Рэгулярная калумністыка – рэч небяспечная. Бо прымушае пісаць не калі хочаш, а калі трэба. І кожны скончаны тэкст – не палёгка, а перспектыва. Перспектыва ў чарговы раз не атрымацца. Не даціснуць. Не дадумаць. Нармальны стан рэгулярнага аўтара – ціхі адчай з пераходам у актыўную стадыю вербальнага гону. Асяроддзе спрыяе. Хто сказаў, што вакол грамадства спектакля? Нам да яго як мінскаму ТЮГу да Cirque du Soleil. Няма спектакля. Ёсць заслона з рэшткаў чужога. Стоп-кадр даўжынёй у чвэрць стагоддзя. А мы, гіены пяра, адно разглядаем ягоныя фрагменты. Бо змена карцінкі не прадугледжаная адказнымі карыстальнікамі. Спачатку глядач яшчэ неяк варушыўся. Выклікаў рэжысёра. Патрабаваў грошы назад. Потым стаміўся. І знайшоў сваё шчасце ў рэгулярных медытацыях перад той заслонай. Беларускі дзэн торкае штодзень.
З чаго пачынаецца Радзіма? З карэкцыі зроку і слыху. Са здольнасці не бачыць праваслаўнага навабуду ў найбліжэйшым квартале. Не заўважаць купак шкалаты з чырвона-зялёнымі сцяжкамі. Не чуць ранішніх суседскіх алкаразборак пад тваім акном. Не заганяцца дурнымі даглядамі ў метро (аднойчы ледзь не затрымалі набытую у “Гіпа” індычыную нагу). Адключыць ТБ і аддаць тэлевізар цешчы. Прамінаць чарговы свежы прабел у старой забудове твайго Трактарнага чыста па-самурайску – з разуменнем перавагі ампутацыі над рэстаўрацыяй, агрэсіі пустэчы і непазбежнасці скону. Можа, тут і было інакш – але ніхто не скажа, калі. І ў які бок адкруціць жыццё, каб яно зноў падалося сапраўдным.
Глабальнае дэжавю. Тэмаў няма, бо тэмы ўсё тыя ж. Чвэрць стагоддзя вайны за мову. Юбілейная крытыка сталінізму. Тысяча першая апалогія нацыяналізму. Бліскучая справаздача за мінулую пяцігодку. З анархістаў узялі тлумачэнні і адбіткі пальцаў. Пераможца атрымаў карову.
Яшчэ “Еўравізія”. І Нобель. Чарговы Вольскі. Чарговы Марціновіч. Чарговы Курэйчык. Зноў пра Еўропу. Зноў пра Расію. Зноў пра галоўнага. Латэ і БАТЭ. Ганна Бонд зноў зрабіла гэта. Мы ў труне, затое ў вышыванках.
Сэнсы круцяцца, як запіленая плытка. Аўтар падскоквае на месцы, мелодыя не склалася, бо яе трэба весці далей – а куды тут пасунешся ў нашым шапіто? Колькасць месцаў абмежаваная. Колькасць думак – тым болей. Хочаш прасторы? Палі ў фортку.
Чакаеш рэзанансаў? Зноў жа не факт. Калі ты не Павел Ізотавіч, які правёў конкурс праектаў курапацкага мемарыяла і сабраў на яго добрую жменю народных даляраў. І, дарэчы, не відавочна, што там першаснае: азарт публіцыста ці асабістыя кантакты. Іншым так не шчасціць. Публічнае мысленне сёння нібыта тэніс “у сценачку”: сам б’еш, сам адбіваеш. А сценачцы ўсё адно. Ёй не баліць. Аўтар, пішы ішчо пра Курапаты.
У раскладзе нашае стабільнасці пошук новых тэм выглядае у прынцыпе сумнеўна. Па-першае, высвятляецца, што добра і без іх. Бо можна спакойна зрабіць сабе імя і палепшыць дабрабыт без дадатковых высілкаў – проста праз рэгулярную агучку аднойчы знойдзенай мантры. Па-другое, новыя тэмы патрабуюць новага зроку – і новых аўтараў. А што рабіць са старымі? Выглядае, што прасцей прыстрэліць. Ці хай сабе вяшчаюць – на нашай мапе іх няма.
У выніку маем не канкурэнцыю медыяў, а вайну генерацыяў – суіснаванне канфліктных версіяў беларускасці (часам у межах аднаго выдання). Варыянты змястоўнай зачысткі з амаль несумяшчальным тэматычным полем. Большасць прыватных медыяў – не пра тое, як заваліць сістэму. Яна пра тое, як па-рознаму можна яе не заўважаць.
Карэкцыя свядомасці робіць навакольны ландшафт больш зручным, а прамову – больш прадказальнай. Спачатку рэдагуем рэчаіснасць, потым – слоўнік. Здаецца, сёння ўжо не трэ чытаць тэкстаў. Дзеля эфекту хапае прозвішча аўтара. Напрыклад, “Дубавец!”, “Квяткоўскі!”, “Мацкевіч!”. Ці “Жбанкоў!” І кропка. І досыць. Бо загадзя ведаеш пазіцыю, аргументацыю, высновы і фотачку ў тэму.
Агенты сэнсаў зрабіліся сэнсэямі стылю. Было мысленне – стаўся нэймінг.
У аднастайнай медыяпрасторы паснулага грамадства колішнія разборы палётаў сыходзяць у прыват-танцы і сігналы асабістай прысутнасці. Гэта не драма. Гэта нармальна. Магчыма, адзіны шлях праз айчынную багну. Шанец захавацца як аўтару і захаваць свайго чытача. Падыходзь бліжэй. Глядзі, як я магу.
Зрэшты, “няма тэмы” – гэта яшчэ й аб тым, што лічыць тэмай. Ці то аб тым, што ўсё даўно падзеленае: каму “Дажынкі”, каму Вольскі, каму трэвел-экстрым, каму бухло на Зыбіцкай.
Магчымыя выключэнні – але толькі як разавы дайвінг у іншае вымярэнне. “Вось яно як! Прышпільна!”. І зноў да сваіх.
Пакуль усё выглядае паліфаніяй стагнацыённых дыскурсаў: райтары распаўзліся па працоўных нішах і ўключылі рыплэй.
Хуткі чэк-ін. Камфортны чэк-аўт. Дзякуй, што без рэшты. Прыходзьце зноў.
А што тэма? Да якая там тэма! Торкнула – і добра.
Максім Жбанкоў
Фота Ігара Саўчанкі