Так цёплы і шчыра гасцей могуць сустракаць толькі ў навучальных установах Дзятлаўшчыны. Ды такіх гасцей, як бард і журналіст Зьміцер Бартосік, пісьменнік, краязнавец, гісторык Сяргей Чыгрын. У сераду, 1 сакавіка, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” іх з радасцю віталі настаўнікі і вучні Жукоўшчынскай базавай школы імя Ігната Дварчаніна і Гезгалаўскай сельскай гімназіі.
Настаўнікі і вучні нават і не памятаюць, калі ў іх школах выступалі беларускія літаратары. У юбілейны год беларускага кнігадрукавання Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра гісторыю беларускай кнігі, паказаў рэдкія і арыгінальныя выданні кніг, асабліва ўсіх зацікавілі кніжкі-малюткі. А таксама госць прэзентаваў сваю кнігу пра Дзятлаўшчыну і яе знакамітых людзей “На радзіме Ігната Дварчаніна”.
Зьміцер Бартосік дапаўняў выступленні Сяргея Чыгрына беларускімі песнямі, распавядаў пра гісторыю беларускай бардаўскай песні.
Акрамя выступленняў госці праводзілі розныя літаратурныя конкурсы. Асабліва ўсіх зацікавіў конкурс на веданне жыццёвага і творчага шляху беларускіх пісьменнікаў за апошніх 500 гадоў. Усіх здзівіла сваімі ведамі па беларускай літаратуры вучаніца Гезгалаўскай гімназіі Любоў Смірнова. Ёй і іншым удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
У гэты самы дзень Зьміцер Бартосік і Сяргей Чыгрын наведалі вёску Зачэпічы, дзе нарадзіліся заходнебеларускія паэты Гарасім Прамень, Пятрусь Граніт і Васіль Струмень. Госці ўсклалі кветкі да мемарыяльнага каменя і шыльды гэтым паэтам, якія былі ўстаноўлены летась у цэнтры вёскі.