Хай чырвоны чалавек і не памёр разам са сконам СССР і пагатоў шчэрыць зубы на ўсё беларускае, дарваўшыся да ўлады ў нашай краіне, але — не бяды! Мы, беларусы, народ цярплівы. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік распавядае пра адну, здавалася б, ну зусім ужо дробязь, якая, аднак, дорыць аптымізм і пры гэтым адначасова даводзіць да шалу беларусафобаў.
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву
У мяне заўсёды выклікаў агіду выраз «Какая разница, на каком языке?». Пры гэтым усялякі раз, калі гучыць гэтае дурнаваценькае пытаньне, гаворка чамусьці заўжды вядзецца пра тое, каб усё абавязкова было па-расейску. «Зачем вашему ребёнку учиться по-белорусски? К чему вам водительские права на белорусском? Почему чиновник должен отвечать на белорусскоязычное обращение граждан по-белорусски? Какая, к чёрту, разница, на каком языке? Пусть всё будет по-русски!».
Ага, гэта ж веееельмі лягічна: якая розьніца, у якой мове — няхай усё будзе выключна па-расейску!
Менавіта таму, да прыкладу, расейскія акупанты ў захопленым Марыюпалі першай жа справай замянілі ўкраінамоўную назву места на сваю. Ну бо «какая разница, на каком языке?», праўда?
Было — па-ўкраінску, стала — «какая разница, на каком языке?» (Марыюпаль, 2022)
Вядома ж, няпраўда. І пагатоў, як сьведчаць нашыя беларускія рэаліі, ня тое што мова, а нават адна літара — гэта ўжо вялікая розьніца.
Памятаеце, неяк мы разважалі з вамі наконт вайны Беларусі і Белоруссии? Вось жа ж, расейскамоўная «Вікіпэдыя», урэшце, памяняла назву нашае краіны на нармальную — пасьля дзесяцігодзьдзяў інтэрнэт-баталіяў і пасьля таго, як адмысловая група экспэртаў зафіксавала абсалютную перавагу «Беларусі» над «Белоруссией» у маўленчай і пісьмовай практыцы расейскамоўнага асяродзьдзя.
Ну ўсё, здавалася б, перамога, можна выдыхнуць з палёгкай! Але ж не. Як той казаў, не за дзень Вільня станавілася.
Чарговы моўны скандал у Беларусі. Кампанія «Mark Formelle» зьвярнулася да сваёй аўдыторыі ў сацсетках з пытаньнем, ці выпускаць сэрыю цішотак з папулярным апошнім часам гэштэгам #беларусыговорят. Аўдыторыя сустрэла ідэю з захапленьнем і засыпала кампанію тысячамі і тысячамі падабаек і ўдзячных камэнтароў.
Публікацыя на старонцы «Mark Formelle» ў Instagram
Адна з тых падабаек — мая. Я зь вялікай сымпатыяй назіраю за тым, як мае расейскамоўныя землякі пакрысе-пакрысе пачынаюць гарнуцца да роднае мовы, як робіцца моднай фішкай упрыгожыць сваё расейскамоўнае жыцьцё беларускім слаўцом.
Як бы хто і чаго ні хацеў, але час — усё-ткі наш хаўрусьнік: з кожным днём жыцьця ў незалежнай краіне адчуваньне сваёй нацыянальнай тоеснасьці адно мацнее. А там не за даляглядам ужо — і канчатковае разьвітаньне з імпэрыяй ды вяртаньне да ўласных каранёў.
Але тут, як у той дрэннай казцы, прыйшлі тыя, каго ня клікалі — вечна незадаволеныя ўсім беларускім рэжымныя прапагандысты. Гаў-гаў, вы ўсе дурныя нацыкі! Гаў-гаў, усіх кінем у цюрму!
Усю гэтую хвалю абразаў і пагрозаў выклікала тое, што кампанія «Mark Formelle», вядомая сваімі сымпатыямі да беларушчыны, у расейскамоўным гэштэгу, прапанаваным для друку на кашульках, была напісала «беларусы» не праз «о», а праз «а». Здавалася б, краіна называецца Беларусь, адпаведна яе жыхары — беларусы. Хоць ты па-беларуску пішы, хоць па-расейску — аднолькава: Беларусь і беларусы. А вось белорусы — гэта, хутчэй, жыхары Белоруссии.
Назва краіны супадае з назвай яе жыхароў. Ну лягічна ж, праўда?
Сучасны беларускі пашпарт. Фота zerkalo.io
Гэта ж наколькі трэба ненавідзець усё беларускае, каб усчаць выцьцё ўсяго толькі з-за адной літары, у якой хтосьці заўважыў... сымпатыю да Беларусі? Самае ж сьмешнае тое, што якраз-ткі гэтыя вось беларусафобы называюць беларусаў, якія шануюць сваю родную мову, «моўнымі фашыстамі»? Чыя б карова мычала...
Вядома ж, сапраўднай прычынай гэтага моўнага скандалу зьяўляецца сытуацыя, якая склалася ў нашай краіне цягам апошніх вось ужо больш як трыццаці гадоў і якая больш адпавядае рэаліям акупаванай краіны, чым незалежнай дзяржавы. Папросту размаўляць па-беларуску альбо нават прызнавацца ў любові да Беларусі па-расейску і дэкляраваць прыхільнасьць ідэі яе незалежнасьці ад усходняга суседа — гэтага дастаткова, каб падставіць сябе пад рэпрэсіі ашалелых ад беспакаранасьці служак паноўнага ў краіне рэжыму.
І менавіта таму літара «а» замест літары «о» ўва ўсёй гэтай гісторыі — не проста моўная дылема. Гэта масток нацыянальнае сьведамасьці, па якім беларусы — і беларускамоўныя, і расейскамоўныя — сыходзяць з расейскай правінцыі ў незалежную дзяржаву. І які пасьля таго, як па ім пройдзе апошні беларус, будзе спалены.
Без усялякіх шкадаваньняў. Раз і назаўсёды.
Надпіс «Жыве Беларусь» на далоні ўдзельніцы акцыі пратэсту (Менск, 2020). Фота: Reuters
Валера Руселік, Budzma.org