Дачытаць добрую кнігу – тое самае, што сесці з асадкай перад чыстай паперай ці белым экранам: ты ў прынцыпе не разумееш, што далей рабіць. Толькі верыш, што ўсё будзе добра і неяк выруліш.
Чатыры гады таму, калі Сін досыць нечакана, як на мяне, не трапіў у чарговы “лонг” чарговага Гедройця, я пісаў для Свабоды, што ён чамусьці нагадвае мне Івана Пташнікава, у прозу якога “заходзіш, нібы ў незнаёмую раку”, асцярожна, стрыгучы вушамі, як той конь. З Сінам пастаянна трэба было трымаць сябе “напагатове” – не толькі таму, што ў мінулых кнігах Ілля мог імгненна змяніць і апавядальніка, і сюжэт, адным махам раструшчыць вобраз, як у сваіх знакамітых перформансах, ці пайсці на нейкі гранічны эксперымент з эстэтыкай, з усюдыіснымі “даляглядамі чытацкіх чаканняў” і гэтак далей. Рэч была ў тым, што як бы ні выкручвалася “дрогкая лінія сэнсу”, ты адчуваў ясна: чытаеш нешта сапраўднае. Што перад табой не проста прага дэканструкцыі дзеля дэканструкцыі альбо спавяданне якіх-кольвек пунктаў якіх-кольвек эстэтычных праграм (не будзем тут, у пачэсным таварыстве, вымаўляць словы на “ізм”), а выбудоўванне сваёй персанальнай праграмы, якая можа някісла пахіснуць тваю ўласную.
Было б дзіўным абвяшчаць, што “вяршыня творчасці, да якой аўтар так доўга імкнуўся, была дасягнутая ў кнізе “Libido”, якая пабачыла свет etc.”. Думаю, Ілля як шматгадовы аўтар, а цяпер і галоўны рэдактар мінкультаўскай газеты толькі пасмяяўся б з убогага канцылярыту. Папросту яму чамусьці захацелася, як сказана ў анатацыі, упершыню “напісаць кнігу, у якой ёсць такія ўласцівасці прозы, як герой і сюжэт”. Што можа паўплываць на далейшае кругасветнае плаванне, а можа і не паўплываць.
“Дык а кніжка пра што, Скліфасоўскі?” – спытае зарэгістраваны ў Твітары чытач. Пачну здалёк, а менавіта з параўнання.
Кампаратывістыка ў крытыцы – з’ява недарэчная і, як правіла, выліваецца ў ідыёцкія канструкцыі кшталту “беларускі Вальтэр Скот (Фолкнер, Бялінскі, Жадан – патрэбнае падкрэсліць). Для нейкай больш-менш навуковай аналітыкі тут мала часу на абгрунтаванне, аднак пра “Libido”, хоць і напоўненае агульнабіблейскай міфапаэтыкай і самымі рознымі цытатамі, мне хочацца сказаць выключна адну рэч. Я не пра цытаты, канечне, хвалюе іншае. І самая трывожная атмасфера – то задушлівая (як незадоўга да навальніцы), то крыштальна чыстая (як незадоўга пасля яе), і самотная гераіня, якая не можа знайсці апірышча, адасобленая ад свету, а ён татальна адасоблены ад яе, – усё гэта чамусьці нагадала мне адну раннюю рэч Петэра Хандке, некалі чытаную ва ўкраінскім перакладзе і таму назаўсёды захраслую ў галаве як “Жінка-шульга”. Паралельна, недзе ў тым жа часе шуканы, адэкватны пераклад назвы паэмы Томаса Эліята “The Hollow Men” навёў на слоўнік Ластоўскага, дзе “пустацелы”, “полы” перадавалася прыметнікам “шуплы”.
Эліятаўскае сівернае дыханне “Чатырох квартэтаў” і “Шуплых людзей” разам з шуплай “жанчынай-шульгой” хутчэй выстаўляла чалавека як з’яву на пэўны экзістэнцыйны холад. Але ў Іллі Сіна чалавек як з’ява фактычна адсутны, і ўвесь ход кнігі паказвае менавіта сітуацыю распадабнення чалавечых прыкмет, падобную да з’явы дысіміляцыі.
Што час, горад і краіна не названыя – не навіна. Хранатоп прыкладна такі: аглядная будучыня, правінцыйны ўмоўны “райцэнтр”, куды трапляе гераіня пасля працяглага досведу здымкаў у хардкор-порна. Жанр выходзіць з моды праз з’яўленне танных кітайскіх рабатызаваных 3D-мадэляў, таму Марыя пакінутая самой сабе і ператвараецца ў сузіральніцу, якая дбайна дэталізуе ўсё, што бачыць навокал. Кніга часам можа нагадаць запаволеную здымку: ашчадна фіксуюцца найдрабнейшыя рэчы – парэпаныя, нягеглыя і старыя, як і ўсё ў сінаўскім горадзе. Тое, што выхоплівае позірк самотнай Марыі, не складаецца ў яе ў пэўную карціну свету, як гэта было б прывычна для прозы рэалістычнай. Наадварот, фрагменты для гераіні застаюцца фрагментамі, сама карцінка падаецца немагчымай у сітуацыі паўраспаду складанага – да прымітыўнага, калі цэласнасці ўжо няма, але наступная стадыя яшчэ не прычаканая.
Разам з тым Марыя жыве ў прадчуванні “Іншага”. Шмат разоў названы і ў розных вобразах пакліканы, сюжэт “Я-Іншы” ў кнізе Сіна хутчэй нагадвае гісторыю згаданага паняцця ў філасофскіх трактатах ХХ стагоддзя. Дыялог з Іншым, прынамсі пошукі такога дыялогу, цярплівае чаканне яго становіцца пэўнага кшталту надзеяй для Марыі ва ўмовах “пустацелай” рэчаіснасці.
Да пэўнай ступені альтэрнатыўную рэальнасць “Libido” можна ўважаць за эсхаталагічную. Раман апавядае аб пярэдадні апакаліпсісу, дзе свет скончыцца “не выбухам, але ўсхліпам”. Сін кажа, што ўсё будзе па сутнасці трывіяльна й звычайна. Толькі людзі крыху адасобяцца адно ад аднаго, але ўсё гэтак жа будуць нараджацца дзеці, дзіўныя людзі будуць пражываць дзіўнае жыццё, хадзіць на працу, потым у краму як да храму, глядзець навіны па тэлевізары, а тады раптам пачнецца вайна.
Марыя глядзіць, як палае горад, нібыта Сара Конар у сваім сне-відзежы – адно што захоўвае поўны спакой. Вайна ў рамане (зрэшты, гэта для яе натуральна безадносна рамана) змяняе сацыяльныя ролі, этыку і ўласна кампазіцыю існавання. Дзякуючы баявым дзеянням рэчаіснасць раптам перайначваецца, інерцыя спажывання заканчваецца, і наступае новая фаза, якая абрушвае ўсе старыя парадкі. Надыход Іншага, які спачатку аб’яўляецца ў фальшывым выглядзе (што зноў нагадвае Кнігу Адкрыцця), магчымы толькі пры змене парадку ў значэнні “светабудовы”. Дысіміляваны горад пачынае адраджацца дзякуючы Марыі толькі тады, калі знесеныя былыя перагародкі, у тым ліку нечыя барыкады. Сумны каментар што да магчымых рэформаў, нічога не скажаш.
Сполахі Данбасу, цытаты з Яна Багаслова, Эліята, панылае панэльнае “баракка” архітэктурнага беларускага ландшафту, абыякавасць чалавека да чалавека, азарэнні й безнадзейная надзея, жвачка папсы з магільнай цыклічнасцю жыцця – так шмат усяго насамрэч у новай кнізе Сіна намяшана, а выплаўлена ў цэльны ювелірны выраб.
Нячаста ў нас з’яўляюцца такія кнігі.
Ціхан Чарнякевіч
Шукайце кнігу “Libido” Іллі Сіна ў кнігарнях, або замаўляйце на сайце knihi.by