Лялька з незвычайным лёсам і магічнай сілай жыве ў самым маленькім гарадку Беларусі. Усе незамужнія дзяўчаты спяшаюцца хутчэй патрымаць, альбо набыць такую для сябе.
Той горад, дзе сыходзяцца дзве ракі, той горад, што на паўвостраве стаіць, той горад, часткі якога злучае стогадовы драўляны мост, самы маленькі горад Беларусі, горад, які мае Магдэбургскае права, горад, які горда завецца Дзісна.
Велічны храм, скрыжаванне рэк, прыдарожны крыж, хаты – нішто не можа парушыць гармоніі і спакою у гэтым горадзе.
Нягледзячы на тое, што пражывае тут крыху больш дзвюх тысяч жыхароў, ціхія і таямнічыя мясціны славяцца сваёй гісторыяй і сваімі людзьмі. Нейкі час тут нават пражывалі такія людзі, як Язэп Драздовіч, Аляксандр Грын.
Тут, у гэтых цудоўных мясцінах, і знаходзіцца самы малады ў Віцебскай вобласці Дом рамёстваў, які пачаў сваё існаванне з кастрычніка 2004 года. Працуе тут усяго 5 майстроў, якія развіваюць традыцыйныя тэхналогіі рамёстваў, адраджаюць унікальныя тэхналогіі на аснове старадаўніх мясцовых узораў, вывучаюць і аднаўляюць Дзісенскі строй адзення, а таксама рушнікі. І хто ж мог падумаць, але менавіта тут, мне давялося пазнаць назву гэтага гарадка.
“Даўным-даўно гэта было, у той час, калі людзі верылі што жывуць лесавыя ў лясах і хату абараняе дамавы, пасялілася на берагу ракі русалка незвычайнай красы. Забаўлялася яна цэлымі днямі, то хлапчука якога зашчакоча, то перавярне лодку рыбака, то дзяўчат напужае хохатам і свістам на берагу. Але ж, нягледзячы на ўсе яе праказы, моцна закахаўся ў яе адзін хлопец – Дзіс. Ды так закахаўся юнак , што сілы трываць не стала, не хочацца і жыць без яе. І вырашыў ён тады пайсці, ды прасіць рукі русалкі, была не была. Але ж тыя часы прадугледжвалі: калі русалка згадзіцца жыць з чалавекам пад адным дахам, то стане яна звычайнай дзяўчынай, згубіць яна сваю бессмяротнасць, як вядома, якою магла пахваліцца любая з нячысцікаў. Прыйшоў Дзіс на бераг рачулкі і пачаў русалку зваць, у каханні прызнавацца, руку прасіць. Смяецца з яго русалка, цешыцца:
– Ідзі ты Дзіс, шукай каго іншага, я свабодная русалка, не патрэбен ты мне! – і рогат яе эхам ударыўся па берагам ракі.
Схамянуўся Дзіс, дый пайшоў проч. Колькі прайшло часу, ніхто не ведае, але ж надакучыла русалцы здзеквацца з людзей і зразумела яна тады, што кахае таго хлопца маладога. Што хоча яна з Дзісам жыць, і згодна яна бессмяротнасць сваю згубіць, стаць звычайнаю дзяўчынаю. Выйшла яна на бераг ракі і пачала громка крычаць:
– Дзіс, я згодна! Дзіс, на маю руку! Дзіс, на маё сэрца! Дзіс на…! Дзіс на…!
Пачуў гэта Дзіс, прыбег да яе, закружыў яе ў абдымках і стала русалка звычайнаю дзяўчынаю.
Пачулі крыкі русалкі мясцовыя жыхары і пачалі гэтыя мясціны зваць Дзіс-на. ”
Сыходзячы з гэтай легенды ў Дзісенскім гарадскім Доме раместваў рукамі майстроў з’явілася лялька “Дзіснянка”, якая зараз з’яўляецца брэндам не толькі Дзісенскіх майстроў, але і горада ў цэлым.
– Лялька наша, не зусім звычайная, з дня ў дзень, мы усё больш пераконваемся, у гэтым. Калі “Дзіснянка” аказваецца ў руках, альбо у доме незамужняй дзяўчыны, ці нават, жанчыны, то яна на працягу года абавязкова выходзіць замуж – расказвае дырэктар Дома рамёстваў Алена Фадзееўна Балаш. – Мы ўдзельнічаем у рэспубліканскіх, абласных і раённых фестывалях і кірмашах, выстаўках, самі арганізоўваем семенары, святы, гутаркі, вечары-сустрэчы. Дзісна ўваходзіць у турыстычны маршрут, і таму гасцей і турыстаў у нас шмат. Цікавяцца гарадком, дзівяцца непаўторнай красой і каляровым багаццем нашай прыроды. Вяртаюцца дадому з нашымі “Дзіснянкамі”, расказваюць сваім сябрам і родным, суседзям. Такім чынам легенда пра наш горад і нашу ляльку разлятаецца не толькі па нашай роднай краіне, але і па ўсім свеце. Іншы раз, прыязджаюць госцейкі ў наш гарадок і адразу пытаюць, а дзе ж можна набыць Дзісняначку? Жыхары Дзісны адразу накіроўваюць да нас, а тут мы ім і пра ляльку раскажам – калі трэба, і майстар-клас правядзем. Галоўнае, каб жаданне і інтарэс не губляўся да нашай беларускай культуры, а мы тады толькі і рады дапамагчы. Радуе, што цікавяцца традыцыямі і гісторыяй не толькі людзі ва ўзросце, даволі часта да нас завітвае і моладзь.
Трымаючы Дзісенскі брэнд у руках, адразу разумееш, гэта нешта большае, чым проста лялька, гэта тая кропля гісторыі, да якой мне пашанцавала дакрануцца, абудзіла жаданне цаніць і разумець цэннасць жыцця, хараство роднага краю, гармонію душы беларусаў.
Ганна Лаўрыновіч, вядучы метадыст
па народных промыслах, Міёрскія навіны