“— З чаго пачаць?.. Пачну з Радзімы.
Так абавязаны пачаць…”
— Але ў яе ты не адзіны,
Навошта пра любоў крычаць?
Радкамі верша Анатоля Сыса пачыналіся літаратурныя сустрэчы “Званы”, прысвечаныя 55-годдзю з Дня нараджэння паэта, якія адбыліся на Гомельшчыне: 15 кастрычніка — з удзелам вучняў 6-х класаў САШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, 17 кастрычніка — вучняў 9 класа Гімназіі г. Веткі, 20 кастрычніка — студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Паэзія Анатоля Сыса — той звон, які ачышчае духоўную прастору Беларусі, уваскрашае памяць пра яе лепшых сыноў і дачок. Пра гэта, і не толькі, вялася размова падчас літаратурных сустрэч, наладжаных Ларысай Раманавай і Генадзем Лапаціным — сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Адбылася відэапрэзентацыя, у змесце якой — фотаздымкі паэта, зробленыя ў розныя гады, аўдыёзапіс: Анатоль Сыс чытае верш “Маналог “Тутэйшага” на мітынгу, які адбыўся на пачатку 1990-х гадоў у Мінску.
Удзельнікі сустрэч мелі магчымасць убачыць кнігі Анатоля Сыса: “Агмень”, “Пан Лес”, “Сыс”, “Лён”, “Алаіза”, таксама — кнігу “Ягамосць” — вершы-прысвячэнні Анатолю Сысу. Была прэзентавана кніга “Сучасная беларуская паэзія: для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / укл. Алеся Лесавіка; прадмова Любові Гарэлік. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. — 526 с. (Школьная бібліятэка).
Вершы Анатоля Сыса ў наш час вывучаюцца ў агульнаадукацыйных установах Беларусі. У гэтай кнізе размешчана 46 ягоных вершаў. Варта ўдакладніць, што гэтае выданне — дапаможнае, творы, якія ёсць у хрэстаматыі, рэкамендаваны для чытання і 0, не за гарамі — той час, калі вершы Анатоля Сыса будуць уключаны ў школьную праграму для абавязковага вывучэння.
Анатоль Сыс, як ніхто з сучаснікаў, любіў Беларусь. Радзіма, паводле яго вершаў, перадусім — з кнігі “Агмень” , гэта маці, бацька, Дняпро, “горад-герой Гарошкаў” (так ён называў сваю родную вёску). Маці паэта, Марыя Іванаўна Сыс, некаторы час працавала настаўніцай у Гарошкаўскай пачатковай школе, ведала напамяць многія вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа. “А вы ж самыя ўсё жыццё вучылі мяне: не абміні гаротніка!” — паўтарае паэт (верш “Нізка абаранкаў”) І таму — “Мая хата — без сяброў не хата…”, “Сто разоў па сябрах бедаваў я самотна…” ды інш. (А.Сыс).
Сямейнае, бацькоўскае выхаванне, акрамя ўсяго іншага, аказала вялікі ўплыў на творчасць і жыццё паэта. Сведчаннем таму — многія вершы, у якіх Анатоль Сыс ставіць знак роўнасці паміж маці і Радзімай. Ягоныя вершы, прысвечаныя роднай маці — адны з самых пяшчотных і кранальных у беларускай паэзіі 20-21 стст.
“Калі ты — шчыры, ты — моцны”, — такой была жыццёвая пазіцыя Анатоля Сыса. Яго паэзія напоўнена сапраўднымі прыроднымі стыхіямі — ветрам, навальніцай, агнём, дажджом. “Паэт любіць буру!” — усклікваў Анатоль і раскрываў вокны ў доме перад пачаткам навальніц. Параўноўваў сябе з агнём падчас стварэння верша… Прадбачыў вясёлку, якая з’явілася ў нябёсах — над Дняпром і Гарошкавым — у той момант, калі труну з яго целам выносілі з бацькоўскай хаты, і бясконцы дождж, якім развітвалася прыродная стыхія з паэтам у Мінску.
“Будзьма!” — назва аднаго з вершаў Анатоля Сыса. Гэтае слова валодае моцнай энергетыкай. Жыццясцвярджальнай энергетыкай напоўнены падарункі, якія атрымалі школьнікі, студэнты ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” — сувеніры, паштоўкі, ды інш.
“Экстрасенс” (жартам і ўсур’ёз — так іншы раз казаў пра сябе паэт Анатоль Сыс) верыў у зорную будучыню Беларусі. Нам застаецца спраўдзіць яе.