20 і 21 студзеня ў Веткаўскай раённай бібліятэцы адбыліся літаратурныя сустрэчы “Маленне пад зорным небам”, удзельнікамі якіх былі вучні асобных сярэдніх і старэйшых класаў САШ № 1 імя А.А. Грамыкі г. Веткі і Гімназіі г. Веткі.
22 студзеня ў аддзеле абслугоўвання вучняў 1-5 класаў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна адбылася прэзентацыя выдання Саюза беларускіх пісьменнікаў — альманаха “Палац” (№2, 2014). Удзел у ёй бралі маленькія наведвальнікі бібліятэкі.
Жыхары Веткі, гэтак жа, як і ўдзельнікі літаратурных сустрэч, з 9 снежня мінулага года па 26 студзеня 2015 года мелі магчымасць наведаць выстаўку жывапісу сп. Алеся Цыркунова, сябра Беларускага Саюза мастакоў. Выстаўка была наладжана ў Веткаўскай раённай бібліятэцы супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, бібліятэкарамі.
На выставе экспанаваліся карціны сп. Алеся Цыркунова — партрэты беларускіх жанчын-паэтаў: “Алаіза Пашкевіч (Цётка)” (2012 г.), “Ларыса Геніюш” (2013 г.), “Данута Бічэль” (2014 г.), трыпціх “Заступніца Беларусі Еўфрасіння Полацкая” (2014 г.), а таксама — “Мастак Б. Звінагродскі” (1977 г.), “Засмучоная” (1977 г.).
Карціна “Данута Бічэль” экспанавалася ўпершыню ў Беларусі — менавіта падчас гэтай выстаўкі.
Алесь Цыркуноў. “Веткаўчанін”, 1975 г.
Літаратурныя сустрэчы “Маленне пад зорным небам” сталіся цудоўнай нагодай паразмаўляць аб сучасным беларускім жывапісе, аб лёсе вышэйзгаданых жанчын-паэтаў, аб працы мастака і паэта над стварэннем тэкстаў культуры, аб нацыянальных беларускіх сімвалах ды многім іншым.
Ці не ў кожнага беларускага паэта ёсць верш, назва якога — “Малітва” (або “Мая малітва”, крыху інш.). Вершы з такімі назвамі ёсць у Алаізы Пашкевіч, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль. “Малітвай пад зорным небам” назваў шчаслівыя імгненні свайго жыцця сп. Алесь Цыркуноў, калі ствараў карціну “Веткаўчанін” — партрэт Фёдара Шклярава: “Штодня, па 15-17 гадзін напружанага творчага працэсу, ад раніцы да змяркання, а там — купанне ў Сожы, быццам маленне пад зорным небам… неверагодна, нібы ў казцы, куды там той Кіпр ці Егіпет!”
Другі выпуск літаратурнага альманаха “Палац” багаты на раздзелы. У раздзеле “Пішам для дзяцей” прадстаўлены вершы Уладзіміра Бабкова, Генадзя Лапаціна, Івана Кірэйчыка. У раздзеле “Абрады і традыцыі” размешчана эсэ “Адбітак раю” Ларысы Раманавай, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, вядучага навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея. Паводле тэксту, адбітак раю — матэрыя, мацярык, Радзіма-Маці — рэальны і ўяўны, які даецца кожнаму чалавеку пры яго нараджэнні.
Літаратурныя сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, лепшыя ўдзельнікі віктарын атрымалі падарункі ад кампаніі.