Яны збіралі ахвяраванні для царквы — даходзілі да Адэсы і Растова. Іх не вельмі любілі і называлі прафесійнымі жабракамі, але яны больш вядомыя як лабары з Янава. Лабары прыдумалі сакрэтную мову, якую называлі «ліберская гаврідня».
PALATNO расказвае пра лабарскую гаворку.
Кім былі лабары
Лабары жылі ў Янава (цяперашні горад Іванава ў Брэсцкай вобласці). Большую частку свайго часу лабары праводзілі ў дарозе і займаліся зборамі ахвяраванняў. Калі ў вас з’явілася пытанне, адкуль у сялян было столькі вольнага часу, то ў нас ёсць адказ. Справа ў тым, што жыхары Янава плацілі падводную павіннасць — сяляне давалі гаспадарам падводы пад перавозку рознай прадукцыі да рачных прыстаней і ў горад. Праца на гаспадара займала не так шмат часу, а жыць было на штосьці трэба.
І вось так з’явілася ідэя працы па пошуку ахвяраванняў. Лабарамі станавіліся праваслаўныя сяляне з Янава, але яны маглі збіраць ахвяраванні і для каталіцкіх храмаў. Частку з сабраных ахвяраванняў лабары — лішак — забіралі сабе як аплату працы. Лабары былі зацікаўленыя ў тым, каб сабраць шмат і грошаў, і таго, што прапаноўвалі замест грошаў.
Лабары ніколі не хадзілі за ахвяраваннямі адны, а групай. Яны заходзілі ўглыб Расійскай імперыі, хадзілі і па ўкраінскіх землях. Для таго, каб атрымаць грошы, лабары не цураліся і падману.
Была гісторыя пра тое, як лабары прыйшлі да чалавека і прадставіліся трыма апосталамі. Лабары паказалі чалавеку грамату, якую нібыта падпісаў сам Бог. Мужчына паверыў у рэальнасць граматы і ў тое, што да яго прыйшлі апосталы. Па чутках, чалавек звар’яцеў і памёр.
Яшчэ адным са спосабаў быў «знахарскі». Спачатку ў вёску заходзіў адзін лабар, які казаў камусьці з самых даверлівых людзей, што ў яго нешта адбываецца нядобрае (ці з хатай, ці з ім самім). А затым з’яўляўся «знахар», які нібыта ўсё папраўляў.
Ілюстрацыя згенераваныя штучным інтэлектам
Нягледзячы на такія гісторыі, паводзіны лабароў кантралявалі, а за кепскія паводзіны каралі. У Янаве яны павінны былі паводзіць сябе набажна і вельмі прыстойна, каб не атрымаць сур’ёзнае пакаранне. Ад іншых сялян лабары таксама адрозніваліся вопраткай: яны насілі шапкі з казырком, боты з высокай халявай. Шмат лабароў і нават іх жонак былі пісьменнымі, што яны выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці.
Як стваралася лабарская гаворка
У сем’ях лабары размаўлялі на дыялекце брэсцка-пінскага рэгіёна беларускай мовы. Жанчыны не ведалі лабарскую гаворку, ёй навучаліся толькі мужчыны. Мужчыны перадавалі веды сваіх сынам, а яны — сваім сынам. Сыноў пачыналі вучыць гаворцы з сямі гадоў.
Гаворка была патрэбная лабарам падчас іх працы. Іх часта рабавалі, калі яны вандравалі і шукалі ахвяраванні. Таму для ўтрымання тайны і сакрэтаў сваёй жабрацкай прафесіі падчас выпраўкі карысталіся сваёй мовай, якую называлі «лаберская гаврідня».
Этнограф Таццяна Луцэвіч лічыць, што лабарская гаворка сфармавалася дзякуючы запазычанням з розных моў, у тым ліку, нямецкай і грэчаскай. На жаль, лабарская гаворка страчаная, цяпер на ёй не размаўляюць (напрыклад, на лемезені яшчэ нядаўна пісалі вершы).
Ілюстрацыя згенераваныя штучным інтэлектам
Рамяство лабароў прыйшоў у заняпад пасля Першай сусветнай і польскай-савецкай вайны. Янава аказалася ў межах польскай дзяржавы, і ў лабароў значна звузілася кола тэрыторыі, на якой яны маглі бы працаваць. У нашы дні на лабарскай гаворцы не размаўляе ні адзін з жыхароў Янава. Пасля Другой сусветнай вайны засталіся ўспаміны сваякоў, якія помнілі, як іх бацькі хадзілі за ахвяраваннямі. А падчас панавання камуністычнага рэжыму, калі савецкая ўлада ваявала з рэлігіяй, дапамога на ўтрыманне і будаўніцтва цэркваў была непатрэбная.
Слоўнік, які не слоўнік (па меркаванні, філолагаў)
У 2006 годзе супрацоўнікі іванаўскай раённай бібліятэкі стварылі «Дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі». Дарэчы, цікава, што ўнутры слоўніка пазначана, што ён «руска-лабарскі». Ён быў раскрытыкаваны за недакладнасці. Даследчыкі лічаць, што з навуковага пункту гледжання выкарыстанне рускай мовы ў вывучэнні беларускага дыялектнага матэрыялу неабгрунтаванае. Філолаг Юрый Чарнякевіч адзначаў, што аўтары слоўніку перакладалі лабарскія словы на рускую, хаця яны наўпрост суадносяцца з беларускімі словамі.
— Слова «петрить» наўрад ці гучала ў мове мясцовых жыхароў менавіта так, бо, як вядома, у гаворках, распаўсюджаных на Заходнім Палессі, этымалагічна мяккія губныя зычныя даўно ацвярдзелі. Таму і вымаўлялася гэта слова, відаць, як «пэтрить», а не «петрить», як падаецца ў слоўніку, — пісаў Чарнякевіч.
У тым самым слоўніку, які склалі іванаўскія бібліятэкары і які крытыкавалі беларускія філолагі за шматлікія недакладнасці, налічваецца 299 слоў. Паглядзець слоўнік можна тут.