Верш тыдня: Максім Танк “У дождж”

У  беларускай Вікіпедыі Максім Танк пазначаны як “сацыялістычны рэаліст”. Магчыма, ён нават заслужыў гэты сумнеўны тытул, змайстраваўшы сотню – а можа, і значна больш – дзяжурных савецкіх вершыкаў. Вось толькі паралельна з імі напісаў яшчэ адну сотню, але зусім іншых твораў, якія й не сніліся нашым “інжынерам чалавечых душаў”. Так што згаданая ўжо Вікіпедыя як мінімум не хлусіць, даючы яму іншы тытул: “выдатны паэт”.

Такі сабе парадокс. Чалавек-функцыянер. Дэпутат, а потым і старшыня Вярхоўнага Савета. Пасмяротна: чалавек-навучальная-ўстанова (той самы Педагагічны ўніверсітэт імя Танка, які некаторыя нашы дасціпнікі скарачаюць як “ПУТАНКА”). Прыжыццёва: чалавек-ардэнаносец і лаўрэат усіх магчымых узнагародаў. (Кажуць, адзін ну вельмі народны пісьменнік так зайздросціў Танкавым рэгаліям, што патрабаваў у кампетэнтных органаў супастастаўных лаўраў для сябе.) Ганаровы грамадзянін Мінска. Як той казаў, што яшчэ трэба чалавеку, каб сустрэць старасць?

Пісаць пачынаю ўсё горш я і горш – / Пара выбіраць акадэмікам”, – пажартаваў у вершы 47-гадовы Танк – і атрымаў у тым жа годзе прэмію Янкі Купалы, а праз 13 гадоў і сапраўды стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР. Дажартаваўся. Асцярожней з дэталямі. Д’ябал – ад чыйго імя Максім Танк, дарэчы, пару разоў пісаў вершы, – хаваецца менавіта ў дэталях. А ў паэтаў такога таленту нязначных дэталяў, выпадковых супадзенняў не бывае.

Здаецца, нічыю іншую лірыку школьныя літаратурныя падручнікі так выразна не падзяляюць на “давераснёўскую” і “паслявераснёўскую”. Ці варта пры гэтым удакладняць, што нарадзіўся паэт 17 верасня? У дзень і месяц “доўгачаканага аб’яднання” адной краіны і “цынічнага падзелу” іншай (непатрэбнае закрэсліць).

Так, напісаў паэт сумна-іранічны верш пра перайменаванні адной вуліцы (такія ідыёцкія, што сябры перастаюць слаць туды лісты, а закаханыя – прызначаць на ёй спатканні) і “нарваўся” на пасмяротны прэзент: перайменаванне вуліцы Танкавай… у вуліцу Танка.

Максім Танк. Сціплы герой

Напісаў кнігу “Прайсці праз вернасць” – і жылі яны з жонкай доўга і шчасліва, да той самай старасці, і памерлі ў адзін год, і пахаваныя разам, побач з роднай паэтавай Пількаўшчынай. Калі хто не ведае, жонка ў Танка была адна і звалі яе Любоў.

Малады Максім Танк

Малады Максім Танк

Дарэчы, пра старасць. Хтосьці казаў, што ўсё найлепшае паэт звычайна піша да 30-ці, а потым толькі самапаўтараецца. Не ўтрымаюся ад некалькіх цытатаў з “позняга” Танка. “Ты павіталася. / А я – усцешыўся, / Але хутка выпусціў з рук / Тваю далонь, / Не знайшоўшы на ёй / Сваёй / Дарогі жыцця”. (Гэта ў 66 гадоў.) “Было змрочна, / Ў Сусвеце, / Пакуль ты не паклала далоні / На мае вочы”. (Гэта ў 67.)  “Паглядзі, і сёння / Пераміргваюцца зоры, / Як некалі мы / Перад першым пацалункам. // Толькі, відаць, у іх / Больш цярпення і часу, як у нас, / Бо мы ўжо з табой / І ўнукаў дачакаліся, / А яны ўсё яшчэ пераміргваюцца”. (Гэта ў 69.) Так і ўяўляю сабе, як найлепшыя паэты-сучаснікі Танка, з тых рэдкіх, што здольныя радавацца за сяброў і калегаў, – радуюцца і зайздросцяць белай зайдрасцю. А хтосьці ледзь не вешаецца ад зайздрасці найчарнейшай. Бо: “Ідзе сляпец, асцярожна / Пастуквае кавінькай, / Быццам баючыся, / Каб на яго стук / Зямля не адказала: / “Калі ласка…” (Гэта ў 71.)  А яшчэ такое, у 76:

Павучае старая варона:

– Калі вада – з неба,

Людзі кажуць: дождж.

Калі з зямлі –

Фантан.

– Чаму? – спытала варанё.

– Сама не разумею,

Хоць век над гэтым

Думаю.

Дай Бог кожнаму паэту такую мудрасць, каб хапіла на такую самаіронію. Ці наадварот, няважна. А яшчэ такую порцыю здаровага інфантылізму, каб і ў сталасці ўспрымаць свет як дзіця. Любіць і здзіўляцца, рызыкаваць і не баяцца выглядаць смешным, бачыць цуд – і мець з кім гэтым шчасцем падзяліцца. Прайсці праз вернасць і заставацца закаханым. Карацей, радавацца, радаваць і ніколі не бранзавець. Нават калі ты стопудовы класік беларускай літаратуры і псеўданім твой – Танк.

 

Максім Танк

У дождж

 

Дрэнна стаяць пад дажджом

Пачынаючаму паэту,

Калі кожная кропля сячэ і сячэ.

 

Вядомы паэт мае шалік або парасон,

Выдатны – мае за што пайсці ў рэстаран,

Лаўрэат – у такі час, напэўна, спіць дома,

А класік – нічога не адчувае,

Бо ён – бронзавы.

1965

Андрэй Хадановіч