Дзяржаўны музей Якуба Коласа ў часы інтэрнэту і развіцця тэхнікі прапануе ўзгадаць звычай пісаць папяровыя лісты. Да Дня роднай мовы супрацоўнікі музея ладзяць акцыю «Лісты да Коласа». Скарыстацца магчымасцю ўшанаваць такім чынам не толькі творцу, але і нашу беларускую мову можна да 21 лютага.
«Як даўно вы заходзілі на пошту, набывалі канверты, пераймаліся ці хопіць маркі на адпраўку чатырох аркушаў? Дзе знайсці бліжэй паштовую скрыню? Што такое «адкрыты ліст»? Усё гэта мы прапануем вам узгадаць з дапамогай нашай акцыі «Ліст да Коласа»»
Галоўная ўмова — напісаць і аформіць ліст да дзядзькі Якуба ад рукі, у астатнім пакідаецца прастора для фантазіі ўдзельнікаў.
«У сям’і Якуба Коласа было прынята ліставацца, існуе шмат лістоў класіка да сваіх дзяцей, любай жонкі Марыі Дзмітрыеўны, да родзічаў, да сяброў, калег і знаёмых, дзе ярка раскрываецца шматгранная асоба Песняра. С дапамогай нашай акцыі мы разам працягнем улюбёную коласаўскую завядзёнку.»
Лісты прымаюцца да 21.02.2024г на адрас музея (220012 Мінск, вул. Акадэмічная, д. 5). У гэты ж дзень будуць вызначаныя аўтары самых крэатыўных і пранікнёных лістоў. Але ўзнагарода абяцаная не толькі пераможцам: адзначаны будзе кожны ўдзельнік.
Таксама сёлета будзе адзначаць 65 гадоў з заснавання сам музей. З гэтай нагоды супрацоўнікі запусцілі конкурс творчых работ «Музей 65.0». Удзельнікам конкурса прапануецца распрацаваць фірмовы стыль, прысвечаны юбілею ўстановы.
Чытайце яшчэ:
Зялёны востраў у цэнтры горада: чым адметны дом-музей Якуба Коласа ў Мінску