На платформе “Улей” трэці тыдзень працягваецца збор сродкаў на новую кніжную серыю “Амерыканка”, якая аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амерыкі ХХ і ХХІ стагоддзя. У 2017 годзе, у выпадку поспеху кампаніі, выйдуць раманы Кена Кізі, Чака Паланюка, Чарлза Букоўскага і Маргарэт Этвуд.
Каб прыцягнуць увагу да кніжнай кампаніі, Саюз беларускіх пісьменнікаў – адзін з важных партнёраў “Амерыканкі” – прызначае прыз за найлепшы грашовы вынік. Той перакладчык, кніга ў чыім перакладзе збярэ чытацкіх замоваў на большую суму, атрымае ў якасці ўзнагароды месяц творчага адпачынку ў Балтыйскім цэнтры для пісьменнікаў і перакладчыкаў на выспе Готланд, Швецыя.
“Усе перакладчыкі працавалі бясплатна, – падкрэслівае старшыня СБП Барыс Пятровіч, – на сёння выдаўцы, на жаль, не ў стане забяспечыць ганарары за гэтую тытанічную працу. Наша імправізаваная прэмія не можа замяніць грошы, і разам з тым гэта нешта большае за грошы. Тым, хто змушаны працаваць на нятворчай працы, каб зарабіць на жыццё, адпачынак у літаратурным цэнтры дае магчымасць пісаць і перакладаць”.
Спаборніцтва адбудзецца паміж чатырма перакладчыкамі: Аляксеем Знаткевічам, які пераклаў “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі, Сяржам Мядзьведзевым, які пераклаў “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, Ігарам Куліковым, які пераклаў “Чытво” Чарлза Букоўскага, і Вольгай Калацкай – перакладчыцай празаічнай часткі з “Пенелапіяды” Маргарэт Этвуд. Сістэма падліку галасоў вельмі простая – будуць суміравацца замовы на кожную кнігу ў электронным і папяровым фармаце. Колькасць спонсараў, якія падтрымалі той ці іншы лот, адлюстроўваецца на лічыльніку кампаніі.
Пазнаёміцца з урыўкамі перакладаў можна на сайце часопіса “Прайдзісвет”:
Кен Кізі, “Палёт над гняздом зязюлі”
Прагаласуйце рублём за найлепшага, на ваш погляд, перакладчыка або перакладчыцу “Амерыканкі”!
Збор сродкаў працягнецца да 22 жніўня.