Лявон Вольскі прыгадвае, як 35 гадоў таму, у студзені 1991 года Літва змагалася за сваю незалежнасць, і праводзіць паралелі з падзеямі сённяшнімі, калі «Вэнэсуэла на ростанях, і ў Іране ўсё ідзе да завяршэньня эпохі іслямскае рэспублікі...»

Малюнак Лявона Вольскага
Я памятаю гэты час, як цяпер. Гэта быў халодны, такі самы, як цяпер, зімовы дзень. Мэдыяпрастора поўнілася навінамі пра танкі ў Вільні, пра загінулых людзей, пра пратэсты і захоп вайскоўцамі тэлецэнтру.
Увечары мы мусілі граць з гуртом «Мроя» ў Доме літаратара на чарговай вечарыне (іх тады было шмат — размаітых і з розных нагодаў). Мы дамовіліся, што ня будзем граць вясёлыя песьні, адно толькі сумныя, дэпрэсіўныя й задуменныя, і я мушу ў мікрафон выказаць салідарнасьць з братняй Літвою. Так мы й зрабілі і скончылі выступ сьвежанапісанай «Краінай Крывавых Дажджоў».
Мінула трыццаць гадоў, і Амбасада Літвы ў Беларусі папрасіла нас дапамагчы ёй правесьці вечарыну з нагоды юбілею тых векапомных падзеяў. Каля будынку амбасады запалілі вогнішчы (як калісьці на вуліцах Вільні), сабраліся супрацоўнікі амбасадаў розных краінаў, прамаўлялі кранальныя словы, мы з Паўлам Аракелянам і Сяргей Доўгушаў адыгралі ў двары амбасады кароткі (доўгі б не атрымаўся — было надта марозна) канцэрт... Было цёпла і душэўна.
І толькі афіцыйнага прадстаўніка РБ на гэтай вечарыне не было. Ведаеце, чаму? Таму што для афіцыйнае РБ адлучэньне Літвы ад СССР — гэта ня сьвята, не зьдзяйсьненьне, а трагічная памылка. Тое, з чаго пачаўся развал Саюзу.
РБ і цяпер усяляк дэманструе адданасьць імпэрыі, дзе трэба — скуголіць, дзе трэба — брэша, глядзіць на свайго гаспадара лісьлівымі вачыма, а тым часам ужо калісьці магутная сырыйская дыктатура пасыпалася, Вэнэсуэла на ростанях, і ў Іране ўсё ідзе да завяршэньня эпохі іслямскае рэспублікі...

Антырасейскі надпіс на сьцяне аднаго з дамоў Вільні, 1991 год. Фота: Ігар Носаў / РІА Навіны
Імпэрыя не хацела адпускаць Літву. Імпэрыі ніколі ня хочуць нікога адпускаць. Мы бачым на свае вочы, што робіцца з Украінай, якая толькі задэкляравала памкненьне ўступіць у Эўразьвяз. І тады, у 1991-м, некаторыя савецкія начальнікі таксама бачылі падобнае разьвіцьцё падзеяў — уводзім войскі, калі трэба — страляем, забіваем, трымаем у страху, не адпускаем. Але тады, як ні дзіўна, здаровы сэнс перамог. Як мы бачым, не назаўсёды. Мінула пару дзясяткаў гадоў, і імпэрцы зноў зараўлі: «Гэта ўсё належыць нам, гэта ўсё сумленна намі заваяванае, а значыцца, спрадвечна расейскае, і мы вернем усе свае тэрыторыі назад!».
Нічога гэтага ня будзе. Нічога вы ня вернеце. Можа, часова нешта зноўку захопіце, але ненадоўга.
У студзені 1991-га на вуліцах Вільні пачаўся развал імпэрыі. Ён зацягнуўся і сканчаецца толькі цяпер. Калісьці савецкае кіраўніцтва вырашыла не акупаваць краіны Балтыі. І гэтае рашэньне адцягнула развал на дзясяткі гадоў.
Цяперашняе ж расейскае кіраўніцтва з адчайнай сьмеласьцю дурня заганяе сабе асінавы кол (ці срэбную кулю — каму што болей падабаецца) у сэрца, каб урэшце канчаткова спарахнець і ніколі не ўваскрэснуць.
А вакол бегае тлусты шпіц з чырвона-зялёным сьцягам на нашыйніку і вісклівым брэхам радасна падтрымлівае дзеяньні свайго вярхоўнага гаспадара...
Посьпехаў ім у гэтай справе.
«Працэс пайшоў», — як казалі ў далёкім 1991-м.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце нам на razam@budzma.org