Новым лаўрэатам «Глінянага Вялеса» пасмяротна стаў Юры Станкевіч

Стаў вядомы новы лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес». Прэміяй за 2023 год узнагароджаны празаік Юры Станкевіч (пасмяротна) за агульны ўнёсак у беларускую літаратуру, піша Радыё Рацыя.


Jury Stankievič

Раней ніколі прэмія «Гліняны Вялес» не прысуджалася пасмяротна. Гэтым разам зрабілі выключэнне.

Кажа старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш:

— Раней ніколі прэмія «Гліняны Вялес» не прысуджалася пасмяротна. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць выключэнне і ўшанаваць блізкага нам па творчых, маральных і жыццёвых перакананнях празаіка Юрыя Станкевіча. Пісьменніка не стала ў 2021 годзе. Двойчы яго кнігі намінаваліся на Вялеса. Яго творы заўсёды былі з намі побач. Гэтым разам мы хочам выправіць ранейшую прыкрую памылку і ўшанаваць прэміяй Таварыства Вольных Літараратаў Юрыя Станкевіча.

«Нам вельмі хацелася б, каб імя Юрыя Станкевіча было ў шэрагу нашых лаўрэатаў», — адзначаецца ў паведамленні арганізацыйнага камітэту прэміі «Гліняны Вялес».

Чытайце яшчэ: Суворы Станкевіч (Пачатак)

Гліняны Вялес — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе членамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэта Алесь Аркуш. Прысуджаецца за найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.