— У сакавіку 2008 году я вырашыў заўсёды, калі будзе такая магчымасць, размаўляць па-беларуску. Да гэтага рашэння я прыйшоў, шукаючы карані цяперашняй расійскай мовы, дайшоў нават да санскрыту ды шумерскага клінапісу, і калі атрымаў больш-менш цэльнае ўяўленне аб развіцці розных моваў, нечакана для сябе высветліў, што бліжэй за ўсё да ўсходнеславянскіх каранёў старажытнай мовы – менавіта беларуская! Пачаў глыбей вывучаць гэтае пытанне, шукаць інфармацыю па тэме, падымаць гістарычныя крыніцы, і стала расці ўва мне адчуванне, што я дакранаюся да нечага роднага, што было схаванае ад мяне. Цяпер жа я адчуваю, нібыта ў мяне з’явіліся карані, якіх раней не было, і я магу цяпер вырасці ў магутнае дрэва!
Размова на роднай мове прыносіць мне вельмі шмат задавальнення, я адчуваю сваю сувязь з наваколлем, з прыродай. Як пісаў калісьці Янка Купала,
Мне мудрасці кніжнай не даў бог пазнаці,
Мой бацька не мог даць раскошаў такіх,
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
І дум беларускіх без школы і кніг.
Ад самай красы маіх дзён невясёлых
Настаўнікам быў беларускі абшар;
Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах
Навуку сваю мне прыносілі ў дар.
І хаця ў мяне ўсё было наадварот (я скончыў ВНУ, а вось узрасці ў беларускамоўным асяроддзі мне не давялося), я ўсё роўна адчуваю цяпер блізкасць роднай мовы й культуры, яе прыгажосць і выключнасць. Цяпер я ведаю, што будзе займаць значную частку майго вольнага часу – я буду дапамагаць як магу аднаўленню й развіццю беларускае мовы.
Перш за ўсё хацелася б скласці слоўнік сучаснае беларускае мовы, які б даў магчымасць кожнаму дакрануцца да таго скарбу, што застаўся нам ад продкаў.
Калі ў каго з’явіцца жаданне таксама пачаць размаўляць па-беларуску, буду вельмі рады гэтаму. Я спадзяюся, што праз нейкі час у Беларусі стане дзіўна чуць на вуліцах не беларускую, а расійскую й іншыя мовы.
Будзьма годныя нашых продкаў!
Максім Новікаў