6 лютага ў дзіцячых садках №24 і №35 г. Ліды ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “500-годнасць” адбыліся выступы Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага. У імпрэзе прысутнічала і паэзія, і проза, і музыка. Ад Аксаны Спрынчан маленькія і дарослыя гледачы пачулі дзіцячыя вершы. Яраш Малішэўскі прадэманстраваў частку калекцыі сваіх музычных інструментаў. Вядома ж, яны і прагучалі на ўвесь голас, не пакінуўшы нікога абыякавым. Дуда і пішчык, дудкі і акарына, варган, шархуны, мандаліна – усё гэта давала цудоўнае ўяўленне пра нашую музычную спадчыну. Перад тым, як гучаў той ці іншы інструмент, выступоўцы апавядалі пра яго, даючы і, так бы мовіць, тэарэтычныя веды. А калі загучалі песьні, аўдыторыя зусім усхадзілася. Падпявалі, прытупвалі, пляскалі ў ладкі – адным словам, ніхто не застаўся ўбаку. Каб кожны здолеў адчуць сябе паўнавартасным удзельнікам, адна з песень была развучаная і выкананая ўсімі разам. Аксана Спрынчан зладзіла конкурс загадак – у вершаванай форме. Узнагародамі сталі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А завяршаліся выступы агульным карагодам-скокамі пад дуду, дзе дарослыя і дзеткі, узяўшыя за рукі, стваралі кола – амаль што чароўнае. Істотны акцэнт у гэтых сустрэчах стаўляўся на такую важкую для беларусаў дату – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. “Дзякуй Скарыну!” – прамаўлялі дарослыя і дзеткі. На фотаздымках, зробленых прыканцы сустрэчаў гадаванцы садкоў з задавальненнем трымаюць у руках плакаты кампаніі “Будзьма” на гэтую тэму, якая цяпер для іх – не пусты гук.