Цяжка было б пазнаць зараз гэтае месца, калі б у кадр не патрапіў вядомы трохпавярховы цагляны дом з фігурнымі атыкавымі завяршэннямі — прыбытковы дом Козінай, піша Анатоль Сланеўскі ў «Звяздзе».
Сяляне гандлююць на Віленскім рынку ў Мінску. Пачатак XX-га стагоддзя
У той перыяд (восень 1914 года) калі быў зроблены здымак, у гэтым будынку размяшчалася Мінская Аляксееўская з правамі ўрадавай прыватная жаночая гімназія Лізаветы Дзмітрыеўны Рэйман. Фінансаванне прыватных жаночых навучальных устаноў ажыццяўлялася тады асобнымі мецэнатамі і гарадскімі таварыствамі, хоць маглі атрымліваць і дзяржаўную дапамогу.
Магчыма, у XIX — пачатку XX стагоддзі нехта і лічыў (а можа, і сёння лічыць) Мінск правінцыйным, але гэта больш ад асабістага снабізму або нейкіх завышаных патрабаванняў. У цэлым жа горад развіваўся па еўрапейскіх правілах і стандартах. Было складзена некалькі горадабудаўнічых планаў, у адпаведнасці з якімі ішлі забудова і добраўпарадкаванне. І ў 1871-1874 гадах праз гарадскую тэрыторыю праклалі дзве найважнейшыя чыгункі — Маскоўска-Брэсцкую і Лібава-Роменскую, якія злучылі напрамкі ўсход-захад, поўнач поўдзень. Адначасова чыгуначныя пуці падзялілі гарадскую тэрыторыю на асобныя раёны. Але пра гэта мы пакуль не будзем.
Рынак, кірмаш, базар — як ні назаві, а ўсё адно гэта тое месца ў любым горадзе, дзе сыходзяцца гандлёвыя шляхі і збіраюцца масы людзей, так што пасля храмаў рынкавыя пляцы спрадвеку былі энергетычнымі (калі не намоленымі, то ўжо сапраўды натаптанымі) цэнтрамі населеных пунктаў. Асабліва гэты, Віленскі. Ён меў адмысловы статут, таму што размяшчаўся побач з аднайменным вакзалам, а значыць — з вялікім патокам людзей. І быў ён збольшага стыхійны, сялянскі. Ён быў закладзены ў канцы ХІХ стагоддзя, каля Віленскага вакзала, на скрыжаванні трох вуліц.
Спачатку побач з ім хацелі пабудаваць Чырвоны касцёл, але потым раздумаліся, і на гэтым месцы з’явіўся першы стацыянарны мінскі цырк. У ім выступалі найвядомейшыя цыркавыя артысты свайго часу: легендарны барэц Іван Паддубны, клоўн і дрэсіроўшчык Уладзімір Дураў і іншыя. У 1925 годзе каля рынку заклалі сквер, які спачатку назвалі садам Карла Лібкнехта, а потым перайменавалі ў Міхайлаўскі сквер. Тады ж там з’явіўся першы ў Беларусі крыты рынак. Авангардны праект будынка распрацаваў галоўны інжынер Мінскбуда Герасім Якушка. У ім было каля 60 ларкоў. Побач з галоўным уваходам знаходзіўся фантан. На жаль, гэты будынак быў знішчаны ў першыя дні вайны. А пасля аднаўляць яго не сталі, сам рынак перанеслі на Юбілейную плошчу.
Мы бачым тут жыхароў бліжэйшых вёсак, якія прывезлі ў горад толькі што сабраны ўраджай, у асноўным бульбу, у кошыку, відаць, буракі. Людзей не асабліва шмат, мусіць, быў будны дзень. Кірмашовымі днямі ў дарэвалюцыйным Мінску былі панядзелак, серада і пятніца (у 1892 годзе гарадскія ўлады пад націскам духавенства забаранілі нядзельныя кірмашы). У 1911-м кілаграм жытняга хлеба на рынку каштаваў 5 капеек, бульбы — 19, ялавічыны — 37 капеек. За дзясятак яек прасілі 30 капеек, за кіло сметанковага масла — амаль рубель. Пры гэтым у тым жа годзе мінскі чарнарабочы атрымліваў 75 капеек у дзень, чыгуначны служачы — 5 рублёў, а паспяхова практыкуючы ўрач зарабляў за дзень да дзесяці рублёў.
Наогул у канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў Мінск апаясваў цэлы комплекс спецыялізаваных базараў. Так, на месцы сучаснага Гандлёвага дома «На Нямізе» існаваў Рыбны рынак. Над вуліцай былі збудаваны драўляныя памосты, на якіх самі рыбакі або пасрэднікі з самай раніцы спяшаліся раскласці свой тавар.
Прыкладна на тым пятачку, дзе зараз стаіць забаўляльны комплекс «Журавінка», знаходзіўся Малочны рынак — сыр, тварог, малако прывозілі сюды з бліжэйшых вёсак і маёнткаў. А на рагу Захар’еўскай (цяпер праспект Незалежнасці) і Чырвонай вуліц, працаваў Конскі рынак. Акрамя хатніх жывёл, на ім гандлявалі дровамі, і калі ў 1911 годзе коней тут было прададзена на 80 тысяч, то дроў — на цэлых 800 тысяч рублёў.
А самы стары мінскі кірмаш — Ніжні рынак — стыхійна ўзнік каля брамы мінскага замка яшчэ ў ХI стагоддзі і дзейнічаў аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя. І калі на пачатку свайго існавання базарчык, на якім прадаваліся драўляныя бочкі ды вёдры, гліняныя чыгуны, палатнянае адзенне і скураныя вырабы, змяшчаўся на невялікім участку зямлі (на месцы ўваходу на станцыю метро «Няміга»), то ў ХIХ стагоддзі ён стаў самым вялікім губернскім базарам, заняўшы ўсю тэрыторыю сучаснай Плошчы 8 Сакавіка.
На думку даследчыка мінскай даўніны гісторыка Захара Шыбекі, «гэта была найбольш ажыўленая гандлёвая частка горада. Шматлікія крамы служылі для задавальнення запатрабаванняў гараджан у самых разнастайных прадуктах харчавання. З раніцы да вечара там стаяў шум і гоман». Сам Ніжні рынак быў цесным, запар застаўленым навесамі і драўлянымі крамамі — малюсенькімі, з глінянай падлогай і ацынкаванымі прылаўкамі. Тут жа размяшчалася некалькі каменных магазінаў, выкупленых горадам у яўрэйскай абшчыны. У святочныя дні Ніжні рынак, нібы мора, выходзіў з берагоў, «затапляючы» бліжэйшыя вуліцы.
Мясныя рады размяшчаліся бліжэй да ракі, а невялікая прастора паміж імі і Свіслаччу (прыкладна на месцы сучаснай набярэжнай праспекта Пераможцаў) належала гандлярам гароднінай, якая раскладвала свой тавар прама на зямлі. Агародным бізнесам у Мінску ў той час займаліся ў асноўным жыхары Татарскай слабады (раён цяперашняга гатэля «Юбілейны» да сярэдзіны ХХ стагоддзя з’яўляўся месцам кампактнага пражывання татар-мусульман).
На Суражскай, каляБрэсцкага (1912-м яго перайменавалі ў Аляксандраўскі) вакзала (прыблізна там, дзе зараз знаходзіцца станцыя метро «Інстытут культуры»), размяшчаўся кірмаш, які спецыялізаваўся на продажы сала (у народзе ён так і зваўся — «сальнікам»). Рынак гэты праіснаваў да 1970-х гадоў і канчаткова знік падчас будаўніцтва дэпо Мінскага метрапалітэна.
Ну а на на паўднёвай ускраіне Мінска размяшчаўся Ігуменскі рынак — ён, між іншым, захаваўся да нашых дзён, толькі пад іншым імем і змяніўшы гістарычную прапіску. У 1923 годзе горад з несавецкай назвай Ігумен быў перайменаваны ў Чэрвень, а разам з ім змянілі назвы і Ігуменскі тракт у Мінску (цяпер вуліца Маякоўскага), і Ігуменскі базар. Так апошні стаў Чэрвеньскім рынкам. Нядаўна там адкрыўся новы буйны гандлёвы цэнтр.
Бліжэйшы сусед той «Чэрвенскага» — Віленскі торг — да сярэдзіны мінулага стагоддзя надрываўся шматгалоссям крамнікаў у квартале ад чыгуначнага вакзала, на месцы сучаснага Міхайлаўскага сквера, вядомага зараз сваімі незвычайнымі насельнікамі — жанравымі скульптурамі: Дзяўчынка пад парасонам, Незнаёмка і Чалавек, які прыкурвае.
Сёння гэты сквер вядомы трыма скульптурамі Уладзіміра Жбанава. Дзяўчынка з парасонам прысвечана трагедыі на Нямізе 1999 года. Прататыпам Прыкурваючага стаў мінскі кінапрадзюсер Уладзімір Галынскі. Кажуць, калі патрымацца за каленку Незнаёмкі, сустрэнеш сваю палавінку. Хто-небудзь спрабаваў?
...Але, можа, калі-небудзь да іх, у памяць аб Віленскім базары, далучыцца і вось гэты селянін з мехам бульбы...
Чытайце яшчэ: Шлях вады: як мінчукі забяспечвалі свае дамы якаснай вадой некалькі стагоддзяў таму