Леанід Дайнека. Наступнік Караткевіча

Сёлета, 28 студзеня, магло б споўніцца 85 гадоў вядомаму майстру гістарычнай прозы — Леаніду Дайнеку, які пакінуў па сабе тузін папулярных гістарычных раманаў. Расказваем пра жыццё беларускага пісьменніка, кнігамі якога зачытваліся тысячы беларусаў і беларусак.

Lieanid Dajnieka
Леанід Дайнека

Нарадзіўся Леанід Дайнека 28 студзеня 1940 года ў вёсцы Дзмітраўка-2 Клічаўскага раёна. У 1967 годзе скончыў філалагічны факультэт БДУ, але друкавацца пачаў значна раней — у 1961 годзе. На пачатку выступаў як паэт, таму і не дзіва, што першая кніга Дайнекі была паэтычным зборнікам «Галасы», які пабачыў свет у 1969 годзе. А ўжо ў 1970 годзе малады літаратар быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Запальваў зоркі на беларускім літаратурным Алімпе

Сёння Леаніда Дайнеку ведаюць найперш, як аўтара захапляльных гістарычных рамаў, праз якія многія маладыя чытачы ў БССР усвядомілі сябе беларусамі, зацікавіліся сваім паходжаннем, звярнуліся да каранёў, а ў рэшце далучыліся нават да беларускай справы. Кнігі тыя былі сапраўды вельмі таленавіта напісаныя і не давалі адарвацца ад першай да апошняй старонкі. 

Але чамусьці цяпер вельмі рэдка згадваецца той факт, што пісьменнік часцяком яшчэ запальваў зоркі на беларускім літаратурным Алімпе. Гаворка пра той час, калі Леанід Дайнека быў больш дзесяцігоддзя адказным сакратаром часопіса «Маладосць». Сам пісьменнік такім чынам прыгадваў час, калі трапіў у склад рэдакцыі выдання: 

«Праз нейкі год (маецца на ўвазе сяброўства ў Саюзе пісьменнікаў — заўвага рэдакцыі) з Віцебска я перабраўся ў Мінск, уладкаваўся на пасаду старшага рэдактара ваенных праграм маладзёжнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Гарнізоны, ваенкаматы, вайсковыя часткі, прызыўныя пункты... 

Як упесні: «Не плачь, девчонка, пройдут дожди. Солдат вернётся. Ты только жди...». Душа не гарнулася да казармы, але ж трэба было зарабляць — дзецям на хлеб, жонцы на парфуму. Працуючы на спрэс рускамоўным тэлебачанні, я сумаваў па мове, і таму пры любой нагодзе імкнуўся трапіць туды, дзе збіраліся на свае мерапрыемствы пісьменнікі, дзе можна было наталіць душу беларушчынай.

Парыванні такога кшталту прывялі мяне спякотным жнівеньскім днём 1972 годана Маскоўскія могілкі, дзе адбывалася пахаванне рэдактара часопіса"Беларусь" пісьменніка Ільі Гурскага. Калі аўтара рамана-хронікі «Вецер веку» аддалі зямельцы, да мяне падыйшоў Васіль Зуёнак, намеснік галоўна гарэдактара «Маладосці».

— Леанід Мартынавіч, — сказаў ён. — У нас вакантнае месца з’явілася. Анатоль Кудравец, адказны сакратар, запрошаны на працу ў ЦК КПБ. Прапануем табе стаць «начальнікам штаба».

Леанід Дайнека не стаў адмаўляцца і ў хуткім часе заняў вакантную пасаду, дзе і адкрываў таленты. У яго атрымлівалася ўдала сумяшчаць бюракратычную працу з творчым падходам. Сярод іншага, ён паўплываў у тым ліку на тое, каб у складзе рэдакцыі «Маладосці» і на старонках выдання, аказаліся творы Юры Станкевіча. Аднак не забываўся пісьменнік і на ўласную творчасць, не саромеўся раіцца з калегамі па часопісе. 

Дзяржаўная прэмія імя Кастуся Каліноўскага і чэргі па кнігі

«Mieč kniazia Viački»


Генрых Далідовіч, таксама аўтар гістарычных раманаў і галоўны рэдактар «Маладосці» ў часы здабыцця Беларуссю незалежнасці, вось як прыгадваў стварэнне ці не самага вядомага рамана Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі»:  

«Добра ведаючы, што ў той час найперш у «Маладосці» можна надрукаваць гістарычны твор, да мяне звярнуўся вядомы паэт і ўжо заяўлены празаік Леанід Дайнека: прачытай мой раман і спачатку толькі мне выкажы сваю думку. Прачытаў. У гаворцы сам-насам зазначыў яму: ты абраў для расказу вельмі цікавыя, але малавядомыя эпізоды з нашай гісторыі (я ўведаў пра іх ад М. Ермаловіча) — барацьбу Полацка і полацкага васала з Кукейноса князя Вячкі на пачатку ХІІІ стагоддзя супраць крыжакоў. Але чаму табе найперш спасылацца на «Хроніку» Генрыха Латвійскага, паслухай і іншага Генрыха: узбуйні паказ таго, што Полацкая зямля была не часткай Кіеўскай Русі, а многія стагоддзі самастойнай дзяржавай. «Дык ты гэта падтрымаеш?» — «Падтрымаю. Будзем націскаць на тое, што палачане і кукейносцы змагаліся супраць навалы з Захаду».

Дзякуючы такім хітрыкам, твор без асаблівых праблем пабачыў свет у 1987 годзе і нават быў уганараваны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа Саюза пісьменнікаў Беларусі. У хуткім часе ягоны аўтар здабыў папулярнасць і справядлівы тытул пераемніка Уладзіміра Караткевіча. Паміж двумя пісьменнікамі і праўда было многа агульнага — бо і адзін, і другі рамантызавалі мінулае, але рабілі гэта грунтуючыся на добрай дакументальнай аснове. 

За новымі кнігамі Дайнекі выстройваліся самыя сапраўдныя чэргі ў кнігарні, калі яны там з’яўляліся. А ў 1990 годзе за раманы «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды» ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага, а самі кнігі занялі пачэснае месца ў нашай літаратуры.

«Žalieznyja žaludy»

Самы вядомы верш Дайнекі

Леанід Дайнека быў не толькі выдатным празаікам, але і цудоўным паэтам. Больш за тое, вельмі многія беларусы і беларускі знаёмыя з ягонай паэтычнай творчасцю. Як мінімум з адным вершам, які калісьці быў надрукаваны ў легендарным «Буквары» Анатоля Клышкі, што вытрымаў не адно перавыданне. Называецца той дзіцячы вершык «Беражыце сшыткі, кніжкі!» і па-сутнасці з’яўляецца гэткі заклікам да экалагічнага падыходу: 

«Каб на кнігі мець паперу,
Лесу шмат ідзе без меры.
— А ці вам, сябры, вядома,
— Як мы лес ратуем дома?

Непатрэбныя паперы
Не выкідваем за дзверы.
І блакнот абы-які
Не парвем мы на шматкі,

Бо на фабрыцы ў машыну
Ідуць яны замест драўніны,
Сшытак спісаны, шпалеры -
Будзе новая папера.
Кніга... Там яшчэ адна -
І не зрэзана сасна.
Са старых газет рулон -
Уцалеў ад згубы клён.

Мы — прыроды вартавыя,
Нам заўжды дапамагай —
Кніжкі ўсе свае старыя
Не выкідвай, а збірай.

Лесу шмат, а ўсё ж — не лішкі...
Беражыце сшыткі, кніжкі».

Самыя знакамітыя творы ў ХХІ стагоддзі

Бадай што, самыя знакамітыя яго творы Леаніда Дайнекі ў ХХІ стагоддзі — гэта раманы «Назаві сына Канстанцінам» і «Ілоты». Іх аб’ядноўвае адна рэч — змена месца і часу дзеяння. Калі ў першым творы чытач трапляе то ў Рым, то ў Канстанцінопаль, а ўрэшце на Крапівеньскае поле, дык у другім абсяг дзеяў наогул яднае паўстанні ілотаў у Спарце і Слуцкі збройны чын. 

Памёр майстар гістарычнай прозы на 80-м годзе ў Мінску — 21 жніўня 2019 года. На дзіва, некаторыя ягоныя кнігі цяпер з’яўляюцца самым сапраўдным рарытэтам, бо не перавыдаюцца так часта, як творы ягонага настаўніка — Уладзіміра Караткевіча. І тым не менш беларусы памятаюць пра Леаніда Дайнеку і рэгулярна звяртаюцца да ягонай творчай спадчыны. 

Л.Г., budzma.org

Крыніца ілюстрацый — nlb.by