• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
17.09.2015 | Літаратура

Максім Танк. Сціплы герой

У нашай гісторыі шмат неадназначных датаў і столькі ж неадназначных постацяў. Дагэтуль дата 17 верасня, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, выклікае шмат дыскусій і спрэчак. Сімвалічна, што ў гэты дзень у 1912 годзе нарадзіўся Максім Танк, беларускі паэт, рэвалюцыянер і дзяржаўны дзеяч, які сваім жыццём увасабляў барацьбу беларускага народа за самавызначэнне.

Малады Яўген Скурко позна пазнаёміўся з беларускай літаратурай. Спачатку было знаёмства з літаратурай рускай, якую будучы паэт вывучаў падчас знаходжання з сям’ёй у Маскве. У той час многія беларусы праз наступствы Першай сусветнай вайны вымушаныя былі стаць уцекачамі. Добра, дарэчы, гэтую з’яву апісаў у сваіх артыкулах і кнізе ўспамінаў “На жыццёвым шляху” віленчук Янка Багдановіч – сучаснік Максіма Танка. Пасля вяртання на радзіму будучы паэт знаёміцца з польскай культурай і літаратурай. І толькі ў сярэдзіне 1920-х ён знаёміцца з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці, з вершамі Янкі Купалы. Гэтае знаёмства стане асноўным штуршком для ягонай творчасці ў будучыні.

Акрамя паэзіі малады Яўген Скурко актыўна цікавіцца палітыкай і ўдзельнічае ў рэвалюцыйным руху, які разгарнуўся ў адказ па палітыку ўрада Другой Рэчы Паспалітай, далучаецца да самай радыкальнай беларускай арганізацыі – КПЗБ. Ужо па ранніх вершах паэта можна заўважыць, што ён быў не проста беларусам левых перакананняў, але і нацыяналістам. За сваю дзейнасць неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў на Лукішках, дзе здолеў наладзіць выданне рукапіснай газеты “Краты”. Свежанадрукаваны дэбютны зборнік вершаў Максіма Танка “На этапах” быў канфіскаваны паліцыяй у 1936 годзе.

Пра свае маладыя гады Максім Танк пакінуў вельмі шчырую кнігу ўспамінаў “Лісткі календара”, у якой аматары заходнебеларускай культуры могуць сустрэць шмат цікавостак. Гэта, бадай, адна з найлепшых, калі не найлепшая кніга пра вірлівае жыццё міжваеннай Вільні, напісанае беларусам.

Пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР, Максім Танк займаў самыя розныя пасады, ад галоўнага рэдактара часопіса “Вожык” да старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Да свайго становішча ён заўжды ставіўся сціпла: не насіў узнагародаў, не пантаваўся, дапамагаў чым мог людзям, у тым ліку рэпрэсаванай савецкімі ўладамі паэтцы Ларысе Геніюш.

Часцяком некаторыя нашы “адраджэнцы” спрабуюць выставіць Максіма Танка зашораным камуністам, які слепа верыў у савецкія ідэалы, такім сабе “агітацыйна-плакатным” паэтам. Насамрэч гэты чалавек з добрым падпольным вопытам быў не такім простым, як здаваўся. Да ўсяго, яшчэ ўмеў і трапна пажартаваць.

Янка Брыль у сваіх успамінах пра Максіма Танка згадвае такі эпізод: “Вясной пяцьдзясят шостага года ў Будапешце, на дунайскім востраве Святое Маргарыты нас, невялікую групу мінскіх турыстаў, здзівіла тое, што ў гэтым цудоўным парку зусім няма таго, што называецца “нагляднай агітацыяй”, – ні партрэтаў, ні лозунгаў…

– Во! – засмяяўся Максім. – А ў нас? Ідзеш з дзяўчынай, хацеў бы пацалавацца, але ж няма дзе, – з-за кожнага куста цікуе член палітбюро!..”

Гэта было ў траўні, калі група беларускіх літаратараў выправілася ў Югаславію, каб бліжэй пазнаёміцца з гэтай паўднёваславянскай краінай. Па дарозе заехалі ў Венгрыю. Не пазбаўлены любові да прыгожага, Танк у тыя дні пісаў: “Цэлы дзень наша сімпатычная правадніца Маргарыта Сігеці знаёміць з музеямі, з гістарычнымі помнікамі Будапешта. Стаміліся чартоўскі, вандруючы па гэтым цудоўным горадзе. Я ў захапленні гляджу на яго самабытную архітэктуру, у якой адчуваецца шматвекавая гісторыя венгерскага народа. І можна толькі пазайздросціць, што ўсё гэта захавалася да нашага часу, хоць над горадам не раз бушавалі вогненныя навальніцы”. У чарговы раз вогненныя навальніцы загрымяць над горадам увосень таго ж года, калі савецкія войскі будуць займацца падаўленнем паўстання супраць мясцовага камуністычнага рэжыму.

Максім Танк шмат паездзіў па свеце і добра апісаў свае вандроўкі па самых розных краінах, што для савецкага грамадзяніна ў тыя часы было за межамі рэальнасці. Увогуле, ягоныя ўспаміны – гэта надзвычай цікавае чытво. У дзвюх кнігах дзённікаў (тамы 9 і 10 са збору твораў) адлюстраванае не проста жыццё чалавека, але станаўленне сусветна вядомай асобы. Танкаўскія занатоўкі – гэта прыватныя думкі, упісаныя ў кантэкст вялікіх падзей, непасрэдным удзельнікам якіх ён часцяком і быў. Выразна бачная эвалюцыя галоднага і беднага рэвалюцыянера ў рэспектабельнага дзяржаўнага чыноўніка, які здолеў не страціць запалу ва ўласнай творчасці да самага скону. І не дзіва, што часам цяжка нават вызначыць, што ўсё ж цікавейшае: паэзія Максіма Танка ці жыццё Яўгена Скурко.

Максім Танк вельмі цяжка пераносіў развал Савецкага Саюза, але разам з тым ужо ў 1993 годзе перажываў, што не змог трапіць на свята з нагоды Дня Незалежнасці, якое ў тыя часы адзначалася 27 ліпеня, у дзень, калі Вярхоўны Савет БССР у 1990 годзе прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.

Дзяржаўнымі сімваламі ў той час былі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг, якім малады паэт Яўген Скурко (яшчэ не Танк) прысвяціў адзін са сваіх першых вершаў пад назвай “Ты чуеш, брат?”. Напісаны ён быў у 1930 годзе, калі пра будучага літаратара яшчэ мала хто ведаў. Вельмі сімвалічна, што пад гэтым сцягам яго і пахавалі, калі Яўген Іванавіч Скурко пайшоў з жыцця 20 гадоў таму – у жніўні 1995 года.

 

Ты чуеш, брат?

 

Ты чуеш, брат, як на прадвесні

Вятры, лёд крышучы, гудуць,

Як на сваю радзіму з песняй

Зноў птушкі з выраю лятуць.

 

Пагоні сілы баявыя,

І вы рыхтуйцеся ў паход,

Каб знішчыў путы векавыя

Наш заняволены народ.

 

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел-чырвона-белым

Чакае перамога нас.

 

Няхай жа меч Пагоні ззяе!

Гартуйма нашу еднасць, моц!

Вядзі нас, Воля прасвятая,

Да новай славы, новых сонц!

М. Танк, 1930

Канстанцін Касяк


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі

Балота — адметнасць беларускага ландшафту, ці не вызначальная рыса беларускай прыроды. Таямнічы і жудасны свет,...

valiancina_shauchenka
Культура Гісторыя

Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых

Засталося ўсяго два тыдні да самага рамантычнага дня ў годзе ‒ Дня ўсіх закаханых. Традыцыйна Літаратурны музей Петруся...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка

27 студзеня ў Гомелі міліцыяй былі затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка Вікторыя...

valiancina_shauchenka
Літаратура Беларуская мова

«Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»

У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку чарговае, трэцяе па ліку, выданне маляўніча аформленай кнігі —...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Легкія Еўропы. Малавядомыя факты пра балоты Беларусі
    Культура Гісторыя
    Увесь музей толькі для вас! Літаратурны музей Петруся Броўкі праводзіць розыгрыш да Дня ўсіх закаханых
    Грамадства Музыка
    Затрыманыя вакаліст гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін і яго жонка
    Літаратура Беларуская мова
    «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа»
    Грамадства
    «Сяргей можа застацца без лекаў...». Аляксандр Сацук распавёў пра апошнія навіны ад брата
    Адукацыя
    ЕГУ абвясціў імя новага рэктара
    Літаратура
    «Не забывай, што ў любую хвіліну можа выскачыць з канапель рабая свіння». Што раілі беларускія класікі маладым пісьменнікам
    Грамадства Гісторыя
    Слонімскую сінагогу зноў выставяць на аўкцыён
    Культура Грамадства Гісторыя
    У Мсціславе ў гэтым годзе прыступяць да рэканструкцыі забудовы XII-XIV стагоддзяў на Замкавай гары
    Культура Грамадства
    На вышытай мапе Беларусі кожны рэгіён будзе прадстаўлены сваімі этнаграфічнымі славутасцямі
    Музыка «Музыка»
    «Гэта нас натхніла і працягвае натхняць». Топ беларускіх трэкаў ад гурта «Puaro»
    Грамадства Адукацыя
    «Васьміног» абвяшчае конкурс на атрыманне грантаў для адукацыйных праектаў, якія дапамогуць школьнікам і рэпрэсаваным настаўнікам
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў 4-5 лютага
    Грамадства Тэхналогіі
    Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    Культура Грамадства
    Слуцкі пояс і саломка – зацверджаны лагатып сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі

Афіша

  • 10.02 — 12.02

    Паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова ў Вільні

  • 04.02 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 04.02 — 05.02Выстава Наталлі Разуменка ў Мінску
  • 04.02 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 04.02 — 26.02Выстава айца Сяргея Сурыновіча «Птушыны вянок» ў Віцебску
  • 04.02 — 27.02Зімовая выстава ў Мінску
  • 04.02 — 26.02«Самародак з Рагачова». Выстава Анатоля Каплана ў Гомелі
  • 04.02 — 28.02Выстава выцінанкі «Зімовыя цуды» ў Маладзечне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Цяпер у мяне ёсць месца, дзе я магу быць шчырай і не думаць пра тое, каб выжыць»: актрыса Святлана Зелянкоўская адкрыла ў Варшаве тэатр-студыю
    • Каго хаваў пад маскамі сваіх герояў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?
    • Эксперты: Трымайцеся падалей ад расійскіх анлайн-сервісаў
    • «У 73 гады паехала скараць Берлін». Як баба Каця зрабіла вёску вядомай на ўвесь свет
    • Ён, яна і старажытны дуб. Вальс «1863» стаў кліпам да дня народзінаў Каліноўскага
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип