У магілёўскім клубе “Куба” ў межах усебеларускага тура 31 траўня з аншлагам прайшоў канцэрт рэп-гурта ЛСП. І на думку прысутных, многія з якіх выпраўляюцца за любімай камандай у кожны новы горад, гэта быў адзін з найлепшых выступаў калектыву. Чаму? Адказ быў просты: “Таму што яны ж нашы, магілёўскія… наша крывіначка!”
Свабодных месцаў сапраўды не ставала, людзі таўкліся ў праходах, але выглядалі пры гэтым даволі шчаслівымі. Ну а музыкі даказалі, што ў стане збіраць поўныя залы на сваіх сольных выступах.
Прычым публіку, якая сабралася на выступленні, выпадковай назваць нельга. ЛСП увогуле маглі свае песні і не спяваць – увесь канцэрт зала паспяхова рабіла гэта за іх. Літаральна пасля першага акорда новай песні чуўся ўсеагульны лямант, і ўся “Куба” спявала разам. Такім веданнем публікай тэкстаў маглі б пазайздросціць нават “Руки вверх”, чый юбілейны канцэрт прайшоў у Магілёве за некалькі дзён да таго. А гэта, згадзіцеся, сур’ёзны паказчык. Так што калі на канцэрце і былі такія, хто прыйшоў туды “за кампанію”, то пералічыць іх можна было па пальцах. Таму гурту не трэба было нічога нікому даказваць. Публіка капітулявала перад імі, і выканаўцам засталося толькі замацаваць свой сцяг моцным выступам. Што яны і зрабілі.
Гурт прыйшлі падтрымаць розныя людзі ад музыкі і не толькі. Для выканання некаторых кампазіцый на сцэну выклікалі спецыяльна падрыхтаваную салістку. Увесь канцэрт, з’яўляючыся то справа, то злева ад выканаўцаў, дэманстраваў сваё веданне тэкстаў песень ідэйна блізкі калектыву лідар гурта John Doe. А падчас выканання чарговага хіта адзін з выканаўцаў нават пазнаёміў залу са сваімі бацькамі, якія прысутнічалі на канцэрце, сціпла стоячы на балкончыку.
Таму ЛСП выглядалі сапраўднымі зоркамі, трымалі залу і рабілі з ёй што хацелі, кожны раз патрапляючы ў цэль сваімі песнямі.
Прыём атрымаўся сапраўды цёплым, атмасфера – па-рэперску гламурна-хуліганскай. Амаль пасля кожнай кампазіцыі публіка скандавала: “Эл-эс-пэ! Эл-эс-пэ!” Музыкі, у сваю чаргу, не стамляліся прызнавацца ў любові да Магілёва. І склалася такое ўражанне, што калі б наступны канцэрт у Магілёве быў прызначаны назаўтра, аншлаг зноў быў бы забяспечаны.
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва