як гэта паважаць выбар і асобу дзіцяці? Яно ж яшчэ не дарослае, можа памыляцца і ўвогуле чаго яго слухаць, нібыта нешта разумнае скажа! Не супадаюць погляды? Дакладна не яго асабістае меркаванне, правільнае толькі маё, бо я ж дарослы і галоўны!
Пералічваць гэтыя шаблоны і прыклады можна бясконца. Вось і атрымліваецца, што спачатку наносяць траўмы дзецям, а падлеткаў увогуле не лічаць за людзей, таму тыя спрабуюць уцячы ад жыццёвага ціску і іншых праблем, а потым... Адрываюцца на сваіх дзецях, співаюцца, вешаюцца, становяцца наркаманамі, а часам і прыходзяць помсціць бацькам за шчаслівае дзяцінства. Дарэчы, можа, менавіта таму ў Беларусі высокі ўзровень побытавага гвалту і забойстваў?
А ўсё якраз у выхаванні. Нарадзіць дзіця мала, трэба яго яшчэ выхаваць, прычым так, як бы вы самі хацелі, каб ставіліся да вас. Няпоўнагадовы — такі ж чалавек, як і дарослы, таму калі лупцуеце дзіця нібы за правіннасць, уявіце сабе, што вас б’юць бітай за тое, што вы выпадкова наступілі камусьці на нагу ў транспарце. Выхаванне і збіццё розныя рэчы? Не, проста ў дачыненні да дзіцяці прасцей знайсці апраўданне, і як бы існуе мройнае пачуццё, што калі вы нарадзілі, то толькі вам вырашаць, што і як з рабіць з дзіцем. Ды толькі вось дзіця — чалавек, а не прадмет. І насамрэч мы ўсе нясём адказнасць за будучыя пакаленні, менавіта таму дзяржава гарантуе абарону правоў дзяцей і мае заканадаўчыя інструменты кантролю. Ну а мы, падаткаплатнікі, плацім падаткі на тое, каб абсалютна кожнае дзіця магло атрымаць медыцынскую дапамогу, адукацыю, мела магчымасць развівацца і стаць тым, кім хоча. Менавіта таму пытанне дзяцей тычыцца кожнага з нас.
Шмат хто здзіўляецца сістэме ў Нарвегіі, дзе дзеці юрыдычна ўвогуле належаць дзяржаве, а бацькі могуць атрымаць штраф і пазбавіцца бацькоўскіх правоў за велізарную колькасць рэчаў. Як жа так, нельга нават падвысіць голас на малога! Дык кім ён вырасце! Аказваецца, можна. І, дарэчы, нешта статыстыка паказвае, што ў Нарвегіі сітуацыя са злачыннасцю і наркаманіяй лепшая, чым у Беларусі.
І тут вы спытаецеся: дык што залежыць ад нас, калі дзіця не нашае? Не нам жа ўмешвацца ў справы сям’і. І вось тут, мяркую, час ўвесці панятак грамадзянскага і чалавечага доўгу. Дзіця не можа сябе абараніць. Узровень інфармавання аб тым, што яно можа атрымаць ананімную дапамогу, выклікаць нейкую службу, у нас вельмі нізкі. А калі гэта трохгадовае дзіця? Куды яно звернецца? Менавіта таму, мяркую, мы павінныя ўсе разам аказваць максімальную падтрымку і абарону самай неабароненай частцы нашага насельніцтва. Чуеце дзіцячы плач, істэрычны крык маці і моцныя плескачы па малым? Адрэагуйце, пакажыце, што гэта ў сучасным грамадстве ненармальна. Чым мацней мы будзем паказваць сацыяльную неўхвалу, калі ўсе пачнуць разумець, што такія паводзіны прывядуць да адкрытай незадаволенасці мінакоў, тым менш мы будзем сустракаць гэта на вуліцы, тым больш будуць спрабаваць вырашаць праблемы ціха і мірна, бо будуць ведаць наступствы. Чуеце за сцяной крыкі і разумееце, што бацькі ціснуць і ажыццяўляюць фізічны гвалт над няпоўнагадовым? Выклікайце міліцыю. Гэта можа падацца жорсткім, але ж вы не ведаеце, у якой небяспецы знаходзіцца дзіця, а асабістае ўмяшанне можа прывесці да вашай небяспекі. Калі там нічога сур’ёзнага, то нічога дрэннага не адбудзецца, калі міліцыянт прыедзе і праверыць. А калі гэтая практыка стане масавай, то нашмат больш людзей пачне разумець, што такі падыход абавязкова прывядзе да адказнасці па законе. А падлеткі... Можа, нарэшце надышоў час з імі размаўляць? Калі ён хаваецца недзе і п’е піва, мае нейкія шнары, гэта не азначае адразу нейкі ўплыў і дрэнную кампанію, у яго могуць быць глыбокія хваляванні. І чым больш мы будзем слухаць, не нападаць, а спрабаваць зразумець і дапамагчы, тым менш будзе праблем з дзецьмі.
Дык давайце ўздымаць гэтыя праблемы, павялічваць інфармаванасць, а самае галоўнае — рэагаваць на тое, што мы чуем і бачым. Можа, менавіта ад вашай рэакцыі будзе залежаць будучыня дзіцяці, чалавека. І самае галоўнае — чым больш нас будзе, тым хутчэй мы пазбавімся шэрагу сацыяльных праблем і дзікунства ў будучыні. Давайце абараняць дзяцей!
Багдан Сакалоў, budzma.by