Лінгвісты ў Латвіі адмовіліся змяніць назву Беларусі па-латышску

У мінулым годзе латвійскія лінгвісты адмовіліся ад прапановы змяніць назву дзяржавы Беларусь на латышскай мове, піша Delfi.lv.


Maps.google.com Maps.google.com

У латышскай мове «Беларусь» пішацца як «Baltkrievija». Было прапанавана пачаць дыскусію аб змене назвы на латышскай мове на «Baltrutenia», а беларусаў, адпаведна, замест «baltkrievi» называць «baltrutēņi».

Камісія знаўцаў латышскай мовы Цэнтра дзяржмовы разгледзела гэтыя прапановы. У выніку лінгвісты вырашылі не падтрымліваць змены, пакінуўшы цяперашнюю назву — Baltkrievija.

Як паведамлялася, Дырэктар Цэнтра дзяржмовы Марыс Балціньш на пасяджэнні камісіі Сейма па замежных справах заклікаў дэпутатаў устрымацца ад выкарыстання афіцыйнай другой назвы Грузіі — Сакартвела.

У траўні мінулага года камісія рэкамендавала надалей інакш называць па-латышску Калінінградскую вобласць Расіі. Лінгвісты заявілі, што лепш выкарыстоўваць гістарычную назву Кёнігсберг (Kēnigsberga) або Караляучы (Karaļauči).