Фестываль моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, пройдзе ў Лондане з 16 па 18 кастрычніка. Беларускія вершы Ганны Комар, адмыслова створаныя на замову фестывалю «Мовы пад пагрозай», прагучаць у Барбікане разам з творамі чатырох іншых паэтаў з розных кантынентаў, піша reform.news.
Ганна Комар. Фота: facebook/hanna.komar
Фестываль прэзентуе творцаў, чые працы даследуюць глыбокі ўплыў мастацтва на мову і мовы на мастацтва. Паэты паразважаюць над тым, што значыць «дом» у розных культурах, як мова фармуе нашае стаўленне да месца, дзе мы жывём, і як паэзія дапамагае захоўваць і актываваць мовы.
На імпрэзе будзе гучаць паэзія, адбудуцца дыскусіі, перформансы і выставы. Таксама прагучаць вершы на прыдуманых мовах.
Фестываль пачнецца 16 кастрычніка з дыскусіі, у якой прымуць удзел носьбіты моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (паводле даследчыкаў, палова моў свету можа знікнуць да канца стагоддзя). Галоўныя пытанні для размовы: «Ці могуць паэзія і мастацтва прывабіць новых носьбітаў мовы? Якая сувязь паміж словамі, якія мы выкарыстоўваем, і ландшафтам, у якім мы жывем? Як носьбіты карэнных народаў бачаць будучыню сваіх моў? Ці гаворыць сама прырода на сваёй мове і як мы можам яе пачуць?»
На наступны дзень распачнецца праграма, дзе паэты з розных кантынентаў прачытаюць свае вершы. Акрамя беларускіх вершаў Ганны Комар, чакаюцца выступы філіпінскага паэта з Лондана Троя Кабіды і нацыянальнага паэта Уэльса Ханан Ісы. Прагучаць аўдыязапісы, створаныя на інуктытуце (мове карэнных народаў арктычных і субарктычных рэгіёнаў Паўночнай Амерыкі і Расіі) канадскай пісьменніцай Нормай Данінг і на тамаджагхту (мове карэнных народаў Паўночнай Афрыкі) ад паэта і мастака з Амаджага Хавада.
У той жа дзень, але ўжо без беларускіх удзельнікаў, адбудзецца вечар дыялектнай паэзіі. «Дзесяць гадоў таму ў дакладзе гаварылася, што брытанскія дыялекты састарэюць праз 50 гадоў, але паўсюль вакол нас мы чуем, як мясцовыя мовы дынамічна развіваюцца.
«Мова — гэта дыялект з войскам і флотам» — гэта цытата, папулярызаваная Максам Вайнрайхам, якая падкрэслівае, як мовы большасці часта атрымліваюць прывілеі з-за ўлады і рэсурсаў. Па гэтай прычыне лінгвісты ўсё часцей гавораць пра дыялекты як пра «моўныя разнавіднасці». Не ў большай ступені, чым у паэзіі, дзе разнастайнасць моў дае матэрыял для некаторых з самых захапляльных твораў, якія з‘яўляецца сёння», — паведамляе анатацыя імпрэзы.
На мерапрыемствы фестывалю ўжо можна набыць квіткі.