«Вольна, разысьціся!»: Лявон Вольскі пра тое, як беларускія школы ператвараюць у казармы

02.09.2026
Лявон Вольскі разважае пра тое, чаму беларуская школа ўсё больш нагадвае войска.

Адна беларуская школа апублікавала на сваім сайце сьпіс патрабаваньняў да зьнешняга выгляду вучняў. 

У хлопцаў валасы ня мусяць закрываць вушы і вочы. Фарбаваньне цалкам забараняецца. Нельга выкарыстоўваць гель і лак, якія ствараюць «занадта заўважны выгляд». Ня кажучы ўжо пра выгольваньне ўзораў на галаве. Недапушчальна!

У дзяўчатаў доўгія валасы абавязкова мусяць быць сабраныя ў хвост ці то касу. Нельга насіць занадта доўгія завушніцы і іншую буйную біжутэрыю, якая кідаецца ў вочы. Забаронены таксама макіяж і манікюр зь яскравым пакрыцьцём.

Карацей, падрыхтуйся ды сустрэнь Дзень ведаў у прыстойным, адпаведным выглядзе.

Baranavickaja szkolaВыява «Еўрарадыё»

«Па просьбах трудзяшчыхся» зьменшылі колькасьць беларускай мовы

Усё разгортвалася паступова. Спачатку зьменшылі колькасьць гадзінаў беларускай мовы, натуральна, «па просьбах трудзяшчыхся», маўляў, мовы падобныя, дзеці блытаюцца і ўрэшце ніводнае мовы нармальна ня ведаюць (трэба прызнаць, што частка бацькоў з энтузыязмам падхапіла гэтае абсурдовае сьцьвярджэньне, маўляў, сапраўды, так дзецям будзе лягчэй).

Беларуская апынулася на ўзроўні чагосьці неабавязковага — было відаць, што дзяржава робіць стромкі разварот да Расеі, усё вяртаецца на расейскія рэйкі, дык навошта абцяжарваць сябе непатрэбнымі ведамі?

Камсамол РБшнага разьліву

Потым, пасьля доўгіх і пакутлівых родаў, зьявіўся на сьвет спадкаемца камсамолу РБшнага разьліву — БРСМ. Мэта была пастаўленая — загнаць у дзяржаўную моладзевую арганізацыю ўсіх навучэнцаў, як калісьці было з камсамолам. Чальцам абяцалі льготы, напрыклад, бясплатны праход на дыскатэку, казалі, што будзе лягчэй з атрыманьнем вышэйшае адукацыі — у БРСМаўцаў будзе прыярытэт пры паступленьні (нічога такога, безумоўна, не было). Бацькам казалі: «Вы ж ня хочаце, каб вашая дачка (сын) была белай варонаю, вунь у клясе амаль усе ў БРСМе, толькі парачка дзяцей змагароў — не, вы што, хочаце прыпадабніцца гэтым апазыцыянэрам, БНФаўцам?!». Бацькі апускалі долу вочы і мармыталі: «Ну, калі ўжо ўсе там, няхай і мой ўступае». Урэшце «абяцанкі-цацанкі» ня спраўдзіліся, чальцоўства зьвялося да штомесячных пабораў і магчымасьці кар’ернае лесьвіцы для асабліва дзейных актывістаў.

Школьная форма і разьмеркаваньне

Зьявіліся школьная форма і патрабаваньні да зьнешняга выгляду ў каледжах ды ліцэях. Спачатку асабліва дэмакратызаваныя бацькі былі супраць, але зь цягам часу зьмірыліся: «Мы ж насілі форму, і нічога страшнага з намі ня здарылася»

Потым незаўважна падкралася разьмеркаваньне. Зноў-ткі, гучалі абураныя галасы: «Мы што, вяртаемся ў Савецкі Саюз?! Хай студэнт сам выбірае, куды яму йсьці працаваць!». Але час ішоў, галасы пасьціхалі, і цяпер ніхто ўжо і ўявіць ня можа вышэйшую ці то сярэднюю спэцыяльную адукацыю бяз гэтага прыгоннага разьмеркаваньня...

Дрэс-код, як у войску

Maliunak Liavona VoĺskahaМалюнак Лявона Вольскага


Пасьля нашумелае публікацыі наконт зьнешняга выгляду вучняў у сацыяльных сетках усчаўся вэрхал — казалі пра Паўночную Карэю, пра войска і турму, абураліся... 

Урэшце публікацыю з сайту прыбралі. Але гэта ня значыць, што патрабаваньні да зьнешняга выгляду зьмяніліся. І ня толькі ў асобна ўзятай баранавіцкай школе, якая апублічыла інфармацыю, у любой навучальнай установе. Адгадуй доўгія валасы, калі ты хлопчык, пафарбуйся, пракалі вуха — і ты выклічаш хвалю хэйту з боку настаўнікаў. Тое ж самае пачнецца, калі дзяўчынка зробіць каляраваньне валасоў, кідкі макіяж, пірсынг... Хлопчыку будуць інкрымінаваць нетрадыцыйную арыентацыю, дзяўчынцы — «лёгкія паводзіны». Могуць выклікаць бацькоў і, у горшым выпадку, калі бацькі стануць на бок дзіцяці, зьвярнуцца да бязьлітасных сацыяльных службаў...

І чаму тут зьдзіўляцца? У краіне — культ войска і сілавых структураў. А ў гэтых прафэсіяў ёсьць пэўны дрэс-код. Усе ведаюць, які. А ты як патэнцыйны абаронца Айчыны павінны яму адпавядаць. І ты як будучая маці-гераіня, якая мусіць нарадзіць патэнцыйных абаронцаў Айчыны, таксама.

Пытаньні ёсьць? Няма. Тады вольна, разысьціся, усім падрыхтавацца да ўрачыстае лінейкі!

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org