Ларыса Мартыновіч: “Я адчула сябе беларускай у эпоху зменаў”

larysa-martynovich

– Я нарадзілася ў Мінску, у сям’і, дзе тата быў беларус, а маці – руская. З ранняга дзяцінства я лічыла сябе беларускай, хоць у маёй сям’і размаўлялі на рускай мове.

Мой тата ведаў шмат легендаў і паданняў, якія апавядаў мне яшчэ з калыскі. Кожнае лета тата вывозіў нас з шумнага і пыльнага гораду на бераг возера або рэчкі. Рэк і азёраў на Беларусі мноства. Я заўсёды лічыла, што Беларусь – гэта празрысты блакіт вады і пах хваёвай смалы. Па-сапраўднаму беларускай я адчула сябе, калі стала ўжо дарослай, у эпоху зменаў 1991 году. Гісторыя маёй краіны захапіла мяне цалкам. Тады я прачытала мноства кніг і архіўных матэрыялаў пра Беларусь.

Я спазнала цікавасць мінулага маёй краіны, якія глыбокія яе карані, якая гераічная гістарычная спадчына. Даведалася, колькі бедаў, трагедый выпала на лёс маіх продкаў. Я зразумела, якімі ганарлівымі, вольнымі і незалежнымі былі мае продкі ў далёкія часы Вялікага Княства Літоўскага. На жаль, частку гэтай каштоўнай спадчыны генафонду мы страцілі ў эпоху войнаў і рэпрэсіяў.

Быць беларусам для мяне – гэта не пакрыўдзіць, не нашкодзіць той краіне, што падобная да дзіцяці, якое трэба прымаць без усялякіх умоваў. Дзіця безабароннае, якое ахвотна аддае ўсе свае простыя скарбы таму, хто разумее яго і любіць.

Я люблю шпацыраваць па Мінску досвіткам. Незапляваны асфальт і паветра, чыстае ад фальшы, злосці і безвыходнасці. Раніца – гэта заўсёды надзея. Надзея, што мая Беларусь будзе чыстай, як летняя раніца досвіткам.

Ларыса Мартыновіч

Аб праекце “Як я стаў беларусам”