Інтэрв’ю са 100-гадовым доктарам Анатолем Занковічам — пра жыццё падчас Другой сусветнай і працу хірургам у ЗША

Жыццё Анатоля Занковіча — гэта няпростая гісторыя ХХ стагоддзя, расказаная праз лёс аднаго чалавека. Яго сям’я зазнала раскулачванне, Анатолю давялося пажыць пры паляках, саветах і нацыстах. Урэшце мужчына эміграваў у ЗША, дзе 40 гадоў адпрацаваў хірургам у Чыкага. Сваю гісторыю ён расказаў «Нашай Ніве».

Anatoĺ Zankovič
Доктару Анатолю Занковічу споўнілася 100 гадоў. Фота: Facebook / Natalla Hardziyenka

Сёлета Анатолю Занковічу споўнілася 100 гадоў. Ён кажа, што ў яго няма сакрэту даўгалецця. «Проста жыў, добра ставіўся да людзей, слухаў іншых, трываў і не падаў духам».

Сям’я Занковічаў, у якой было 10 дзяцей, паходзіць з вёскі Сіўцы (Вілейскі раён).

Анатоль нарадзіўся там у 1925 годзе, калі вёска ўваходзіла ў Польскую Рэспубліку. Яго бацькі мелі вялікую гаспадарку.

«Дома заўсёды гаварылі па-беларуску»

«Дома мы заўсёды гаварылі па-беларуску, — згадвае Анатоль. — Дзеці ішлі ў польскую школу — там, вядома, польская мова, але як толькі вярталіся дадому, ніводнага польскага слова ніхто не чуў. Бацькі таксама гаварылі толькі па-беларуску. Яны вучыліся яшчэ ў царскай школе, калі Беларусь была пад Расійскай імперыяй, таму ўмелі пісаць па-руску.

Па-беларуску гаварылі, але не мелі магчымасці вучыцца на роднай мове — улада не давала. Мы, беларусы, да палякаў ставіліся добра, і яны да нас таксама. Хаця часам было і такое. Адзін польскі настаўнік неяк сказаў мне: «Чаму ты гаворыш мужыцкай мовай?» А я маўчаў — нічога не адказаў — і надалей гаварыў па-беларуску».

Anatoĺ Zankovič Фота: асабісты архіў Занковіча

У Другую сусветную вайну з прыходам савецкай улады ў Заходнюю Беларусь бацькоў Анатоля раскулачылі. Сям’я выжыла дзякуючы запасам, якіх хапіла на пэўны час. Потым часта галадалі.

«Мы ўсе жылі разам, людзі былі знаёмыя паміж сабой, ніякіх канфліктаў не было. А потым — усё раптам змянілася. Чаму яны прыйшлі раскулачваць менавіта да нас? Гэта вельмі цікава, чаму людзі так мяняюцца.

Вось, напрыклад, брата Барыса, Сяргея і сястру Антаніну, якія нічога не зрабілі, не супрацоўнічалі з немцамі, забілі партызаны, якія крычалі, што яны «рускія». Чаму людзі змяняюцца так? Чаму сёння жывеш побач з чалавекам, а заўтра ён гатовы цябе забіць? Гэта цяжка зразумець», — кажа ён і плача.

Анатоль згадвае, што з прыходам саветаў людзі ў вёсцы сталі баяцца за сваё жыццё, бо многіх забіралі ў лагеры ў Сібір.

«Баяліся, што саветы вывезуць у Сібір» 

Нямецкае войска прыйшло ў родную вёску Анатоля ў ліпені 1941-га. Тады ён вучыўся ў Вілейскай беларускай гімназіі.

«Для беларусаў гэта быў час выпрабаванняў, бо многія хаваліся ў лясах — уцяклі з Чырвонай Арміі ці проста не хацелі з ёй звязвацца. Але жыць у лесе — гэта цяжка, трэба было нешта есці. Партызаны прыходзілі да мясцовых, да мужыкоў, патрабавалі — то адзежу, то ежу. Часам у адносінах была ўзаемнасць, але бывала, што проста забіралі ўсё сілай», — расказвае ён.

Па словах Анатоля, некаторыя мясцовыя лічылі, што немцы далі пэўную свабоду, бо выгналі рускую армію і дазвалялі вучыцца на беларускай мове.

«Нямецкая акупацыя многім здавалася нават лепшай за савецкую, — кажа ён. — Наша гімназія працягвала існаваць. Толькі будынак яе немцы забралі пад салдацкія патрэбы. Вучні пераехалі ў іншыя дамы і школы. Але навучанне працягвалася — былі класы, былі беларускія настаўнікі, і навучанне ішло на беларускай мове».

У 1944-м Анатоля мабілізавалі вучыцца ў афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны. Калі немцы сталі адступаць з Беларусі пад ціскам савецкай арміі, Анатоль эвакуяваўся ў Германію.

«Усіх маладых эвакуявалі ў Германію. Я ўжо быў там, калі даведаўся, што і мае бацькі таксама выехалі. Яны апынуліся ў Дрэздэне, далёка ад мяне. Бацька і маці паехалі ў Нямеччыну толькі таму, што вельмі баяліся, што саветы іх вывезуць у Сібір. Жылі яны проста, былі звычайныя беларускія людзі, сельскія, не палітыкі. Але тады ўжо многія разумелі, што можа здарыцца — арышты, высылкі. Але праз нейкі час яны вярнуліся ў Беларусь.

Bielaruskaja moladź vajennaha času
Беларуская моладзь ваеннага часу. Фота: асабісты архіў Занковіча

Тады прыходзілі савецкія афіцэры і ўгаворвалі: «Вяртайцеся». Так многія і зрабілі. На жаль, многія тыя, хто паверыў і вярнуўся, — іх адразу вывезлі ў Сібір. Таму мой брат Жорж і я вырашылі застацца ў Германіі, мы баяліся», — расказвае Занковіч.

«Працавалі ў амерыканскай салдацкай кухні»

У Германіі Анатоль трапіў на службу ў РОА — армію генерала Уласава, сфарміраваную з палонных і эмігрантаў, якая ваявала на баку Трэцяга рэйха.

«Нас павінны былі накіраваць у беларускія [часці], але ніхто добра не ведаў, хто ёсць хто. Таму мяне па памылцы выслалі ў рускую класічную армію. Проста пераблыталі. Ніхто з нас сам не выбіраў, проста так здарылася», — кажа ён.

У Рэгенсбургу — нямецкім городзе непадалёку ад Чэхіі — Анатоль разам з іншымі ўласаўцамі здаўся амерыканскаму войску.

«Каб выжыць, мы працавалі ў амерыканскай салдацкай кухні. Елі разам з амерыканскімі салдатамі, яны былі вельмі добрыя да нас. Адчувалася свабода. Амерыканцы забралі зброю ў тых, у каго яна была. А ў мяне застаўся пісталет у кішэні, і я яго так і захаваў нават у лагеры.

Страшна зусім не было. Мы былі ў вялікім лагеры, там было каля пяцідзесяці тысяч чалавек — не толькі беларусы, але і ўкраінцы, і палякі. Амерыканцы добра да нас ставіліся, кармілі. Было адчуванне, што ніхто нас не збіраецца караць», — кажа ён.

У арміі ў Анатоля былі сябры, беларускія хлопцы, яны трымаліся разам. Ён узгадвае, што ў лагер прыязджалі і савецкія афіцэры і пераконвалі ўсіх вяртацца ў Савецкі Саюз.

«Некаторыя паверылі і вярнуліся, — расказвае ён. — Саветы націскалі, пераконвалі. Аднак аднойчы генерал амерыканскі пачуў пра гэта і сказаў: «Калі хто хоча — няхай вяртаецца, але ніякага прымусу быць не павінна». І ён загадаў гэта афіцыйна, бо былі выпадкі, што людзей сілай забіралі, і тыя, хто не хацеў вяртацца, нават сябе забівалі, каб не трапіць у СССР. Гэта быў страшны час. Але добра, што амерыканцы паставіліся з павагай — хто хацеў, мог застацца».

«Першапачаткова думаў пра палітыку, але разумеў, што быць медыкам — гэта стабільная праца, дзе б я ні быў»

У 1946 годзе Анатоль скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. Яна была заснавана ў лагеры для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу з мэтай падрыхтоўкі беларускай моладзі для паступлення ў ВНУ. Пасля нядоўга вучыўся ў Тэалагічна-філасофскай вышэйшай школе. Быў заснавальнікам і старшынёй Рэгенсбургскага аддзела Згуртавання беларускіх студэнтаў у Германіі. З другога семестра Анатоль вырашыў перавесціся на медыцынскі факультэт Мюнхенскага ўніверсітэта. Анатоль марыў стаць доктарам.

Але ў 1949 годзе ў Заходняй Германіі была праведзена грашовая рэформа і гэта змяніла планы, давялося пераехаць.

«У Нямеччыне ўсё стала вельмі цяжка — змянілі грошы, інфляцыя, жыць стала цяжка. Мы пачулі, што ў Бельгіі, у горадзе Лювэне, універсітэт дае магчымасць вучыцца. Там быў беларускі рух, падтрымка. Таму ў 1949-м я пераехаў у бельгійскі Лювэн. Спачатку запісаўся ў гімназію пры ўніверсітэце. Праўда, цяжка было, бо мы не гаварылі па-французску. Пачыналі з таго, што размаўлялі з прафесарамі па-нямецку. Але нас падтрымлівалі — далі стыпендыю, кармілі. Гэта была добрая магчымасць жыць вольна і вучыцца», — расказвае ён.

Анатоль адвучыўся на хірурга і ў 1956-м атрымаў дыплом. Пацікавіліся, чаму ён абраў менавіта медыцыну.

Anatoĺ Zankovič
Фота: асабісты архіў Занковіча

«Увогуле першапачаткова думаў пра палітыку, але разумеў, што быць медыкам — гэта стабільная праца, дзе б я ні быў. Таму пайшоў у медыцыну. У Бельгіі тады многія беларусы, якія вучыліся, не маглі працаваць па спецыяльнасці, бо быў такі асаблівы закон, але з часам у краіне яго змянілі — беларусы атрымалі права адкрываць сваю практыку і працаваць самастойна, а не разам з іншымі дактарамі. На жаль, я ўжо на той момант выехаў у ЗША і не вярнуўся», — расказвае ён.

«Жонка была на дзесяць гадоў маладзейшая за мяне»

У Бельгіі Анатоль пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Матыльдай.

«Я быў на медыцынскім, яна — на факультэце французскай мовы, філолаг. Матыльда была на дзесяць гадоў маладзейшая за мяне, калі пазнаёміліся, ёй было 18, а мне — 29. Яна размаўляла на французскай, таксама на нямецкай. Паступова сышліся, і ў 1956 годзе ажаніліся. Жонка вельмі палюбіла беларусаў. Калі яе бацькі даведаліся пра мяне, яны не былі супраць, каб яна выходзіла замуж за мяне, бо я беларус.

Anatoĺ Zankovič z žonkaj
Фота: асабісты архіў Занковіча

У нас трое дачок, адна з іх пайшла з жыцця ў маладым узросце: анкалогія. Маем чатырох унукаў. Адзін з іх матэматык, два іншыя — адвакаты, а малодшы вучыць карэйскую мову».

У 1958 годзе разам з жонкай Анатоль пераехаў жыць у ЗША.

«У Бельгіі жылі шмат маіх сяброў — беларусы, чэхі, украінцы, палякі, — якія выязджалі ў Амерыку. Але ў той час я бачыў, што трэба будзе шукаць лепшыя магчымасці. Я пачаў чытаць часопісы і даведаўся, што амерыканскія шпіталі шукаюць лекараў. Напісаў у некалькі шпіталей, і адзін у Ілінойсе адказаў, што я магу атрымаць працу. Я хутка атрымаў грын-карту», — расказвае ён.

Матыльда пагадзілася ехаць з Анатолем. «Добра, давай цяпер адукоўваць Амерыку», — сказала жанчына.

«Яна пайшла з жыцця нядаўна, гэта стала для мяне вялікай стратай. Мы аб’ехалі з ёй усю планету, акрамя Японіі, куды таксама хацелі паехаць. Мне цікава было ўбачыць, як людзі за тысячы гадоў не змяніліся, захаваўшы сваю культуру і менталітэт».

Anatoĺ Zankovič z žonkaj
Фота: асабісты архіў Занковіча

«З братам мы разам з’ездзілі ў нашу вёску Сіўцы. Там амаль нічога не засталося — вёскі былі спаленыя»

Будучы хірургам, Анатоль пераважна праводзіў аперацыі на жываце.

«Аднойчы зрабіў дзве аперацыі на лёгкіх, дзе выдаліў часткі лёгкіх, у якіх быў рак. Былі і вельмі адказныя аперацыі на вялікім сасудзе сэрца — аорце. Гэта было вельмі цяжка, бо памылка магла прывесці да сур’ёзных ускладненняў, нават страты ног. Астатнія аперацыі былі больш простыя ў параўнанні», — згадвае ён.

Anatoĺ Zankovič
Фота: асабісты архіў Занковіча

У Беларусі ў Анатоля засталіся стрыечныя браты. Адзін з іх жыве ў Мінску — скульптар Валянцін Занковіч.

«Мы сустракаліся ў Мінску ў 1993 годзе, тады Станіслаў Шушкевіч запрасіў беларусаў з усяго свету на з’езд. А з братам мы разам з’ездзілі [заадно] ў нашу вёску Сіўцы. Там амаль нічога не засталося — вёскі былі спаленыя. Маіх бацькоў пахавалі ў Вілейцы — недалёка ад вёскі. Там таксама пахаваныя мае дзяды па маці і па бацьку».

У эміграцыі Анатоль не забыўся на беларускую мову. У Чыкага, па яго словах, беларусы заўсёды збіраліся разам і гаварылі па-беларуску.

«Мая жонка не гаварыла па-беларуску, дзеці таксама, часам яны пераходзілі на французскую, але я заставаўся з беларускай мовай», — кажа ён.


Anatoĺ Zankovič
Фота: Facebook / Natalla Hardziyenka

Што дапамагала Анатолю па жыцці?

«Усюды было цяжка, бо быў такі час, але я заўсёды трымаўся, любіў хадзіць у школу, хаця некаторыя сябры сыходзілі з заняткаў, не любілі вучыцца. Можа, прага да вучобы неяк і дапамагала.

Я бачыў шмат войнаў. Гэта людская прырода. Войны пачынаюцца, бо людзі не могуць пагаварыць і знайсці паразуменні. Каб вайны не было, трэба пачынаць са школы, адукацыі, з дапамогі людзям, з дабрыні. Трэба вучыць людзей мірнаму жыццю, каб вайна не паўтаралася».