“А вы не боитесь, что с вами что-то случится?” Ён глядзіць на мяне вочкамі-пісталетамі скрозь фасонныя вузкія акуляры. Нібыта не жартуе. Нічога сабе пытаннечка ад чувака, якога бачыш другі раз у жыцці! Як ні адкажы, будзеш дурнем. А той чакае водгуку. Можа, ён з органаў? І ласкава папярэджвае, каб не выторкваўся. Ці, можа, хлопчык перабраў замежных трыпаў і страціў пачуццё разумнай дыстанцыі? А можа, усё лухта і ён папросту ладзіць — на свой капыл — свецкую беларускую размоўку? Пасадкі — наша тэма. Пра што трындзець, калі нікога не затрымалі? Гартаць менюшку на Зыбіцкай? Жэрці хот-догі ля “Дэпо”? Тут нармальна адчуваць ціск. Натуральна заставацца пад ціскам. А далей ужо як пашчасціць. І колькі дадуць.
Адно з першых свядомых уражанняў: фотка засмучанага бацькі на ганебнай дошцы ля ўваходу ў акадэмічны інстытут. Сядзіць, нос павесіў, набіты сур’ёзнымі паперкамі партфель трымае на каленях. Бацька — доктар фізматнавук — спазніўся на працу. Трэба было адвезці мяне ў садок. І ён не паспеў да дзявятай. Прыляцеў крыху пазней — акурат каб трапіць у аб’ектыў абаронцаў працоўнага раскладу. І вось вісіць сярод іншых небаракаў. Уляпаўся. Мой тата. Праз мяне. Больш у садок не пайду.
Страх быў заўсёды побач. Міналі эпохі, бадзёра мяняліся выявы правадыроў, луналі сцягі, крычалі аб чымсьці газеты — а страх заставаўся. Проста таму, што хтосьці лічыў нармальным а сёмай раніцы тэлефанаваць маці-пенсіянерцы з патрабаваннем, каб я тэрмінова здаў адбіткі пальцаў. Альбо востра хацеў даведацца, што канкрэтна мая жонка рабіла ў Славакіі. “Ты па тэлефоне шмат не размаўляй!” — спакойна раіць калега. Нібыта я ў чымсьці вінаваты. А можа, і праўда вінаваты — толькі сам пакуль не ў курсе?
Так нечакана трапляеш амаль у здраднікі. Працуеш на “не тое” радыё — цябе бачаць. Ідзеш не ў тую амбасаду ці не на тую сустрэчу — лаві чарговы званочак з ананімнага нумару. Адказаў — а там цішыня. Сапраўды, што тут дадаць? Амаль што нічога. Ведаем. Лічым. Жгі далей.
У пачатку нулявых бацька — памяркоўны грамадзянін — выйшаў на хвілінку ў краму. Вяртаецца збянтэжаны: “Там у краме АМАП. Так на мяне паглядзелі…” Гляджу — а ў яго ж замежны гарнітурчык спартовы — і на плячах тры палоскі. Белая. Чырвоная. І зноў белая. Чыста дызайнерская фішка. Без падтэксту. Але ж ты ім, запраграмаваным, патлумач! Добра, што не пабілі. Час быў такі. Валніцельны.
Іншым разам спускаюся ў метро. Побач сядае падпіты хлопец. Ён спартовы, я патлаты. Хоча размовы. “Что смотришь? Я таких, как ты, насмотрелся в 90-х. Стоим цепью со щитами и дубинками, а они прут по проспекту. Прямо на нас. Что делать? Страшно! До сих пор по ночам просыпаюсь…” Зразумела. Толькі я хваляваўся з іншага боку.
Вось такі эмацыйны сінхрон: нерв на нерв.
Нервы — гэта ўсё, што ў нас ёсць. Ну, яшчэ барбершопы, шэнген ды капучына. І страх, што штосьці з гэтага спісу раптам скончыцца.
Тут трэба заганяцца, каб адчуць сябе жывым. Бо іншых гульняў рашуча не бачна. Задуменная нібыта палітыка, запаволены як бы шопінг, умоўны арт, шумавыя амаль медыі… Дыскатэка Беларусь. Машына ментальнага ўгару ў адсутнасці якасных зрухаў.
Сістэма прадукуе скандалы і страхі, бо без іх яе ніхто не заўважыць. Збой праграмы патрэбны як доказ існавання праграмы. Знаёмы твар раптам знікае з экранаў — і пачынаецца глабальная істэрыка з пераходам у афіцыйныя абвяржэнні.
Спачатку прабел, потым — камбэк. Вытанчана. Элегантна. Ну чыста граф Монтэ-Крыста.
Можна і наадварот: спачатку пасадкі, потым — прабелы. Памятаю “сенсацыйны” матэрыял пра Плошчу-2010 у “Саўбелцы” з абяцаннем: “Працяг будзе”. І наўздагон — цішыня… А як гучна раскручвалася “справа “Белага легіёна”! І што? А нічога. Чарговы прабел. Цяпер зладзілі шоў вінаватых вакол інфармацыйнай стужкі БЕЛТА. Зноў без сэнсу і мэты. Пошукі нібыта сюжэтаў у аднастайным абы-што.
Невыпадкова тут руляць не ўмоўныя героі, а ўмоўныя ахвяры. Дыджэі айчыннага дэпрэсняку. Пакрыўджаныя і няшчасныя. Героі глабальнага аблому.
Зверху — стабільна напружаны твар галоўнакамандуючага ў замбаскрыні. Усё не так. Краіну нясе не туды. Вакол адно ідыёты ды прыстасаванцы. Няма на каго гаспадарку пакінуць.
Знізу — стабільна дэпрэсіўны лірычны герой галоўнага панка краіны, нябожчыка Кулінковіча. Пачэснае самаразбурэнне пасярод калгаснага шчасця. Шчыра падзяліцца сваёй бездапаможнасцю — таксама вынік.
Тут выжываюць аўтары траблаў. Генератары дысгармоніі.
Адэкватны сітуацыі артыст — рымлянін эпохі заняпаду. Дэпрэсіўны разумнік з дваровым слоўнікам, комай ілюзіяў і восенню ў сэрцы. Адэкватны палітык — здольны своечасова адшукаць зручныя (для сябе) праблемы і ператварыць іх у медыйнае шоу. Абодва жывуць ціхай згодай з наяўным. Таму што яны і ёсць наяўнае.
Яны крычаць, каб пазбавіцца страху. Але толькі мацней закручваюць свае адчай і адзіноту.
Перамог не існуе. Пераможцаў не бачна. Ёсць харэаграфія лузераў. Слайд-шоў закладнікаў сістэмы. У роднай прасторы, дзе кожны жыве ў пошуках алібі.
Нармальны рэжым: камфортна-трывожнае спажыванне страху.
Такая вось у нас радзіма. Такое няпростае шчасце.
Максім Жбанкоў
У якасці ілюстрацыі карціна Эдварда Мунка “Крык”