Сёлета маем важны для беларускай літаратуры юбілей — 21 студзеня магло б споўніцца 80 гадоў беларускаму пісьменніку, драматургу і сцэнарысту Юры Станкевічу. Расказваем цікавосткі пра жыццё аднаго з найлепшых і найцікавейшых аўтараў сучаснай беларускай літаратуры цытуючы яго самога.
Юры Станкевіч. Крыніца: bellit.info
Юры Станкевіч або Юрый Станкевіч нарадзіўся ў Барысаве 21 студзеня 1945 года. Бацька пісьменніка быў рэпрэсаваны, што на думку самога літаратара істотна адбілася на ягоным жыццёвым шляху. Сам ён потым успамінаў:
«Мой бацька, Васіль Харытонавіч, быў рэпрэсіраваны па 58 артыкулу і пасля адсідкі ў барысаўскай турме быў скіраваны ў сістэму Карлага. Змалку я насіў прозвішча дзеда і маці — Станкевіч. Дзецям палітзняволеных жылося тады пагана. З пятнаццаці гадоў я працаваў. Скончыўшы вячэрнюю школу, дзякуючы хрушчоўскай «адлізе», паступіў у ВНУ, але, тым не менш, у часы, якія апісваю, дасягнуць у жыцці хоць чагосьці істотнага шанцаў я, канешне ж, не меў. Другая прычына выцякала з першай».
Па-пашпарце, дарэчы, Станкевіч быў ніякім не Юрыем, але Георгіем. І гэтую акалічнасць ён тлумачыў так:
«Па пашпарту я быў Георгій. Спачатку назвалі Юрыем, але дзед памяняў маё імя на імя брата маёй маці, свайго сына, які загінуў. Потым дзядзька аб’явіўся жывым: пад канец вайны быў цяжка паранены і доўга лекаваўся ў шпіталях далёка ад Беларусі».
Скончыўшы факультэт журналістыкі БДУ, Юры Станкевіч па размеркаванні трапляе ў родны Барысаў, дзе працуе ў мясцовай «раёнцы». На дзіва амбітнаму, малапітушчаму і спартоваму маладому чалавеку неяк ну зусім не шанцуе з кар’ерным ростам. Па ўсім відаць, акурат у часы працы ў раёнцы, і пачаў фармавацца ягоны светапогляд, які потым будзе адлюстраваны ў ягоных творах:
«Змена пакаленняў у калектыве барысаўскай раёнкі была з’явай немінучай. У рэдакцыю прыходзілі маладыя ўладальнікі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі (раз-пораз зусім не журфакаўскай), не этнічныя беларусы, не нашмат маладзейшыя за мяне, але з «чыстымі» біяграфіямі. Паканчалі ВПШ — і парабіліся начальнікамі. Я са сваімі нацыянальнымі каштоўнасцямі ў іх светапогляд не ўпісваўся.
Прыйшла, тым часам, яшчэ большая небяспека: пачаліся імклівая русіфікацыя газеты (мовы прыхадні не ведалі і вучыць не жадалі), дробязныя інтрыгі і міжусобіца — рысы, якія паступова, але няўхільна рабіліся ўласцівымі невялікім правінцыйным гуманітарным калектывам».
Кардынальныя змены ў жыцці Станкевіча адбыліся з надыходам так званай гарбачоўскай «Перабудовы», калі пра многае ўжо можна было смела і адкрыта казаць. Пісьменнік лёгка бярэцца за вострыя тэмы і хутка разумее, што гэта ягоная фішка. Напісаўшы некалькі апавяданняў, ён вырашае апублікаваць іх на старонках «Маладосці», якая ў 80-я гады была рупарам беларускай культуры:
«Спробы пісаць прозу я рабіў рана. Першае кароткае апавяданне надрукаваў у газеце (тады беларускамоўнай) яшчэ вучнем. Потым быў доўгі перапынак. Парушыў яго ў канцы 1980-х, ужо пры «перабудове», — калі прывёз тры аповеды ў «Маладосць»».
Пазнаёміўшыся з супрацоўнікамі рэдакцыі, Юры Станкевіч пачынае часцей наведвацца ў сталіцу, а на старонках часопіса ўсё часцей з’яўляюцца ягоныя матэрыялы. Акурат у так званай «Бібліятэчцы часопіса «Маладосць» у 1988 годзе выходзіць і ягоная дэбютная кніга прозы пад назвай «Луп».
З часам Станкевіч робіцца паўнапраўным супрацоўнікам легендарнага выдання, але разам з тым у краіне адбываюцца кардынальныя перамены:
«Мы ўжо поўным ходам уступілі ў «хвацкія» 1990-я. За вокнамі рэдакцыі разгортваліся гістарычныя для Беларусі падзеі. Адраджэнцкі незалежніцкі ўздым суседнічаў з інфляцыяй, карупцыяй, страхамі і расчараваннямі. Тым не менш, прыхільнікі беларускага адраджэння рабілі кожны сваю справу з вялікім энтузіязмам. У тым ліку і маладосцеўская «сям’я». Мы паспяхова працягвалі барацьбу за чытачоў. «Сям’я», а з ёй і часопіс трымаліся на плаву».
І вось гэтыя акалічнасці вынесуць Станкевіча ў топ беларускіх пісьменнікаў. Бо ён піша на злабадзённыя тэмы, якія чапляюць чытача. У сярэдзіне 90-х ён пачынае працаваць у яшчэ адным легендарным часопісе — «Крыніцы», дзе на той момант быў зорны склад. Праз некалькі гадоў, ужо ў канцы дзесяцігоддзя, выходзіць яго, бадай што, самы вядомы раман «Любіць ноч — права пацукоў», які ў момант робіцца культавым. Сярод аматараў прыгожага беларускага пісьменства і цяпер існуюць два варагуючыя лагеры — тыя, хто лічыць гэтую кнігу шэдэўрам, і тыя, хто не бачыць у ёй нічога вартага і ўважае банальнай чарнухай.
Юры Станкевіч. Крыніца: bellit.info
Станкевіч працягвае пісаць, адна за другой выходзяць яго новыя кнігі — «Апладненне ёлупа», «Мільярд удараў», «П’яўка», «Шал». Некаторыя з тэкстаў аўтара выклікаюць розгалас і скандалы — яго вінавацяць ледзь не ва ўсіх смяротных грахах — ксенафобіі, гамафобіі і гэтак далей па спісе. Пільныя чытачы, якіх можна смела назваць гэткімі неакамсамольцамі, знаходзяць прыкметы нянавісці і нецярпімасці як у старых, так і ў новых тэкстах.
Мажліва акурат праз гэта пісьменнік вельмі рэдка дае інтэрв’ю, амаль не наведвае літаратурных імпрэзаў, пазбягае часам нават уласных прэзентацый. За што мае рэнамэ сацыяпата і ледзь не мізантропа. Аднак тыя, хто ведаў яго асабіста, кажуць, што ў жыцці ён быў не столькі суворым і замкнёным, колькі сціплым. І пацвярджэнне гэтаму можна знайсці ў словах самога Станкевіча. Так, прыкладам, яшчэ за часамі працы ў рэдакцыі «Маладосці» з ім здарылася кур’ёзная гісторыя, якая вельмі добра раскрывае характар пісьменніка:
«Памятаю, як аднойчы ўсім калектывам пайшлі запісвацца на тэлебачанне. Папярэдне размеркавалі, каму з чым выступаць. Ад нашага аддзела павінен быў гаварыць Валодзя Саламаха. Але калі пасля доўгага чакання мы ўладкаваліся ў зале для запісу, яго раптам не аказалася. Паколькі нейкі час нас марнавалі чаканнем, то сёй-той, канешне, разышоўся па шматлікіх калідорах тэлецэнтра. Пазней высветлілася, што Валодзя... проста заблукаў.
— За аддзел скажаш ты, Юры, — загадаў Грачанікаў. — Што друкуем, якія планы. Мяркуй сам.
Усхваляваны, я сеў на вызначанае рэжысёрам месца. Сёй-той з нас прынёс на выступленне гатовыя тэксты альбо тэзісы і адчуваў сябе перад камерамі нязмушана. Алесь Камароўскі, напрыклад. Вопытныя ў такіх справах Грачанікаў і Далідовіч і так ведалі, што сказаць. Я ж быў не здольны да публічных выступаў і схільны ледзь не да сацыяфобіі.
Па чарзе пачалі гаварыць. Ды раптам аднекуль зверху:
— І хто там шкрабае нагамі? Стоп! Усё спачатку!
Шкрабаў нагамі я. Калі паўтаралі ўсё нанава, я неяк справіўся з тэкстам, нягледзячы на хваляванне. Запіс скончыўся — і з’явіўся на вочы сканфужаны Саламаха. Але ні на яго, ні на мяне не крыўдавалі.
Тым не менш, на тэлебачанне я больш ніколі не хадзіў, хоць прапановы паступалі».
Пры жыцці не атрымаў ніводнай літаратурнай прэміі
Намінавалі Юрыя Станкевіча і на многія літаратурныя прэміі, але ніводнае з іх ён так і не атрымаў пры жыцці. Пасмяротна прысудзілі яму летась «Глінянага вялеса» за значны ўклад у беларускую культуру, і гэта цалкам сабе справядлівая адзнака.
Пайшоў з жыцця пісьменнік ва ўзросце 76 гадоў у дзядоўскі час — 22 кастрычніка 2021 года ад наступстваў каронавіруса. Усё жыццё ён ствараў апакаліптычныя сюжэты, а тут не паверыў у сапраўдную небяспеку COVID-19. Пахавалі творцу ў родным Барысаве.
Па-за ўсялякім сумневам Юры Станкевіч быў чалавекам, які не толькі фармаваў беларускія сэнсы ва ўласнай творчасці, але таксама ніколі не гнуўся пад патрэбамі эпохі і не баяўся пісаць аб тым, аб чым іншыя баяліся ў нашых шыротах нават гаварыць услых.
Ф.Т., budzma.org