Прэстыжную прэмію маладая пісьменніца Зараслава Камінская атрымала за першую кнігу пра мастачку-прымітывістку Алену Кіш, імя якой доўгі час было страчаным для Беларусі.
Аповесць “Русалкі клічуць” прадстаўляе сабой сінтэз мастацкай фантазіі з дакладнымі гістарычнымі фактамі, якіх можна знайсці няшмат. Алена Кіш была творчай вандроўніцай, хадзіла па вёсках і малявала дываны, часамі нават за ежу. Яе талент пачалі ўсхваляць толькі пасля смерці, якая таксама была трагічнай — мастачка ўтапілася.
“Гісторыя Алены Кіш — пра адхіленне ад стэрэатыпаў”
Пра асобу беларускай мастачкі Алены Кіш беларуская пісьменніца Зараслава Камінская даведалася не так даўно. Сама здзіўляецца: думала, што шмат ведае пра беларускую культуру, а тут такое адкрыццё.
© ФОТО: АСАБІСТЫ АРХІЎ ЗАРАСЛАВЫ КАМІНСКАЙ
Кніга Зараславы Камінскай “Русалкі клічуць”
Пачала капаць глыбей і адкрыла цэлы таямнічы свет наіўнага мастацтва. Многія чытачы казалі, што да з’яўлення гэтага выдання нават не ведалі пра існаванне такога накірунку ў Беларусі. Таму напісанне кнігі было не выпадковасцю, а, хутчэй, заканамернасцю.
Каб паступіць на другі год навучання ў Школе маладога пісьменніка (праект Саюза беларускіх пісьменнікаў — Sputnik), трэба было прапанаваць ідэі твора, і Зараслава вырашыла зрабіць падарунак перш за ўсё сабе.
“Алена з’яўляецца ўвасабленнем мастака з даволі распаўсюжаным лёсам — яе працы былі не прызнаныя пры жыцці — менавіта таму яна цікавіла мяне як асоба і сімвал складанага лёсу мастака”, — кажа маладая пісьменніца пра гераіню сваёй містычна-дэтэктыўнай аповесці.
Трактаваць назву аповесці нават сама аўтарка не можа адназначна.
Па-першае, русалкі — гэта міфічныя дзяўчыны, якія самастойна інсуюць у творы. Па-другое — з русалкай Зараслава параўноўвае і саму Алену Кіш. Увогуле, русалка — гэта дваістая істота ў беларускай міфалогіі, бо бавыюць русалкі тапеліцы ці ахвяры, а бываюць пачвары, якія самі забіваюць людзей.
“Русалкі клічуць — гэта нават крыху пра мяне, бо, напісаўшы гэтую кнігу, я спраўдзіла сваю мару, чаго не магла зрабіць доўгі час. Можна сказаць, што зрабіўшы гэта, я адгукнулася на покліч сваёй мары”, — тлумачыць Зараслава і кажа, што яе кніга — пра пошук моцы, пра адхіленне ад стэрэатыпаў і нежаданне ісці па звычайнаму для жанчыны шляху.
“Мяне здзівіла, што былі нейкія чаканні да твора”
Пісаць Зараслава пачала на журфаку, але пасля “завучылася” і доўгі час была толькі чытачом. Вярнуцца на шлях пісьменніца рэкламістка з Наваполацку вырашыла, калі даведалася пра Школу маладога пісьменніка. Цягам першага году пісала невялічкія апавяданні, на другім годзе вырашыла здейсніць мару аб кнізе.
Расказвае, што акрамя пазітыўных водгукаў на твор, прыйшлося прачытаць і шмат негатыву, але лічыць, што гэта права чытачоў. Бывае, што хочацца паспрачацца ці нешта растлумачыць, але потым разумееш, што хейтэры маюць права на сваё меркаванне.
“Водгукі — гэта не тое, што спыняе. Перашкодай для далейшай працы магу стаць толькі я сама”, — упэўненая яна.
“Меня некалькі здзівіла, што былі нейкія чаканні да твора. Людзі думалі, што калі я пішу першую мастацкую кнігу пра Алену Кіш, я павінна дасканала распрацаваць яе біяграфію, звязаць лёс са Случчынай. Але гэта чаканні людзей, якія я, зразумела, не змагу спраўдзіць”, — дадае Зараслава.
Яна падкрэслівае, што пра Алену вядома амаль некалькі радкоў, і знайсці штосьці большае ў архівах яна не змагла. Хацелася быць максімальна праўдзівай, але ж гэта не навуковая праца.
Пісьменніца ўпэўненая, што калі яе кніга натхніць кагосьці зрабіць даследванне і напісаць больш, гэта будзе цудоўна.
“Няведанне беларускай мовы — гэта абкраданне сябе”
“Сучасная беларуская літаратура проста цудоўная. Яна шматгранная, у ёй вельмі шмат таленавітых пісьменнікаў. Толькі шкада, што яна не папулярная сярод вялікай колькасць чытачоў”, — распавядае Зараслава.
Яна лічыць, што гэта праблема любой літаратуры на постсавецкай прасторы, бо ў нас няма такога ж добрага маркетынгавага падыходу як, напрыклад, у Заходняй Еўропе.
“Мне падаецца, беларуская літаратура вартая таго, каб яе чыталі. Гэта важна не для пісьменнікаў, а, перш за ўсё, для чытачоў, бо знаёмства з беларускай літаратурай — унікальны досвед, якога не атрымаешь ні з рускай літаратуры, ні з замежнай, ні з кіно. Гэта нешта асабістае і пра цябе”, — падкрэслівае аўтарка.
Па яе меркаванні, нельга адназначна казаць пра недастатак маркетынгу, бо ёсць людзі, якія выдатна жывуць і працуюць у сенняшняй сітуацыі, самі прасоўваюць свае творы. Напрыклад, Андрусь Горват ці Віктар Марціновіч — “яны нават у складаных умовах застаюцца сабой і робяць тое, што любяць”.
“Але, на мой погляд, усё ж такі гэтую працу трэба падзяляць. Кожны павінен займацца сваёй справай: пісьменнік піша, а выдавецтва займаецца распаўсюджваннем яго кнігі”, — падсумоўвае Зараслава.
Яшчэ адна прычына праблем у літаратуры — непапулярнасць мовы, але тут, адзінае, што можа зрабіць пісьменнік — працаваць, ствараць моўнае асяроддзе і паказваць яе прыгажосць, каб людзям хацелася размаўляць, чытаць і пісаць па-беларуску, бо “няведанне мовы — гэта абкраданне сябе”.
“Чалавек разам з беларускай мовай губляе нешта безэквівалентнае. Гэта нечым замяніць, таму я хачу, каб мае будучыя дзеці абавязкова ведалі беларускую мову”, — кажа Зараслава.
Яе бацькі, дарэчы, з Украіны, але гэта не перашкаджае ім чытаць беларускамоўныя творы дачкі і вучыць па іх мову.
“Самастойнае выданне кнігі — гэта выпрабаванне для мяне”
Зараз аўтарка працуе над збонікам апавяданняў. Нават назва гатовая — “Калядны стол. Некулінарная кніга”. Гэта другая ідэя, якая з’явілася ў Школе маладога літаратара. Зараслава плануе, што зборнік будзе складацца з некалькіх гісторый пра стравы, якія яднаюць сем’і і застаюццца ва ўспамінах на доўгія часы.
Пакуль што дзяўчына не ведае, як будзе выдаваць наступную кнігу. Хочацца паспрабаваць усё самастойна, як дарослы пісьменнік, а не “пачатковец, за якога зрабілі ўсё”.
“Зараз пачынаецца больш сталая праца, і гэта своеасаблівае выпрабаванне для мяне”, — усміхаецца аўтарка.
Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча заснаваная беларускім ПЭН-цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і мясцовым дабрачынным фондам “Вяртанне” (г. Мінск) у снежні 2010 года. Пераможцай гэтага года ў намінацыі “Проза” стала Зараслава Камінская. Узнагароду за мастацкі пераклад кнігі Чарльза Букоўскі “Святло, і паветра, і месца, і час” атрымалі Ганна Комар, Юлія Цімафеева і Наталля Бінкевіч.
Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Андрусь Горват, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч і іншыя.
Глядзіце таксама: