Ліквідаваная чарговая няўрадавая арганізацыя — Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці

Прэтэнзіі да фонду мелі фармальны характар.


1.jpg

Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці паведаміў у Фэйсбуку пра сваю ліквідацыю.

8 снежня адбылося судовае пасяджэнне, ініцыяванае Галоўным упраўленнем юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама на падставе праведзенай праверкі. У выніку абласны суд ухваліў рашэнне ліквідаваць Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці.

Прэтэнзіі да фонду мелі фармальны характар, праверка знайшла некаторыя памылкі ў справаводстве.

«На судзе мы часткова пагадзіліся з вынікамі праверкі, але не пагадзіліся з пазовам і з высновамі аб неабходнасці ліквідацыі фонду. На наш погляд, выяўленыя парушэнні не з’яўляюцца падставай для закрыцця, бо не прывялі да ўшчамлення нечых правоў і не паўплывалі ні на вынікі нашай працы, ні на дасягненне мэтаў фонду»,— заявіла дырэктарка фонду Аліна Дзеравянка.

Фонд быў створаны ў верасні 2013 года з мэтай аб’ядноўваць намаганні беларускіх і міжнародных экспертаў у галіне вывучэння спадчыны горада і крэпасці, праводзіць архіўныя даследаванні, садзейнічаць захаванню спадчыны. Фонд падрыхтаваў дзве кнігі пра гісторыю крэпасці і распрацаваў маршруты, якімі актыўна карыстаюцца турысты.

За апошнія гады фонд рэалізаваў больш за 20 праектаў:

— два тамы «Атласа крэпасці Брэст-Літоўск»;

— база даных «Спадчына Брэсцкай крэпасці»;

— новы трансгранічны маршрут з мабільным дадаткам «VeloFort» па фартах крэпасці, «1000 ідэй для 1000-гадоў Брэста»;

— турыстычны гід «From Brest with love» і іншыя.

«Новы Час»