16 снежня ў мінскай школе № 83 імя Г.К.Жукава адбыўся ўрок паэзіі з удзелам Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна. Паслухаць вядомых паэтаў у актавай залі школы сабраліся вучні 6 і 7 класаў. Нагодай для правядзення ўрока паэзіі стала дэкада беларускай мовы, якая традыцыйна праходзіць ў СШ № 83 у сярэдзіне студзеня. Дарэчы, жаданымі гасцямі школы ў свой час былі Іван Шамякін, Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Фелікс Баторын ды іншыя знаныя беларускія пісьменнікі.
Пачынаючы выступ, Леанід Дранько-Майсюк распавёў гістарычны факт з жыцця вядомага рускага палкаводца. На пытанне, якія замежныя мовы ён ведае, маршал Жукаў адказаў: — Мангольскую і беларускую. – Чаму?–спыталі ў Жукава. – Я там служыў, — адказаў маршал. “Любі сваё, каб шанаваць чужое”,– падсумаваў свой аповед вядомы паэт.
А затым гучалі вершы для дарослых і дзяцей з “ Цацачнай крамы” і калядныя песні ў выкананні паэта і барда Эдуарда Акуліна. Самыя кемлівыя і актыўныя ўдзельнікі ўрока жывой паэзіі атрымалі ўзнагароды ад кампаніі”Будзьма”, у межах якой і прайшла згаданая сустрэча.
На здымках:
1. Выступае Леанід Дранько-Майсюк.
2. “Спявайма разам!”, — запрашае Эдуард Акулін.